У Магілёве шукаюць прытулак для сабак памерлага інваліда-пікетоўца і актывіста БНФ

У Магілёве шукаюць прытулак для двух сабак, гаспадар якіх у 2008 годзе пікетам ля гарвыканкаму дамогся для сябе сацыяльнага жытла. А 1 лістапада 73-гадовы інвалід-вазочнік, шматгадовы сябар БНФ Уладзімер Вусікаў памёр.

Пра пакручасты лёс Уладзімера Вусікава Свабода даведалася 10 гадоў таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інваліда пакаралі за пікет на 70 тысяч рублёў

2 верасьня 2008 году пасьля бясплённай перапіскі з сацыяльнымі службамі, у якой даводзіў сваё права на аднаўленьне ў чарзе на сацыяльнае жытло, ён зладзіў пікет ля Магілёўскага гарвыканкаму. За несанкцыянаваны пратэст быў пакараны штрафам у 70 тысяч рублёў (33 даляры), але праз тры месяцы яму далі пакой у Доме вэтэранаў. У ім пражыў больш за дзевяць гадоў.

Уладзімер Вусікаў

Новых гаспадароў для сабак Уладзімера Аляксеевіча амаль месяц шукаюць праз расклееныя на вуліцах абвесткі ягоныя суседзі па Доме вэтэранаў.

Хто такі Ўладзімер Вусікаў

  • У 1989 годзе далучыўся да Беларускага Народнага Фронту. На ягонай кватэры друкавалі фронтаўскія ўлёткі. Разам з паплечнікамі заснаваў каапэратыў «Прэса», які распаўсюджваў апазыцыйныя выданьні. Быў даўнім слухачом Радыё Свабода. Продажам пэрыёдыкі зарабляў на жыцьцё, пакуль не абвастрыліся хваробы.
  • У 1987 годзе яму імплянтавалі штучны мітральны кляпан сэрца. У 2000-м парушэньне кровазвароту прывяло да ампутацыі спачатку адной нагі, а праз два гады — другой. Хварэў на цукровы дыябэт. Да інваліднасьці дваццаць два гады адрабіў электрамантажнікам.
  • З чаргі на сацыяльнае жытло яго зьнялі, бо меў пэнсію аж 370 тысяч рублёў, якая перавышала тагачасны пражытковы мінімум — 224 тысячы.
  • Раней жыў на восьмым паверсе ў двухпакаёвай кватэры з двума дарослымі сынамі, унукам і жонкай, зь якой быў у разводзе. Пад’езд дома ня быў прыстасаваны для інваліда-вазочніка. Каб выйсьці на двор, сам змайстраваў адкідны драўляны пандус.
  • У 2017-м пагрозай галадоўкі дамогся замены выдзеленага бракаванага інваліднага вазка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве бязногі інвалід пагрозай галадоўкі дамогся новага вазка

Пікет Уладзімера Вусікава ля Магілёўскага гарвыканкаму

Заўзятая любоў да жывёлаў...

У Дом вэтэранаў Уладзімер Вусікаў засяліўся з сабакам. Былая жонка нябожчыка Валянціна Мікалаеўна кажа: той заўзята любіў жывёлаў. За 16 гадоў сумеснага жыцьця ў іхным доме не пераводзіліся каты і сабакі. Фатаздымак ягонай улюбёнкі — рызэншнаўцэра Джэры — захоўваў да сьмерці ў сваім партманэце.

«Нехта носіць пры сабе фатаздымкі дзяцей, унукаў ці каханых жанчын, а ён сваёй Джэры, якая памерла дзевяць гадоў таму, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — На вешалцы захоўваў яе павадок і наморднік. Такая да яе была любоў».

Апошнія два сабакі, для якіх шукаюць цяпер прытулку, Уладзімер Аляксеевіч падабраў на вуліцы. Дварняка Кляксу яму аддалі на аўтастаянцы, а карлікавага пінчэра Кліпа выкінулі, і ён забраў яго да сябе. Сабакі маюць рэгістрацыйныя пасьведчаньні.

Сабакі Ўладзімера Вусікава: Кліп (на пярэднім пляне), Клякса (на далёкім пляне)

Кліпа гатовая забраць сабе Валянціна Мікалаеўна, а што рабіць з Кляксай, яна ня ведае. У двухпакаёвай кватэры жанчыны, акрамя двух дарослых сыноў, жывуць яшчэ дзьве кошкі. На двор яны не выходзяць.

Што будзе з Кляксай...

Суседзі Ўладзімера Аляксеевіча ў абвестках адзначылі: Клякса «разумная, адданая, прывучаная для жыцьця ў кватэры, любіць дзяцей і стане добрым сябрам для адзінокага чалавека».

Уладзімер Аляксеевіч ня быў адзінокім чалавекам, кажа ягоная суседка па Доме вэтэранаў Тацяна. Да яго прыходзілі ўнукі, сыны і былая жонка, аднак, заўважае яна, сабакі мелі для яго асаблівае значэньне. Ён успрымаў іх як сваіх кампаньёнаў ды лічыў стымулам для жыцьця. Яны прымушалі яго варушыцца.

Абвестка суседзяў Уладзімера Вусікава пра пошук прытулку для Кляксы

«Ён клапаціўся пра іх так, што наўрад ці яны былі пакрыўджаныя на яго»,— адзначае Тацяна.

Яна пасябравала з Уладзімерам Аляксеевічам, бо таксама мела сабаку. Ён падказваў ёй, як лепей абыходзіцца з гадаванцам. Даваў адпаведную літаратуру. Кансультаваў у пытаньні сужыцьця з жывёламі і іншых суседзяў.

Апошнія свае дні ён хварэў. Жывёлаў глядзеў сын, які 1 лістапада і знайшоў бацьку нежывым.