Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве бязногі інвалід пагрозай галадоўкі дамогся новага вазка


Уладзімер Вусікаў
Уладзімер Вусікаў

72-гадовы бязногі інвалід з Магілёва Ўладзімер Вусікаў, пагражаючы пачаць галадоўку, дамогся новага вазка.

Свой намер інвалід зьбіраўся ажыцьцявіць ля гарвыканкаму. У 2008 годзе Вусікаў ужо пратэставаў пад будынкам гарадзкой улады і дамогся выдзяленьня пакою ў Доме вэтэранаў.

Пагроза галадоўкі напалохала чыноўнікаў

Гэтым разам пасьля заявы Вусікава праблеме, якая не вырашалася на працягу чатырох месяцаў, чыноўнікі далі рады за дваццаць дзён. Магілёўскі гарвыканкам паабяцаў інваліду, што вазок прывязуць яму дамоў, што і адбылося.

Уладзімеру Аляксеевічу транспартны сродак даставілі 31 жніўня. Свабоду ён папрасіў адразу не паведамляць пра навіну, каб спачатку праверыць вазок. Ад’езьдзіўшы амаль два тыдні, праблемаў зь ім ён ня выявіў.

На думку інвалід, заява пра галадоўку чыноўнікаў напалохала. Яны зразумелі, кажа ён, што ў пагрозе няма блефу, таму не захацелі, каб пратэст з шырокім грамадзкім розгаласам адбыўся.

«Сьвет мог пабачыць, што інвалід у Беларусі галадае з простай прычыны — адсутнасьці электравазка. Мае патрабаваньні ж былі законнымі», — адзначае Вусікаў.

У кожнага інваліда ёсьць крыўда на ўладу

«Акрамя таго, — працягвае ён, — чыноўнікі ўбачылі пагрозу, што мой прыклад могуць пераняць іншыя інваліды, якіх пакрыўдзілі. Упэўнены, што ў кожнага інваліда ёсьць крыўда на чыноўніка. Таму кожны зь іх можа наважыцца на такія радыкальныя захады. Нас жа, інвалідаў, паставілі ў такую сытуацыю, што ўсе мусяць быць аднолькавымі. Што даюць, тое і бяры. Спраўнае гэта ці не — пытаньне другаснае».

Паводле Ўладзімера Аляксеевіча, адстойваць свае правы інваліду ў Беларусі няпроста.

«Чыноўнікі разбалянсаваныя, — тлумачыць ён. — Нічога добрага ад іх чакаць не выпадае. Мне мянялі вазок на працягу чатырох месяцаў. Далі тры вазкі, і ўсе былі бракаваныя. Пра гэты кажуць, што ён нібыта новы, але, як па мне, то ён старой мадэлі. Такія вазкі ўжо не выпускаюць. Урэшце, мяне ён задавальняе. Праблемаў зь ім пакуль не было».

Без вазка інваліду не пражыць

«Інваліду без вазка, асабліва такому, як я, не пражыць, — адзначае Вусікаў. — Вазок — гэта мае ногі. На ім я ежджу ў паліклініку, у краму, дзе ёсьць выбар прадуктаў. У нашым буфэце яго няма».

Са словаў інваліда, 25 красавіка ягоны вазок, на якім ён ад’езьдзіў сем гадоў, зламаўся. Супрацоўнікі цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва сказалі яму, што возьмуцца за рамонт, але за грошы ўладальніка. Вусікаў пагадзіўся, але пазьней даведаўся, што рамонт немэтазгодны. Інвалід сьцьвярджае, што яму паабяцалі даць новы вазок.

28 жніўня Вусікаў зьбіраўся ехаць да гарвыканкаму, каб ля яго пачаць галадоўку. Напярэдадні атрымаў ліст, што новы яму вазок даставяць дамоў 31 жніўня.

У 2008 годзе за пікетаваньне гарвыканкаму Вусікава пакаралі штрафам памерам дзьве мінімальныя велічыні.

Вусікаў інвалід першай групы. Праз хваробу сэрца ў 1987 годзе яму ампутавалі ногі. Калі круціць вазок рукамі, то яго бяруць задухі. Ён хворы на цукроўніцу. Жыве ў Доме вэтэранаў. У пакоі разам з інвалідам жывуць два сабакі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG