Аднаўленьне шлягбаўму Лукашэнкі-Чарнамырдзіна

Беларуска-расейская мяжа

У далёкім 1996 годзе прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і тагачасны прэм’ер Расеі Віктар Чарнамырдзін урачыста прыбралі шлягбаўм на мяжы дзьвюх краін. Шлягбаўм, што праўда, быў бутафорскі, але значэньня жэсту гэта ня зьменшыла. Мяжа адкрытая, мяжы больш няма.

На гэтым тыдні пераемнік Чарнамырдзіна, кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў, абвясьціў, што Расея пабудуе паўнавартасны памежны пераход на мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю.

Рашэньне таксама знакавае і поўнае важных сэнсаў. Час таму ж Лукашэнку і Мядзьведзеву адправіцца на мяжу і гэтак жа ўрачыста паставіць шлагбаўм на месца.

Між тым рашэньне, агучанае Мядзьведзевым — цалкам разумная і своечасовая мера, калі параўноўваць яго зь бягучай сытуацыяй на мяжы. Таму што бягучая сытуацыя — гэта наогул вяршыня абсурду, прычым яна такая як для адэптаў «рускага сьвету», гэтак і для тых, хто ненавідзіць Расею.

У лютым мінулага году ФСБ РФ прыняла рашэньне аб аднаўленьні на мяжы з Беларусьсю памежнай зоны. Расейскі бок тлумачыў гэта аднабаковым рашэньнем Беларусі дазволіць грамадзянам больш чым 80 краін бязьвізавы ўезд у Беларусь на 5 дзён праз аэрапорт «Мінск-2». Маўляў, Беларусь адступіла ад адзінай палітыкі, Расея адказала.

Што ж атрымалася ў выніку? Была адноўленая памежная зона, але не паўнавартасная мяжа. І ўсталяваўся надзвычай арыгінальны рэжым пропуску. Праз гэтую «недамяжу» (ці «перамяжу») сталі прапускаць у РФ толькі грамадзян Беларусі. Грамадзянам краін, зь якімі ў Расеі бязьвізавы рэжым (напрыклад, украінцам або казахстанцам), а таксама грамадзянам іншых краін, якім для ўезду ў РФ патрэбная віза, гаварылася адно і тое ж — едзьце празь Літву, праз Украіну, праз што хочаце, толькі ня тут, празь Беларусь вы ў Расею не ўедзеце.

Гэта значыць мяжа для грамадзян трэціх краін мяжа стала «на замку» у самым літаральным сэнсе.

Абсурднасьць сытуацыі ўзмацнялася і тым чыньнікам, што абвешчаная прычына ніяк не адпавядала адказу.

Якой была сытуацыя да ўвядзеньня беларускага пяцідзённага «бязьвізу»? Скажам, грамадзянін Нямеччыны афармляў беларускую візу, уяжджаў у Беларусь, а зь яе ехаў бесперашкодна хоць да Ўладзівастоку, не сустракаючыся са шлягбаўмам, прыбраным Лукашэнкам і Чарнамырдзіным яшчэ ў 1996 годзе. Калі б немца ў Расеі выпадкова затрымаў расейскі паліцыянт, праверыў дакумэнты, высьветліў, што расейскай візы ў яго няма — у госьця былі б праблемы. Але адмыслова наяўнасьць расейскай візы ў яго не правяраў ніхто і нідзе.

Ну і якую такую жудасную пагрозу бясьпецы Расеі ствараў беларускі «бязьвіз» праз «Мінск-2», што на яго ўвогуле трэба было неяк адказваць? Калі б парадак перасячэньня беларуска-расейскай мяжы заставаўся такім жа, як і да лютага 2017 году, то наш немец, заехаўшы ў Беларусь па «бязьвізу», тэарэтычна мог бесперашкодна ехаць у Расею.

А ў чым розьніца з пункту гледжаньня бясьпекі расейскай дзяржавы? У наяўнасьці або адсутнасьці ў нашага ўмоўнага пэрсанажу беларускай візы. А якая справа Расеі да гэтага? Яе па ідэі павінна турбаваць толькі наяўнасьць у вандроўніка расейскай візы, права перасекчы расейскую мяжу. 21 год — з 1996 да 2017 года — Расею гэта не турбавала.

Чаму ж раптам занепакоіла? Ёсьць абгрунтаваныя здагадкі, што не праз беларускі «бязьвіз». Рэч у тым, што сьпіс неўязных у Расею ў разы большы, чым у Беларусі. І ня толькі і нават ня столькі за кошт вядомых міжнародных тэрарыстаў, зьвестак пра якіх у ФСБ і праўда больш, чым у беларускага КДБ. А за кошт асоб, якія сталі непажаданымі ў Расеі па прычыне міжнародных канфліктаў, у якіх Расея ўдзельнічае, а Беларусь — не.

