Ну не тое, што дакладна памрэ. Але можа, да таго ідзе — такі прагноз робіць ізраільскі філёзаф і гісторык Юваль Гарары.
Прагноз у стылі Ніцшэ — у таго Бог памёр, у Гарары гэта чакае і чалавека. Яго кніга «Homo Deus. Кароткая гісторыя будучыні», якая ўпершыню была апублікаваная на іўрыце ў 2015 годзе, ужо некалькі гадоў застаецца адным з самых уплывовых у сьвеце інтэлектуальных бэстсэлераў. З таго часу яна была перакладзеная на 50 моваў сьвету.
На першы погляд, кніга — яшчэ адна варыяцыя шматлікіх антыутопіяў кшталту «Тэрмінатара». Ай, машыны абвесьцяць вайну людзям.
І так, і не. Ідэя менавіта такая — сапраўды, паводле Гарары, ёсьць імавернасьць, што эвалюцыя ня спыніцца на нас.
Але ўяўляць сабе гэта як нейкую вайну, якую мы прайграем — гэта занадта па-чалавечы, схема вайны прадугледжвае, што ёсьць (будзе) нейкая іншая воля, іншая сьвядомасьць (кепская, зразумела), якая кіне выклік нашай сьвядомасьці і волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуру амэрыканскіх хакераў пра беларускі ПВТ і пажары ад крыптавалютыЗапаветы сучаснай рэлігіі
Ды ня будзе ніякай іншай волі і сьвядомасьці, кажа Гарары. Проста жыцьцё людзей страціць сэнс. Яно ўжо зазнала крызіс, калі сапраўды, паводле Ніцшэ, «Бог памёр». Але людзі прыдумалі новую рэлігію, імя якой — гуманізм.
Гарары пералічвае запаветы гэтай новай рэлігіі: у палітыцы — «выбарніку відней», у эканоміцы — «спажывец заўсёды мае рацыю», у эстэтыцы — «прыгажосьць у вачах таго, хто глядзіць», у чалавечых адносінах — «падабаецца — рабі», у адукацыі — «думай самастойна». Стрыжань новай рэлігіі — свабода.
Ды што ж кепскага ў гэтых запаветах, ды і далёка ня ўвесь сьвет паводле іх жыве. Кепскага нічога, але гэта такія ж умоўнасьці, як умоўнасьцямі былі запаветы ранейшых рэлігіяў — мяркуе Гарары. Ня горш, але і ня лепш. У Сярэднявеччы ці ў старажытным Эгіпце верылі ў іншае, цяпер — у чалавека. Галоўнае ў гэтых умоўнасьцях — што ў іх вераць мільёны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым робат горшы за беларуса. Спэцыялістка па штучным інтэлекце пра машыны-забойцы і беларускі закон аб СМІДатызм замест гуманізму
А што ж адбудзецца з дарагімі нам гуманістычнымі вераваньнямі? Зьнікнуць, лопнуць, мы ж самі іх і пахаваем. А што прыйдзе, ужо прыходзіць на зьмену гуманізму, веры ў свабоду волі чалавека? Датызм — філязофія так званых «вялікіх дадзеных» — big data, магутных альгарытмаў, здольных апрацоўваць пачварна вялікія аб’ёмы інфармацыі.
І гэта ня мара, не прадбачаньне, гэта ўжо рэальнасьць, якую ствараюць у Крэмніевай даліне.
Вы ўваходзіце ў сацыяльныя сеткі, яны падсоўваюць вам рэкляму, якая, паводле падлікаў, спадабаецца вам, сяброў, якія, ізноў жа паводле падлікаў, прыдадуцца вам, кніжкі, музыку, якія павінныя спадабацца вам. Дык вы ж можаце гэта і не прымаць. Можаце. А чаму не прымаць? Вам жа і сапраўды падабаецца.
Вы і цяпер шмат у чым верыце альгарытмам. Калі ў вас у машыне ёсьць GPS, нашто самому прыгадваць маршрут ці лезьці ў старамодную і практычна ўжо адмерлую папяровую мапу? GPS усё зробіць лепш. Але ж куды ехаць — вызначаеце вы. Так, пакуль вы.
Але альгарытм GPS — параўнальна просьценькі. Ёсьць і мацнейшыя. І вы, мы, усе самі кормім гэтыя магутныя альгарытмы інфармацыяй пра сябе. Нам ужо накінуты новы стыль жыцьця — усё нараспашку, пра ўсё пішыце ў сацыяльных сетках, распавядзіце, што вы ясьце, каго вы любіце, каго ненавідзіце, куды падарожнічаеце, што купляеце. Хіба мы не выконваем гэты загад?
GPS для дарогі да каханьня
Цяперашняя вера ў свабодную волю грунтуецца на тым, што раней проста не было столькі даступнай інфармацыі пра нас, колькі ёсьць цяпер (а будзе яшчэ больш), раней не было альгарытмаў «вялікіх дадзеных» (якія, дарэчы, таксама ўдасканальваюцца і ўзмацняюцца кожны дзень).
І прыйдзе дзень, калі альгарытм падлічыць, што пры сустрэчы з Дар'яй у вас сэрца бʼецца хутчэй, чым калі вы з Марыяй, выкід эндарфінаў большы таксама з Дар'яй (а датчык вы самі паставіце, каб сачыць за сваім здароўем), альгарытм распазнаваньня вобразаў вызначыць, што Дарʼя больш падобная да вашай маці і да жанчын, зь якімі вы раней былі, прааналізуе яшчэ тэрабайты інфармацыі і ветліва скажа — вам больш падыйдзе Дарʼя.
Вы абурыцеся, я ж свабодны чалавек, я выбіраю. Так, так, вы, зразумела. Але ўсе гэтыя падлікі — гэта ж абʼектыўная інфармацыя пра вас жа. Ваш выкід эндарфінаў — гэта хіба ня вы, не вашае «Я»? Вашыя густы, дакладна скалькуляваныя, нават тыя, пра якія вы забыліся ці не ўсьведамлялі — гэта хіба не вашае «Я»? А што такое вашае «Я»? А можа вы, вашае «Я», проста ня ўсё пра сябе ведае. А альгарытм ведае.
Не, вы можаце ня слухаць альгарытм, бяздушную жалязяку. Але ж GPS у машыне вы слухаеце. І слухаецеся.
А чаму б і не паслухацца ў выбары сэксуальнага партнэра? А тым больш у выбары тавару ў краме ці ў палітычным выбары. Альгарытм будзе ведаць пра вас усё — вашыя густы, вашыя папярэднія выбары, будзе ўмець улічваць вашыя матывацыі, якія можна вымяраць.
Свабода як «опіюм для народу»
Проста вы — вашае сьвятое для вас «Я» — такі ж альгарытм. Магчыма, ужо сёньня ня самы складаны, а заўтра яго можна будзе дакладна пралічыць. Вас пралічаць, расколяць, як арэх. А што ж застанецца ад вашай свабоды? І ня ў тым сэнсе, што яе ў вас нехта гвалтам адбярэ. Ды не, ні ў якім разе. Проста альгарытмы «вялікіх дадзеных» пакажуць, дакажуць вам, што насамрэч вы ніколі і не былі свабодным.
Раней вас, людзей, трымала вера ў Бога. Зараз трымае вера ў чалавека, у вашую свабоду волі. Адна ілюзія вартая іншай.
Як піша Гарары, ніякай душы навука не знайшла. Як і свабоды. Біялёгія знаходзіць у чалавечым арганізме працэсы толькі альбо дэтэрмінаваныя, альбо выпадковыя. Дэтэрмінавасьць — паводле вызначэньня не свабода. Выпадковасьць... Напэўна таксама. Ударыць вам у галаву той гармон ці іншы — гэта ж як «арол» ці «рэшка». Гэта хіба свабода? І чыя гэта свабода? Але людзям трэба ў нешта верыць. Ну хай вераць у свабоду. Пакуль.
І справа зноў жа не ў чалавечым, ня ў тым, што нейкі Цукэрбэрг вырашыў стаць гаспадаром сьвету. Калі б так... Ён усё ж чалавек. Але не Цукерберг падсоўвае вам, што чытаць, слухаць, з кім сябраваць. А Фэйсбук. Альгарытм. Хай нават вынайдзены Цукербергам. А альгарытм яго слухаецца? А заўтра будзе слухацца?
Калісьці лічылася, што ніякая машына не абыграе чалавека ў шахматы. У яе няма інтуіцыі, разуменьня. Іх у яе і дагэтуль няма. Але пасьля таго, як Deep Blue абыграла Гары Каспарава, у спрэчцы была пастаўленая кропка. Машыны ўжо гуляюць паміж сабой, зь людзьмі ім ужо нецікава. Ну а людзі — паміж сабой, у сваёй «пясочніцы». Альгарытм ужо вырас зь яе. А людзям застанецца «пясочніца». Калі застанецца. І ня толькі ў шахматах.
Чаму прароцтва ня спраўдзіцца
Гарары — прарок-правакатар. Ён ня кажа — будзе так і толькі так, як я сказаў, верце мне, людзі. Ён кажа — так можа быць, ёсьць тэндэнцыі ў разьвіцьці сучаснай навукі і тэхналёгіі, якія вядуць менавіта да гэтага. Скажыце, пакажыце, у чым я ня маю рацыю, дакажыце (і ня мне, а сабе), што вы свабодны — кажа Гарары. Вы, мы, усе самі будуем гэтую машыну Страшнага суду над чалавецтвам і спыняцца не зьбіраемся. Патлумачце, чаму ня будзе так, да чаго заканамерна ідзе і вядзе.
Годны выклік.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.