Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пілі разам віно, а потым адзін у аднаго стралялі». Беларускі бізнэсовец аднаўляе месца баёў Першай сусьветнай


Ігар Паўлаў
Ігар Паўлаў

Прадпрымальнік Ігар Паўлаў ужо чатыры гады аднаўляе месцы баёў Першай сусьветнай у ваколіцах Смаргоні. У гэтым рэгіёне захаваліся дзясяткі бэтонных умацаваньняў войскаў кайзэраўскай Нямеччыны, якія Ігар расчышчае ад сьмецьця і паказвае турыстам.

Найцяжэйшае супрацьстаяньне дзьвюх армій працягвалася тут 810 дзён, за што кайзэраўскія салдаты назвалі гэтыя месцы «рускім Вэрдэнам».

Аднаўляць ваенную гісторыю прадпрымальнік пачаў у 2010 годзе, калі заняўся дасьледаваньнем сямейнага дрэва, «каб зразумець, хто я, хто мае продкі, як яны жылі».

«Я дайшоў да свайго прадзеда, Лаўрыновіча Язэпа Францавіча. Хоць ён ураджэнец Астравецкага раёна, але ваяваў у народным апалчэньні менавіта тут, у Смаргоні, менавіта на гэтым участку», — распавядае прадпрымальнік.

За чатыры гады Ігар разам з валянтэрамі за свае грошы аднавіў траншэі, зь якіх салдаты рускай імпэратарскай арміі ўпершыню ўжылі хімічную зброю, а таксама правялі дывэрсійную апэрацыю. 3 ліпеня 1916 гады рускія сапёры завяршылі будаўніцтва падземных тунэляў, якое доўжылася месяц. У тунэлі яны склалі два вагоны выбухоўкі і падарвалі нямецкія пазыцыі.

Адзіным напамінам пра тыя падзеі праз 100 гадоў застаецца велізарная варонка, якая да нядаўняга часу была завалена сьмецьцем.

«Сёньня даглядаем за гэтымі дотамі толькі мы, — распавядае Ігар Паўлаў. — Дзякуй богу, што мясцовыя жыхары шануюць нашу працу і ставяцца да яе з павагай».

Разам з аднадумцамі яны навялі парадак, а таксама ўсталявалі ў памяць аб загінулых тут кайзэраўскіх салдатах лютэранскі крыж, а на рускіх пазыцыях — праваслаўны.

«Мы ведаем, што былі неаднаразовыя факты прымірэньня рускіх і нямецкіх салдат, калі яны пілі віно ці піва, абмяркоўвалі жанчын і свой побыт, а потым разыходзіліся па акопах і пачыналі адзін аднаго страляць», — распавядае Ігар Паўлаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG