Аўтар скульптурнай групы «Менскі гарадавы» Аляксандар Дранец сказаў карэспандэнту Свабоды, што ён ня супраць, каб да гарадавога датыкаліся.
«Божа мой, датыкайцеся, абы вандалізму не было. Як я магу інакш думаць?» — сказаў Аляксандар Дранец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя забараніла дзяўчатам цалаваць скульптуру царскага гарадавога ў Менску. ФОТА і ВІДЭАЁн ня стаў камэнтаваць відэа Міністэрства ўнутраных спраў, на якім гімназіст даў поўху скульптуры.
«Я прыняў такое рашэньне: на старонках «Советской Белоруссии» ў бліжэйшы час дам самую разгорнутую інфармацыю па гэтым пытаньні, як я яго разумею», — сказаў скульптар.
Ці лічыць ён вандалізмам поўху скульптуры або накідваньне на яе пятлі ці шаліка?
«Я не сачу за такімі нюансамі і падзеямі», — сказаў скульптар.
Аляксандар Дранец спаслаўся на тое, што ня мае часу, каб размаўляць. Усё ж ён адзначыў, што «Менскі гарадавы» — гэта ня помнік, а станковая гарадзкая скульптура. Ён сказаў, што не атрымліваў ганарару за сваю працу і што быў праведзены конкурс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлетак, які падняў руку на гарадавога, выконваў ленінскі запавет«Гэта мой падарунак музэю гісторыі міліцыі. Гэта частка экспазыцыі музэю. І яна ахоўваецца, як любая экспазыцыя».
Чаму абраны такі вобраз — гарадавы з сабакам?
«Тут трэба даваць разгорнуты адказ. Я не хачу так даваць інфармацыю адносна любой сваёй працы. А з павагай і да гледача, і да слухача, да нашых грамадзянаў і, урэшце, да маіх сяброў. Дзякуй за ўвагу», — сказаў Аляксандар Дранец.
Аляксандар Дранец уваходзіць у склад грамадзкай рады пры Міністэрстве ўнутраных спраў з 2013 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца знайшоў два парушэньні закону ў справе пра поўху гарадавому. Але з боку міліцыіАўтар помніка Скарыну
Як гаворыцца на сайце МУС, Аляксандар Дранец — аўтар помніка Францыску Скарыну ў Менску, памятнай дошкі Скарыну на Нацыянальнай бібліятэцы ў Празе, мэмарыяльнай дошкі з назвамі выселеных чарнобыльскіх вёсак для прыходу менскага храма Абраза Божай Маці Ўсіх Тужлівых Радасьці, помніка заснавальніку Давыд-Гарадка князю Давіду. За апошнюю працу ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.
Для МУС ён яшчэ зрабіў барэльеф наркама ўнутраных спраў БССР Сяргея Бельчанкі на будынку міністэрства, памятны камень перад музэем МУС, памятны знак супрацоўнікам, якія загінулі пры выкананьні службовага доўгу, насупраць Магілёўскага УУС.
Таксама Дранец разам зь іншымі працаваў над праектам мастацкага афармленьня новага музэю Вялікай Айчыннай вайны. Гарэльефы прысьвечаныя 132-му канвойнаму батальёну войскаў НКВД і батальёну міліцыі капітана Ўладзімірава. Сярод узнагарод скульптара — ордэн сьвяціцеля Кірылы Тураўскага II ступені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя ў Беларусі якраз і пачыналася з разгону гарадавых