«Ня ганьбі мяне». Дэкан не ўхваліў выхаду студэнткі з БРСМ. АЎДЫЁ

Ілюстрацыйнае фота.

Грамадзкі актывіст Крысьціян Шынкевіч апублікаваў аўдыёзапіс размовы студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, як мяркуецца, з дэканам улікова-эканамічнага факультэту Ўладзімерам Беразоўскім. На аўдыё чуваць, як дэкан не ўхваляе намеру студэнткі выйсьці з шэрагаў праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Што адбылося?

Як стала вядома Свабодзе, студэнтка ўлікова-эканамічнага факультэту БДЭУ напісала заяву аб выхадзе з БРСМ праз рэлігійныя перакананьні.

Паводле яе, у факультэцкай ячэйцы БРСМ займацца заявай дзяўчыны адмовіліся. Сакратар ячэйкі (цяпер гэтую пасаду займае Яўген Грыцэнка. — РС), сказаў дзяўчыне, што яна мусіць падпісаць заяву ў намесьніка дэкана ці дэкана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталіцкі сьвятар адказаў, ці можа хрысьціянін уступаць у БРСМ

Дэкан не ўхваліў, намесьнік дэкана «гэтым не займаецца»

Свабода адшукала дзяўчыну з аўдыё, яна папрасіла не называць сябе, бо баіцца магчымых праблемаў ва ўнівэрсытэце. Кантакты дзяўчыны рэдакцыя мае.

Студэнка пайшла з заявай да намесьніка дэкана, але той накіраваў яе вышэй.

«Намесьнік дэкана, паглядзеўшы заяву, сказаў, што ён гэтым не займаецца, а зьвяртацца трэба да дэкана».

На пытаньне Свабоды, ці зьвярталіся да яго з заявамі аб выхадзе з БРСМ, намесьнік дэкана Андрэй Буеў адказаў, што «нічога ня ведае пра гэта».

Дэкан факультэту Ўладзімер Беразоўскі 15 лістапада сказаў дзяўчыне, што яму трэба падумаць, і прапанаваў пагутарыць «не ў такой абстаноўцы» ў панядзелак ці аўторак.

Беразоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што студэнтка да яго сапраўды зьвярталася. Але ня ведае, чаму яна прыйшла да яго, каб падпісаць заяву.

— А які гэта курс?
— Чацьвёрты.
— Чацьвёрты курс? Ня ганьбі мяне.
— У сэнсе?
— Скончыш спакойна, і пасьля...
— Ну я не магу цяпер у ім знаходзіцца.
— Што здарылася?
— З асабістых прычынаў.
— Што?
— З асабістых прычынаў.
— Яшчэ раз.
— З асабістых прычынаў.
— Ну ты можаш мне сказаць? Я бяз гэтага не магу прымаць рашэньне.
— Як? Я напісала: па сваім жаданьні, з асабістых прычынаў.
— Ну ты можаш праліць сьвятло? Не? Няхай ляжыць.
— Ну магу. Я зьяўляюся верніцай.
— Га?
— Я верніца.
— Калі ласка. Гэта не перашкаджае.
— У маім выпадку гэта перашкаджае.
— Ты ў гэтым упэўненая?
— Я ў гэтым упэўненая. Для мяне гэта сапраўды вельмі важна.
— Так, мне трэба з табой пагаварыць не ў такой абстаноўцы. Давай аднясем гэта на іншы тэрмін.
— Што значыць на іншы тэрмін?
— Заўтра ў мяне да сямі гадзін заняткі, давай у панядзелак-аўторак.
— Дык а чаму нельга цяпер?
— Я мушу падумаць.
— Вы мусіце падумаць?..
— Так! Заява колькі разглядаецца, ты ведаеш ці не?
— Не.
— Добра, твая вера не перашкаджала тады, калі ты ўступала?
— На той момант не.Цяпер перашкаджае.
— Ну я павінен падумаць. Усё. Заява ўвогуле разглядаецца 15 дзён.
— Добра. Калі мне падысьці?
— Прыходзь у панядзелак.

Уладзімер Беразоўскі

Свабода папрасіла Ўладзімера Беразоўскага пракамэнтаваць сутнасьць размовы:

«Я хацеў бы даведацца, што адбылося. Я ж не адмовіў, а сказаў прыходзь у панядзелак», — патлумачыў дэкан.

Як выйсьці з БРСМ

Працэдура прыёму ў сябры і выхаду з БРСМ прапісаная статутам аб’яднаньня. Сяброўства ў БРСМ можа быць спыненае.

  • Па ўласным жаданьні шляхам падачы пісьмовай заявы ў пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ».
  • За грубае парушэньне статуту, сыстэматычны няўдзел у працы аб’яднаньня альбо за дзеяньні, якія няславяць дзелавую рэпутацыю і наносяць шкоду цэласнасьці ГА «БРСМ».

Пытаньне аб выключэньні вырашаецца агульным сходам або выбарным органам пярвічнай арганізацыі БРСМ. Таксама гэта можа быць зроблена вышэйшым кіроўным органам. Нідзе ня згадваецца, што расчараванаму ў мэтах і задачах праўладнага саюзу могуць чыніць перашкоды.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выйсьці з БРСМ. 5 гісторый і рэкамэндацыя юрыста

#загонБРСМ

30 кастрычніка Свабода апублікавала запіс, на якім вучняў адной з клясаў 31-й гімназіі Менску пераконваюць уступаць у БРСМ. Голас, падобны да голасу намесьніцы дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы Інэсы Ахрамовіч, настойліва рэкамэндуе вучням увайсьці ў БРСМ, каб ня мець праблемаў пры паступленьні ў ВНУ.

Ролік прагледзелі больш за мільён разоў на розных плятформах. І Мінадукацыі, і адміністрацыя школы адмовіліся расьсьледаваць інцыдэнт, паставіўы пад сумнеў праўдзівасьць запісу. Намесьніца дырэктара гімназіі № 31, голас якой пазналі на запісе, працягвае працаваць у школе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я цяпер на ўроку». Завуч зь відэа #загонБРСМ надалей працуе