Ад Герадота да Рэспублікі Беларусь. Завершаная праца над «Вялікім гістарычным атлясам»

Праца над унікальным чатырохтамовым выданьнем доўжылася больш за 10 гадоў.

Выйшаў у сьвет заключны том «Вялікага гістарычнага атляса Беларусі». Фінансаваньня зь дзяржбюджэту не было, рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія» зрабіла ўсё за ўласныя сродкі, — сказаў Свабодзе дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага цэнтру электроннай дакумэнтацыі Вячаслаў Насевіч.

Паводле ягоных слоў, упершыню ў адзіным фармаце былі створаныя мапы, якія адлюстроўваюць усе гістарычныя падзеі, якія адбываліся на беларускіх землях, пачынаючы ад часоў Герадота і да сёньняшніх дзён.

Гісторыя стварэньня атляса

У 2002 годзе выйшаў аднатамовы «Нацыянальны атляс Беларусі», у канцы якога быў асобны разьдзел, прысьвечаны гістарычным мапам. Паводле Вячаслава Насевіча, тады і зьявілася ідэя разгарнуць гэтую тэму і стварыць асобнае грунтоўнае выданьне, прысьвечанае нацыянальным гістарычным мапам.

Першы том «Вялікага гістарычнага атляса Беларусі» выйшаў у 2009 годзе, ён ахоплівае пэрыяд ад старажытнасьці да сярэдзіны ХVI стагодзьдзя.

Другі том выйшаў у 2013 годзе (пэрыяд ад Люблінскай уніі 1569 году да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе).

Трэці том выйшаў у 2016 годзе (пэрыяд, калі беларускія землі былі ў складзе Расейскай імпэрыі — ад 1772 да лютага 1917 году).

Апошні, чацьвёрты, том ахапіў падзеі ад Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году да апошняга часу. У ім паказаны шлях станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці ў ХХ стагодзьдзі: стварэньне БНР і БССР, падзеі польска-савецкай і Другой усясьветнай вайны, абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

У чацьвёртым томе таксама прадстаўленая арыгінальная Генэральная мапа «Беларусь у сярэдзіне ХХ — пачатку XХІ стагодзьдзяў».

Мапа Рэчы Паспалітай і ВКЛ

Моўныя і тэрытарыяльныя спрэчкі

«Праца была надзвычай складаная. Па-першае, трэба было стварыць арыгіналы ўсіх мапаў. Некаторыя рабіліся літаральна з нуля. Стваралі іх розныя навукоўцы: да археалягічных былі свае патрабаваньні, да гістарычных — свае. Вельмі складана было надаць усяму гэтаму канчатковую форму, бо некаторыя мапы, якія прыносілі гісторыкі, былі намаляваныя ад рукі, альбо аўтары паўзверх рэпрадукцый адных мапаў уносілі свае зьмены. І ўжо супрацоўнікі „Белкартаграфіі“ даводзілі ўсё да ладу», — кажа Вячаслаў Насевіч.

Шмат было і моўных праблемаў — да прыкладу, як выбраць формы назваў населеных пунктаў для пэўнага пэрыяду.

«Бо былі спачатку старажытнарускія, потым старабеларускія, польскія, расейскія назвы. Таму вяліся вострыя дыскусіі ледзьве не па кожнай назьве, які ж варыянт абраць.

Спрэчак наагул было шмат вакол назваў і населеных пунктаў, і дзяржаваў. Прыйшлі да такога кансэнсусу: у пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку і тады, калі дамінавала польская мова, а існавала і старабеларуская, назвы ўсе даваць па-старабеларуску. Для пэрыяду Расейскай імпэрыі (трэці том) — даваць у адпаведнасьці з нормамі расейскай мовы. З сучаснымі назвамі таксама ёсьць складанасьці, бо ёсьць назвы афіцыйныя, унесеныя ў рэестар адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а ёсьць тыя, якія рэкамэндуюць лінгвісты, і там таксама ёсьць адрозьненьні. Бадай, самыя складаныя спрэчкі былі пра тое, як што назваць», — кажа Вячаслаў Насевіч.

Паводле ягоных слоў, дыскутавалі і па зьмесьце — напрыклад, спрачаліся, наколькі падрабязна ў межах ВКЛ трэба паказваць тэрыторыю па-за межамі сучаснай Беларусі.

«Нават былі такія меркаваньні: калі мы пакажам падрабязна Падляшша ці Віленскі край, ці ня будзе гэта выглядаць як тэрытарыяльныя прэтэнзіі Беларусі да іншых краін? І гэта даводзілася пераадолець, прыходзіць да кансэнсусу. Урэшце мы стараліся паказаць усё, што тычылася беларускай гісторыі і гісторыі прылеглых тэрыторый».

Атляс выкананы па-беларуску. У канцы кожнага тома ёсьць рэзюмэ на шасьці мовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калінін падпісваў расстрэльныя сьпісы беларусаў. Цяпер яму помнік, плошча, вуліца і завулак у Менску