Аб’яднальны сабор для стварэньня УПЦ абяцаюць правесьці 22 лістапада

Андрэеўская царква ў Кіеве, якую перадалі ў бясплатнае карыстаньне Сусьветнаму патрыярхату

Протаярэй Георгі Каваленка пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам расказаў, што аб’яднальны сабор для стварэньня Ўкраінскай праваслаўнай царквы плянуюць правесьці 22 лістапада.

13 лістапада Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату прыняла пастанову, у якой адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе стварэньня аўтакефальнай Украінскай праваслаўнай царквы.

Увечары 13 лістапада прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў сустрэчу з часткай герархаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Як паведамлялася раней, на сустрэчы Парашэнка расказаў пра свае перамовы з Усяленскім патрыярхам, а прадстаўнікі УПЦ МП выказалі падтрымку працэсу атрыманьня аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне.

У сярэдзіне кастрычніка РПЦ разарвала адносіны з Канстантынопальскім патрыярхатам. Прычынай канфлікту было рашэньне Канстантынопалю адмяніць указ 1686 году, паводле якога Ўкраінская праваслаўная царква перайшла пад кантроль Маскоўскага патрыярхату.

Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў

Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.

  • ​Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
  • «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
  • За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
  • 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.

Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка

  • Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха. ​
  • Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
  • На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.