Расеец прадаў кватэру, каб распрацоўваць у Менску зарадныя станцыі для электрамабіляў. ВІДЭА

Дырэктар кампаніі Rewatt калісьці прыехаў у Менск экспромтам, але закахаўся і застаўся тут жыць. Ён уклаў грошы ў стартап і плянуе да 2025 году заняць 14% рынку зарадных станцый для электрамабіляў у Эўразьвязе.

Your browser doesn’t support HTML5

У Менску распрацоўваюць зарадныя станцыі для электрамабіляў

З Масквы — у «цудоўны Менск»

10-15 хвілінаў — ідэальны час зарадкі электрамабіля, пра які мараць у індустрыі зарадных станцыяў. Але пакуль гэта можна зрабіць у сярэднім за 30 хвілін. Сярод тых, хто ўжо цяпер працуе над ультрахуткімі станцыямі, ёсьць беларускі стартап Rewatt, які ўвосень увайшоў у Парк высокіх тэхналёгіяў.

У менскім офісе кампаніі Rewatt

Стартап мае офісы ў Менску і Маскве. Карэспандэнт Свабоды засьпеў у менскім офісе мітусьню — адпраўляюць кліентам некалькі станцый, чуваць гукі пілаваньня і трэск зламанага плястыку.

Амаль 40-гадовы заснавальнік стартапу Кірыл Васільеў расказвае пра сабе: нарадзіўся ў Валгаградзе ў сям’і дыпляматаў і жыў у розных краінах, вучыўся нават у нямецкай школе ў Намібіі, апошнія 8 гадоў працаваў IT-дырэктарам у кампаніі з Расеі, якая займаецца распрацоўкай сайтаў і тэхналёгіямі захоўваньня дадзеных для іх.

У Менск пераехаў ледзь не выпадкова.

Кірыл Васільеў

«Калісьці мы вырашылі зрабіць падарунак сябру і ў пятніцу пасьля працы завезьлі ў аэрапорт, а потым — у Менск. Гэты цудоўны горад усім спадабаўся, і тады ж мне быў лёс сустрэць будучую жонку. Я закахаўся да непрытомнасьці і застаўся. Лічу сябе на дзьве траціны беларусам, бо жонка і дачка беларускі, ды і сам жыву тут чацьвёрты год», — кажа ён.

Электрамабілі ўжо не футурызм

Калісьці Кірыл быў упэўнены: кампутарам будзе карыстацца толькі для друкаваньня дакумэнтаў. Але ў выніку пасьля пераезду ў Беларусь заняў пасаду IT-дырэктара буйной кампаніі, якая вырабляе запраўкі з нуля: ад дызайну да тэхнічных рашэньняў.

«А ў 20 гадоў я быў упэўнены, што ня буду мець справаў з аўтамабілямі. Люблю грамадзкі транспарт, у Менску больш за ўсё — трамвай і мэтро, бо яны самыя лягічныя, — кажа суразмоўца. — Аднак тры гады таму з сябрам мы знайшлі аналітыку інфармацыйнага агенцтва, паводле якой электрамабілі ўжо перасталі быць футурыстычнай зьявай. Мы зразумелі: вось яно! Гэта выбухныя тэхналёгіі, якія зьмяняюць сьвет, як інтэрнэт у 1990-х. І захацелі ўдзельнічаць у гэтым».

Давялося рызыкнуць: кампанія-працадаўца не патрымала ідэі, і Кірыл Васільеў зь сябрам Кірылам Міхайлавым уклалі свае грошы.

«Пасьля было шмат чаго, у тым ліку вельмі цяжкі пэрыяд, калі давялося набываць дошкі ў краме і рабіць зь іх — я не жартую — драўляныя крэселкі. Я прадаваў іх ля мэтро, каб набыць дзіцяці пачак падгузкаў. Пазыкі былі такія, што страшна ўспамінаць», — кажа сёньня ён.

Дырэктар ганарыцца камандай, якая сёньня складаецца з 47 чалавек у двух офісах: інжынэры — у Менску, праграмісты — у Маскве. Пры гэтым Rewatt ня мае інвэстараў і ня ўдзельнічае ў бізнэс-аксэлератарах, працуючы за ўласныя грошы і першыя невялікія даходы ад кліентаў.

«Быў момант, калі спатрэбілася фінансавае „ўліваньне“, і я прыняў рашэньне... прадаць кватэру. Цяпер здымаю жытло. Кліенты зьявіліся пазьней», — прызнаецца суразмоўца.