Скандалы апошніх гадоў, зьвязаныя з перасячэньнем мяжы, былі выкліканыя гэтай акалічнасьцю. Можна прыгадаць самыя гучныя — з украінскім паэтам Сяргеем Жаданом, і ўкраінскай перамоўніцай, удзельніцай Менскага працэсу, дэпутаткай Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірынай Герашчанкай. Іх не пускалі ў Беларусь. А потым ўпусьцілі. Чаму не ўпускалі? Якую пагрозу яны несьлі Беларусі, чым былі ёй непажаданыя? Нічым.

Яны былі непажаданыя Расеі. За іх ролю ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіне Расея іх трактуе амаль як тэрарыстаў (ці нават і без амаль).

Ну а чаму потым усё ж пусьцілі? Таму што беларускія ўлады прынялі палітычнае рашэньне. Як растлумачылі ў МУС, дзейныя дамовы паміж РБ і РФ дазваляюць Беларусі прымаць такія рашэньні, фактычна ігнаруючы сьпіс непажаданых асоб, складзены ў Расеі. Там яны непажаданыя, а ў Беларусі — пажаданыя. Ці, прынамсі, дапушчальныя. Так бывае.

Сытуацыі з Жаданом і Герашчанкай асабліва павучальныя тым, што ім, як грамадзянам Украіны, наогул не патрэбныя візы ні ў Беларусь, ні ў Расею. Для іх «бязьвіз» у Беларусь дзейнічае аўтаматычна.

Аднак ёсьць і іншыя краіны. Скажам, захоча прыехаць у Беларусь нейкі амэрыканскі сэнатар, які ініцыяваў санкцыі супраць Расеі. У Расею яго не пусьцяць. А ў Беларусь могуць і пусьціць. Хоць зь візай, хоць, як цяпер, безь візы. З пункту гледжаньня Расеі — гэта непарадак. І не таму нават, што ён з Беларусі мог да лютага 2017 года бесперашкодна патрапіць і ў Расею. А па прычыне самога факту, што такі чалавек можа патрапіць у Беларусь.

Вось у гэтым, так уяўляецца, сапраўдная прычына варʼяцкай сытуацыі, якая ўжо 22 месяца пануе на беларуска-расійскай мяжы.

Ну а як гэтая праблема вырашаецца ў ЭЗ, там жа адзіная шэнгенская віза, заехаў у адну краіну Шэнгену, едзь без шлагбаўмаў у любую іншую краіну Шэнгену — спытае чытач. Там сапраўды так. Магчыма таму, што ў краін ЭЗ няма суверэнных канфліктаў з трэцімі краінамі, няма такой сытуацыі, што нейкія людзі па тых ці іншых прычынах катэгарычна непрымальныя ў якасьці гасьцей, скажам, у Францыі, а Літва да іх не мае ніякіх прэтэнзій.

Ну і ў ЭЗ таксама не ўсё ідэальна. Міграцыйныя хвалі, якія захлынаюць Эўропу, рознае бачаньне міграцыйнай палітыкі рознымі краінамі Зьвязу спараджаюць спрэчкі, размовы, праекты і нават спробы дзе-нідзе аднавіць ўнутрыэўрапейскія мяжы. Пакуль да гэтага не дайшло. Але можа дайсьці і там.

І па прычынах, структурна падобных на тыя, якія штурхаюць да аднаўленьня мяжы ў беларуска-расейскім саюзе. Рознае бачаньне таго, якія замежнікі пажаданыя, а якія — не, вядзе да мяжы.

У беларуска-расейскім саюзе перамовы аб сваім «Шэнгене» ідуць даўно, асабліва інтэнсіўнымі яны сталі як раз пасьля аднаўленьня Расеяй памежнай зоны і зьяўленьня беларускага «бязьвізу». Да посьпеху яны пакуль не прывялі. Рознагалосьсі бакі публічна не агучваюць. Аднак можна рабіць высновы на падставе розначытаньняў у афіцыйных заявах. Калі беларускія прадстаўнікі кажуць аб узаемным прызнаньні візаў, то расейскія — аб адзінай саюзнай візе. І рэч ня толькі ў тэрмінах.

Расея хоча, каб любы замежнік, непажаданы ў Расеі, быў гэтак жа непажаданым без усялякіх агаворак і выключэньняў і ў Беларусі. Фактычна, каб візавая палітыка Беларусі была расейскай.

Менавіта гэтага Расея і дамагалася амаль двухгадовым недарэчным трыманьнем мяжы на замку. Лягічна гэта недарэчна. Палітычна пэўны сэнс мела. Гэта была форма ціску на Менск. Пасажырапаток з Захаду ў Расею праз Беларусь паменшыўся. Нецікава ехаць празь Беларусь, а потым паварочваць у Літву альбо Ўкраіну. Адпаведна Беларусь губляла даходы ад гэтага памяншэньня транзыту.

Але крытычным гэты ціск не быў. Менск не адмяніў «бязьвіз» — наадварот, нават павялічыў тэрмін знаходжаньня іншаземцаў. Не пайшоў ён і на перадачу Маскве сувэрэннага права праводзіць хаця б адносна самастойную візавую палітыку.

Пікантна, што ў выніку ціск на Беларусь рыкашэтам ударыў і па расейцах, прынамсі па некаторых. Дзьмітрый Мядзьведзеў абгрунтаваў стварэньне памежных пераходаў скаргамі мясцовых уладаў Смаленшчыны.

Хацелі правучыць, паставіць на месца беларусаў — аднак пры гэтым «правучылі» заадно і сваіх смалянаў. Зьмялеў пасажырапаток празь Беларусь у Расею — але сьледам жа Смаленшчына, ён і празь яе зьмялеў. І ў іх даходы ўпалі. А іх за што? Ну вось такое жыцьцё.

Насамрэч наўрад ці прычынай апошняга рашэньня ўраду РФ былі скаргі смалянаў. Гэта прыгожае абгрунтаваньне, маўляў, пра людзей, пра расейцаў думаем, а не тое што «грошай няма, але вы там трымайцеся». Ну не атрымалася прымусіць беларусаў, ня спраўдзілася мара.

Можа яе ўжо і даўно не было. Хутчэй настальгія, звычка. Такая ўсьмешка Чашырскага ката — ката ўжо няма, але ўсьмешка яшчэ лунала ў паветры. З усімі ж астатнімі ў Расеі паўнавартасныя мяжы ёсьць. Скажам, у Казахстане «бязьвіз» дзейнічае даўно і ў больш шырокіх маштабах — ён дзейнічае для замежнікаў, якія прыехалі любым шляхам, а ня толькі праз міжнародны аэрапорт Астаны, і ён даўжэйшы.

Чаму гэта рашэньне Астаны ня выклікала ніякага раздражненьня Масквы? Таму што ёсьць мяжа. Каго да сябе ўпускаць — справа казахстанцаў, каго ўпускаць у Расею з Казахстану — справа Расеі, расейскай дзяржавы, памежнік у расейскіх пагонах правярае пашпарт, візу і вырашае.

Тое ж зараз будзе і на беларуска-расейскай мяжы. Што лягічна. Мяжы або не павінна быць, ці яна павінная быць паўнавартаснай.

Можна спадзявацца, што яна будзе разумнай. Праўда, той парадак, які там быў з лютага 2017 году, як, зрэшты, і многае іншае, не дазваляе быць зусім упэўненым у разумнасьці наступных дзеяньняў. Але вось, скажам, у краінах ЭЗ у аэрапортах для рэйсаў з трэціх краін — два калідоры, для грамадзян краін ЭЗ і для ўсіх астатніх. У першым калідоры ніколі не бывае чэргаў.

Так і на беларуска-расейскай мяжы рацыянальна было б зрабіць. Для беларусаў і расейцаў — асобны калідор, з астатнім хай расейцы самі разьбіраюцца, каго яны хочуць, а каго не хочуць у сябе бачыць.

Практычна гэта не створыць вялікіх цяжкасьцяў для беларусаў. Хоць вядома ў нашых краях закон Мэрфі — ледзь не галоўны закон жыцьця: калі нешта можна зрабіць крыва, то яно вельмі часта робіцца менавіта так.

Аднак вялікія цяжкасьці, перажываньні тут хутчэй сымбалічныя. Вось не было раней мяжы, а цяпер будзе. Тады Лукашэнка і Чарнамырдзін зьнесьлі шлагбаўм, а цяпер як бы і вяртаюць.

Для многіх гэта праблема. І корань яе — у сувэрэнітэце. Хтосьці скажа — ды гэта нацыяналісты прыдумалі, галоўнае, каб людзям было добра. Ну вось тут пра гэта і гаворка.

Францускі філёзаф XIX стагодзьдзя Эрнст Рэнан пісаў, што нацыя — гэта не адна мова, не адна кроў, нават не адна культура, гэта агульны лёс. Усе, каго Расея лічыць ворагамі — яны і для Беларусі ворагі? І пытаньне тут ня ў тым, ці мае рацыю Расея ў такім сваім стаўленьні, ці ня лепш ёй было б не варагаваць з гэтымі людзьмі. Існая расейская дзяржава лічыць іх ворагамі. Іншай няма. Беларуская дзяржава таксама павінная так палічыць? Так ці не?

Калі не зусім, не ўсіх, і наогул «мы, беларусы, мірныя людзі» — то гэта азначае «не». А «не» азначае, што лёсы — розныя. А тады — мяжа гэтых розных лёсаў. Пры ўсіх добрых і нават братэрскіх адносінах.

Перадрук з парталу TUT.BY