Вайсковая акадэмія Беларусі абвясьціла тэндэр на арганізацыю харчаваньня для 10 замежных курсантаў у 2019 годзе.
Агульная сума тэндэру — 73 000 рублёў.
Калі падзяліць на 365 дзён выходзіць 20 рублёў на дзень.
Якое мэню ў курсантаў-замежнікаў?
Замежныя курсанту харчуюцца ў асобнай залі, — распавялі Euroradio.fm у сталовай № 9 Вайсковай акадэміі. На харчаваньне выдаткоўваюць фіксаваную суму на дзень.
Мэню замежных курсантаў залежыць ад іх пажаданьняў. Напрыклад, вэнэсуэльцы больш любяць курыцу, кажуць у сталоўцы. Замежны курсант можа зьмяніць нешта ў мэню.
Мэню замежных курсантаў на 20 лістапада
Сьняданак: філе курынае з ананасам, рыс з гароднінай, ёгурт, малако, кава, банан.
Абед: салаты з маянэзам, каўбасой крабавымі палачкамі і курыцай.
Вячэра: філе курынае, кумпячкі, смажаная курыца, філе ў сыры, філе з памідорам, птушка па-гішпанску.
Харчаваньне салдата – каля 6 рублёў
Міністэрства абароны Беларусі 1 лістапада абвясьціла тэндэр на арганізацыю харчаваньня асабістага складу вайсковых частак у 2019 годзе.
Агульная сума тэндэру – 45 мільёнаў рублёў.
Бюджэт для кожнай з абласьцей асобны ў адпаведнасьці з колькасьцю вайскоўцаў.
Паводле падлікаў, на харчаваньне аднаго чалавека ў дзень вайсковыя часткі будуць выдаткоўваць 5,48-7,31 рубля.
Абед вязьня — 1 даляр
Як пісала Свабода, на трохразовае харчаваньне вязьняў СІЗА КДБ у Брэсцкай вобласьці трацяць 12 тысяч даляраў за год (12,5 тысячы порцый). Гэта вынікае з тэндэра, разьмешчанага на сайце дзяржзакупак.
Атрымліваецца, адна порцыя каштуе адзін даляр. Тры гады таму ў тым жа СІЗА трацілі 0,6 даляра на вязьня.