Таксама ён параіў разьвіваць як дзяржаўныя, так і прыватныя прадпрыемствы ВПК.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынём Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Раманам Галоўчанкам заявіў, што, хоць вайсковая галіна «працуе някепска», але «гэтага зусім не дастаткова».
«Гэта палова таго, у фінансавым сэнсе, што павінна быць на канец наступнага году, — казаў Лукашэнка пра заробкі ў ВПК. — Таму плянуйце на будучыню з мэтай павелічэньня нават не аб'ёмаў, а грашовых паступленьняў роўна ў два разы».
Як менавіта Лукашэнка мяркуе за год павялічыць паступленьні грошай у вайсковую галіну, не ўдакладняецца. Але ён акцэнтаваў увагу на «высокім попыце на разумную высокадакладную зброю і асабліва на сродкі барацьбы з гэтай зброяй». Ён таксама адзначыў, што «мы вырабляем абаронныя сыстэмы» і «наступаць ні на кога не зьбіраемся». Але абяцаньне «раздаць беларусам 7 мільёнаў аўтаматаў, калі давядзецца абараняць Бацькаўшчыну» ён ня згадваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 86% беларусаў гатовыя ваяваць за БеларусьКолькі цяпер зарабляюць у прадпрыемствах ВПК, невядома. Экспарт у грашовым выражэньні ў прадпрыемстваў ВПК такі ж, як у прадпрыемстваў Парку высокіх тэхналёгіяў — больш за 1 млрд даляраў.
Лукашэнка таксама адзначыў, што «розьніцы няма», якая форма ўласнасьці будзе ў прадпрыемстваў вайсковай сфэры, але «павінен быць жорсткі кантроль і кіраваньне гэтымі прадпрыемствамі» з боку старшыні ВПК.
У праекце дзяржаўнага бюджэту на наступны год заплянавана даць на абарону і Ўзброеныя сілы на 100 мільёнаў рублёў больш, чым далі сёлета (1,1 млрд рублёў). За год да таго вайсковы бюджэт таксама вырас. Але за 10 гадоў бюджэт Мінабароны амаль не зьмяніўся, а ў Камітэта дзяржаўнай бясьпекі нават упаў.