У Беларусі 325 тысяч чалавек хварэе на цукровы дыябэт. Гэтую лічбу назваў галоўны пазаштатны эндакрыноляг Міністэрства аховы здароўя Віктар Валуевіч. Для параўнаньня, 10 гадоў таму агульная колькасьць складала 150 тысяч.
Прафэсарка Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Ала Шапялькевіч адзначае: штогод у Беларусі дадаецца 22-23 тысячы чалавек, і гэта адпавядае ўсясьветным тэндэнцыям. Падобны рост фіксуецца ў бальшыні краінаў сьвету. Адмыслоўца лічыць, што такое павелічэньне выклікае найперш няправільнае харчаваньне і нізкая фізычная актыўнасьць.
Чым раней паставіць дыягназ, тым больш шанцаў на посьпех. Так лічыць з уласнага досьведу галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтру мэдыцынскай рэабілітацыі і бальнэалячэньня Натальля Карловіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хворая на дыябэт: ніякі ідэоляг не загадае арганізму ўспрымаць «найлепшы ў сьвеце» беларускі інсулінНа яе думку, цукровы дыябэт павінен выяўляць участковы лекар, а спэцыялісты праводзіць лячэньне. Беларусы забясьпечваюцца інсулінам айчыннай вытворчасьці ў фляконах, ён выпускаецца з 2006 году. Гэты прэпарат карыстаецца добрай рэпутацыяй у краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Паводле Віктара Валуевіча, беларускія навукоўцы ўжо блізка падышлі да стварэньня новага тыпу інсуліну, аднак канкрэтны тэрмін зьяўленьня абноўленага прэпарату ён не назваў.
Галоўны пазаштатны эндакрыноляг расказаў пра інсулінавыя помпы як сродак лячэньня хваробы. У ЗША імі карыстаецца ўжо больш за палову хворых на цукровы дыябэт. Што тычыцца Беларусі, то тут забесьпячэньне інсулінавымі помпамі складае толькі 5%. Яны выдаюцца найперш дзецям і цяжарным жанчынам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ставіцца да салодкага ў сталым узросьце?