Супольная беларуска-украінская дэмаркацыйная камісія ўзгадніла 400 месцаў, дзе маюць паставіць памежныя знакі, у тым ліку на спрэчнай тэрыторыі ў Жытомірскай і Валынскай абласьцях.
Як паведамілі Свабодзе ў Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, згодна з угодненымі пратаколамі памежныя знакі ў гэтых раёнах будуць усталяваныя да канца 2018 году.
Асобна сябры камісіі абмеркавалі выкананьне працаў па вызначэньні дзяржаўнай мяжы ў зоне адчужэньня пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Плянуецца, што Беларусь і Ўкраіна створаць для гэтага супольную геадэзічную сетку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адмаўляецца ад сынхранізаванай працы зь беларускай энэргасыстэмай. Што гэта значыць?Працы па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы былі замаруджаныя на мяжы Берасьцейскай і Валынскай, а таксама Жытомірскай і Гомельскай абласьцей.
Жыхары вёскі Ветлы Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці ў траўні 2016 году спрабавалі адстаяць Жыроўскі канал, які, згодна з дамовай пра дзяржаўную мяжу, належыць Беларусі. Яны перакрылі дарогу і заблякавалі дэмаркацыйныя работы беларускага боку, які на той час пасьпеў ачысьціць прасеку ўздоўж лініі дзяржаўнай мяжы на тэрыторыі Горкаўскай сельскай рады Любяшоўскага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць ад сустрэчы Лукашэнкі і Парашэнкі? 10 тэмаў у цені шпіёнскага скандалуДэмаркацыя мяжы ў Алеўскім (укр. Олевський) і Оўруцкім (укр. Овруцький) раёнах Жытоміршчыны, што мяжуюць зь Лельчыцкім і Ельскім раёнамі Гомельшчыны, была ўскладненая праз нявызначаныя мэханізмы кампэнсацыі ўкраінскім сялянам за зямельныя ўчасткі, якія мусяць адысьці Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь атрымае ад Украіны дзясяткі гектараў «спрэчнай» зямлі і адзін каналУ той жа час прадстаўнікі рэгіянальных уладаў Украіны пераконвалі, што ў межах дэмаркацыі абмен тэрыторыямі будзе рабіцца на парытэтнай аснове.
«Ёсьць дамова аб дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай, падпісаная ў 1997 годзе. Менавіта на яе падставе ажыцьцяўляецца ўвесь працэс. Былі ўзгодненыя зямельныя ўчасткі: перадача ўкраінскіх на карысьць Беларусі, а беларускіх — Украіне. Гаворка пра раўназначны абмен. Рашэньне ўхвалена на ўзроўні дзяржавы, на ўзроўні Кабінэту міністраў, узгоднена зь Вярхоўнаю Радай, таму гэта досыць даўні працэс, і пытаньні гэтыя ўжо вырашаюцца», — сказаў у інтэрвію Свабодзе старшыня Алеўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Дзьмітро Лазарэнка.
Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км — на сухапутным участку, 325,9 км — на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км па зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС. Прылеглая да дзяржаўнай мяжы тэрыторыя цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, невялікімі азёрамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большая частка зь якіх даўно не працуе.