Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі зноў кладуць плітку з арнамэнтам — зноў прыедзе Лукашэнка. Фатафакт


Гомель рыхтуюць да прыезду Лукашэнкі і Парашэнкі. Тут і ніжэй фота БелаПАН
Гомель рыхтуюць да прыезду Лукашэнкі і Парашэнкі. Тут і ніжэй фота БелаПАН

26 кастрычніка ў Гомлі чакаюць Аляксандра Лукашэнку і прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку — яны прыедуць на першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які стартуе днём раней.

Сустрэча пройдзе на тле заявы Аляксандра Лукашэнкі пра масавыя пастаўкі нелегальнай зброі з Украіны ў Беларусь (ні беларускія, ні ўкраінскія памежнікі не знайшлі арганізаваных каналаў паставак зброі) і адсутнасьці падтрымкі Беларусьсю атрыманьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквой.

Актывіст з Гомля запрасіў Пятра Парашэнку наведаць магілу Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага. Жыхароў Гомля абяззбройваюць перад прыездам Лукашэнкі і Парашэнкі.

У Гомлі зноў кладуць новую плітку з арнамэнтам — як і ў мінулы раз напярэдадні прыезду Лукашэнкі. Гэта ўжо трэці «плітачны аўрал» за два месяцы.

Цяпер новую плітку атрымала вуліца Савецкая. Як піша БелаПАН, на Ільлінскім спуску, які вядзе да набярэжнай Сожа і рэстарацыі «Нэма», мыюць ліхтары. Акцэнт пры падрыхтоўцы да прыезду кіраўнікоў дзяржаваў таксама зроблены на фарбаваньні агароджаў і дахаў.

Горад чакаў візыту ў ліпені, ды тады Лукашэнка не прыехаў (хадзілі чуткі пра ягоную хваробу і нават сьмерць — ён іх абвергнуў). Хоць візыт не адбыўся «зь першай спробы», горад разам з пліткай атрымаў новую бальніцу і туі ў бочках.

У жніўні Лукашэнка прыбыў у Гомель «з другой спробы» — напярэдадні гэтага зноў былі аўральныя работы, фарбаваньне фасадаў, замена асфальту і пліткі (у тым ліку пліткі, пакладзенай за тыдзень да таго).

Падчас таго візыту Лукашэнка заявіў, што краіну «Бог беражэ за кошт гэтай «дыктатуры» і аўтарытарызму, за што нас крытыкуюць», а таксама сказаў, што «расейцы паводзяць сябе па-барбарску ў дачыненьні нас».

А ў час нядаўняга візыту ў Горадню (там таксама клалі плітку напярэдадні) Лукашэнка прапанаваў адпраўляць студэнтаў на вакацыі ў войска, а таксама запрасіў Уладзіміра Пуціна ў Горадзенскую вобласьць, бо яна лепшая за Магілёўскую. Калі ж Лукашэнка сустракаўся з Пуціным у Магілёве, ён выказаўся, што «Магілёў больш расейскі, чым беларускі» (паводле гістарычнай прыналежнасьці і нацыянальнага складу гэта ня так).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG