Адкрыць яе плянуюць на травеньскія сьвяты, кошт пакуль не называюць.
Падрыхтоўчыя работы да будаўніцтва другой грамадзкай прыбіральні на беразе ракі Сож пачаліся ў раёне Кіеўскага спуску. Тут павінна зьявіцца аналягічная першай установа.
Кошт яе пакуль не называецца, але падобна на тое, што мясцоваму бюджэту, зь якога фінансуецца праект, новая будоўля абыдзецца прыкладна ў такую ж суму — каля 750 тысяч даляраў. Менавіта столькі, паводле тэндэру, каштавала будаўніцтва прыбіральні, якую адкрылі напярэдадні візыту ў Гомель Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, а пасьля закрылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельская прыбіральня за паўтара мільёна рублёў закрылася пасьля візыту ЛукашэнкіНеафіцыйна крыніцы ў Гомельскім упраўленьні капітальнага будаўніцтва, якое замаўляла аб’ект, расказалі, што другая прыбіральня таксама будзе ўнутры схілу гары і вонкава выглядацьме, як першая. Менавіта ўмацаваньне схілу гары было адной з самых расходных частак праекту.
Будаўніцтва абедзьвюх прыбіральняў першапачаткова плянавалася на беразе Сожа. Летась тут правялі рэканструкцыю набярэжнай, агульная працягласьць якой — каля двух кілямэтраў. Гэтым, паводле аўтараў праекту, абумоўлена наяўнасьць не адной, а дзьвюх прыбіральняў.
«Першую прыбіральню пабудавалі ў канцы набярэжнай, бліжэй да дзіцячай пляцоўкі і рэстарана „Нэма“. Дарэчы, калі б такія ўстановы пускалі наведнікаў у свае прыбіральні, то ўвогуле не было б неабходнасьці будаваць грамадзкія. Яшчэ адно месца, дзе бывае шмат наведнікаў парку, — Кіеўскі спуск. Тут жа знаходзіцца прычал цеплаходаў. Адлегласьць паміж прыбіральнямі — амаль кілямэтар. Пагадзіцеся, ёсьць вострая неабходнасьць, каб людзі ня бегалі пад кусты, а маглі спакойна наведаць камфартабэльны туалет», — патлумачыў адмысловец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі зноў кладуць плітку з арнамэнтам — зноў прыедзе Лукашэнка. ФатафактНа пачатку году ладзіліся грамадзкія слуханьні на тэму плянаў аб будаўніцтве прыбіральняў — ніводнай прапановы і заўвагі не паступіла.
Плянуецца, што адкрыцьцё новай прыбіральні прымяркуюць да чарговага «чырвонага дня ў календары» — на травеньскія сьвяты.
Кошт работ пакуль не называецца, але паводле тэндэра «Грамадзкія прыбіральні на набярэжнай ракі Сож у Гомлі» кошт аднаго абʼекта складае звыш 1,5 млн рублёў. Згодна з архівам тэндэраў, гэта самая дарагая грамадзкая прыбіральня ў Беларусі.
Па афіцыйную інфармацыю і камэнтар Свабодзе параілі зьвярнуцца да першага намесьніка Гомельскага гарвыканкаму Аляксандра Сівакова, але ў ягонай прыёмнай адказалі, што чыноўнік не размаўляе наўпрост з прэсай — толькі праз начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай работы.