«Васьміног» ды іншыя зарадныя станцыі

Стартап займаецца зараднымі станцыямі пераменнага і пастаяннага току. Першыя больш простыя і функцыянуюць амаль як звычайная зарадная прылада. Іншая справа — станцыя пастаяннага току, якія, паводле Васільева, вырабляе адзін стартап з сотні.

Зарадная станцыя

З трохфазнай сеткі, якія ёсьць на прамысловых аб’ектах, такая прылада бярэ энэргію і пераўтварае ў пастаянны ток. Ток трапляе ў аўтамабіль праз адмысловы бартавы кампутар на зараднай станцыі, які рэгулюе кантакт. Гэта вельмі адказны этап: пры любой памылцы аўтамабіль больш ня ўключыцца без дадатковага сэрвіснага абслугоўваньня.

Створаная Rewatt зарадка зь пераменным токам каштуе каля 4 000 даляраў, што даражэй за кітайскі прадукт, але таньней за эўрапейскі. Хуткая зарадка з пастаянным токам каштуе ўжо 15 000 эўра.

Паралельна стартап займаецца распрацоўкай таннай зараднай станцыі «Васьміног», якая складаецца з аднаго раз’ёму і кабэлю. Ніякіх слупоў, магутнасьць 22 кВт, кошт — да 1000 даляраў.

У праекце стартапу — бескантактная станцыя, а таксама ўльтрахуткія прылады. Станцыі на 150 і 300 кВт стартап зьбіраецца тэставаць летам 2019 году — такія магутныя прылады робяць толькі тры кампаніі ў сьвеце.

Прадукты кампаніі пераважна разьлічаныя на бізнэс, тыповы спажывец — гандлёвыя цэнтры з масавымі паркоўкамі і традыцыйныя АЗС. «Васьміног» падыходзіць і для ўсталяваньня ў спажыўцоў дома, але пакуль гэта немагчыма — у кампаніі тлумачаць, што, хутчэй за ўсё, энэргетыкі не дадуць дазволу.

Кампанія ўжо займаецца актыўным продажам і ў 2018 годзе прадала 45 станцыяў, якія будуць усталяваныя ва Ўкраіне і Расеі. Адзін з кліентаў — найбуйнейшая нафтаздабыўная кампанія Ўкраіны «Укрнафта».

Праз 5-10 гадоў горад будзе ціхі

Згодна з праграмай Мінэнэрга ў стварэньні дзяржаўнай зараднай сеткі для электрамабіляў, к 2025 году ў Беларусі ўсталююць ужо 1600 зарадных прыладаў. Пакуль такіх станцыяў менш за паўсотні, але Rewatt не разьлічвае на тутэйшы рынак.

«Мы добра навучыліся прагназаваць глябальныя рынкі і амаль не працуем на лякальных, на постсавецкай прасторы. Магчыма, гэта занадта амбітна, але к 2025 году 14% эўрапейскага рынку будзе належаць нам. Паводле чыёй ацэнкі? Паводле нашай, бо лічым сябе аднымі з найлепшых аналітыкаў у гэтай сфэры», — кажа выканаўчы дырэктар Rewatt.

Колькасьць электрамабіляў у Беларусі Васільеў ацэньвае ў 200 адзінак, у тым ліку ягоны Nissan Leaf, дзе аднаго зараду хапае на 90 кілямэтраў. Мінэнэрга прагназуе, што ў 2025 годзе ў Беларусі будзе ўжо 33 тысячы электрамабіляў. Ці згодны з чыноўнікамі кіраўнік стартапу?

«Электрамабілі ў Беларусі ўсё адно будуць, нават калі для гэтага нічога не рабіць. Сусьветныя вытворцы ўклалі ў іхнае разьвіцьцё велізарныя грошы, і ў 2022 годзе ў цябе ня будзе магчымасьці набыць Mercedes з рухавіком 6,3, бо дарагія аўта перастануць езьдзіць на выкапнёвым паліве», — кажа ён.

У стартапе лічаць, што першымі электрамабілямі, здольнымі праехаць 600-700 кілямэтраў на адной зарадцы, стануць мадэлі прэміюм-клясы накшталт Jaguar ці Bentley. А попыт на зарадныя станцыі вырасьце раней, чым плянуюць у міністэрстве: ужо ў 2022 годзе ў Беларусі будзе патрэбна мінімум 1400 зарадных, паводле аптымістычнага сцэнару — дзясяткі тысяч.

​Электрамабілі зьменяць гарады, зь іх зьнікнуць шум і бруд, працягвае Кірыл Васільеў.

«Ведаеце, што мяне ўразіла ў кітайскім горадзе Шэнь-Чжэнь? Мінімум дзясятак аўтамабіляў вакол цябе электрычныя: усе таксоўкі, аўтобусы і большая частка дастаўкі. Стаіш ля дарогі на шэсьць палосаў і разумееш, што горад нерэальна ціхі. Электрамабіль ня самы экалягічна чысты мэханізм, але ён неверагодна чысты ў параўнаньні са звычайным аўта».

Уступленьне ў ПВТ як сэртыфікат сталасьці

У верасьні стартап уступіў у ПВТ. Цяпер прасьцей знаходзіць спэцыялістаў, больш прыслухоўваюцца дзяржорганы і партнэры ў Беларусі, адзначае дырэктар. Падатковыя льготы дапамагаюць укладаць болей рэсурсаў у разьвіцьцё кампаніі.

Лягатып стартапу Rewatt

Сваімі канкурэнтамі ў Rewatt называюць «усіх і нікога». З аднаго боку, стартап пазыцыянуе сябе як прадавец бізнэс-мадэлі, які праз свае прылады дапамагае наладжваць брэндынг, пашыраць сфэру паслуг ці ахоп карыстальнікаў.

З другога, любая моладзь з Крэмніевай даліны можа зрабіць тое самае за меншы тэрмін. Яны будуць наперадзе, бо атрымаюць электронныя радыёкампанэнты ад аднаго зь некалькіх буйнейшых вытворцаў за дзень-два, тлумачыць суразмоўца. Тыя ж, хто ў Беларусі, — за два тыдні, зь якіх толькі два дні займае дастаўка, а астатняе — мыты.

«Наша мара — каб дэталі аддавалі адразу, а мытам займаліся потым, колькі патрэбна», — кажа Кірыл Васільеў.

Стартап — гэта марафон, дзе не спыніцца

Стартапэры апантана ўкладаюць у сваю ідэю ўсе грошы і час, маючы няпэўныя пэрспэктывы, і самі робяць любую працу. Кіраўнік Rewatt не выключэньне: усе мінулыя выходныя мантаваў дзясятак высакавольтных панэляў.

«У стартапе няма такога паняцьця, як працоўны дзень, і ў гэтым праблема. Галава не пасьпявае адпачыць: думаеш аб працы, калі засынаеш і прачынаесься, калі гуляеш зь дзіцем. Гэта падобна да марафону, у якім нельга спыніцца, — дзеліцца Кірыл Васільеў. — І ты маеш два шляхі: сьпіцца альбо адшукаць спосаб адключыць галаву. Я іду ў спортзалю як на мэдыцынскую працэдуру, адганяючы адзіную думку: „Хачу спаць“».​

Кірыл Васільеў (зьлева)

Пры гэтым суразмоўца мае сталае хобі, на якое цяпер не хапае часу — інжынэрныя праекты і авіямадэляваньне.

Ягоны гонар — пабудова ўльтралёгкага самалёта з размахам крылаў 10 мэтраў, даўжынёй 7 мэтраў і вагой 42 кіляграмы. Для гэтага выкарыстоўваў алюміній, уцяпляльнік, падкладку пад лямінат і поліэтыленавыя сантэхнічныя трубы. Драма канструкцыі ў тым, што самалёт так і не паляцеў — моцны вецер садзьмуў яго на старце.

Забыўся, што такое ацёк Квінке

Пры ўсіх складанасьцях ІТ, на думку Кірыла, гэта адна зь нешматлікіх сфэраў, дзе ў наш час можна быць першаадкрывальнікам.

«Тут і цяпер мы можам зьмяніць сьвет. Шмат хто казаў, што гэты стартап — ідэалізм, але мы зьбіраем найлепшы прадукт у сьвеце. Ён ціхая бярозка ў параўнаньні з канкурэнтамі, у якіх аналягічныя станцыі — шумнае прамысловае абсталяваньне», — цьвердзіць Васільеў.

Праца каманды

На разьвітаньне суразмоўца дадае, што займаецца зараднымі станцыямі і дзеля таго, каб ягоныя дзеці дыхалі чыстым паветрам:

«Гучыць патасна, але гэта так. Мне хочацца, каб мае ўнукі ня ведалі, што такое смак алівы і паліва на вуснах у горадзе. Яго няма ў Менску, бо гэты горад чысьцейшы за Маскву. Тут у мяне амаль прайшла алергія, хоць у Маскве ў красавіку-траўні я хадзіў ледзь не з супрацьгазам і выдатна ведаў, што такое ацёк Квінке. Няўжо такое бывае?»