Турызм, паляваньне, мёд, грыбы… Што цяпер можна і што нельга ў Палескім радыяцыйным запаведніку

©Shutterstock

Рыбу з-пад Чарнобыльскай зоны можна лавіць у прамысловых маштабах.

Ад 21 лістапада набудзе сілу ўказ Аляксандра Лукашэнкі (PDF) аб зьменах у ранейшы ўказ «Аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку».

Указ карэктуе межы запаведніка і правілы паводзінаў чалавека ў ім. Сам запаведнік быў створаны ў 1988 годзе на тэрыторыі Хойніцкага, Нараўлянскага і Брагінскага раёнаў Беларусі — на гэтых землях засталося 97% плютонію, 70% стронцыю і 30% цэзію, што трапілі ў краіну пасьля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе. Насельніцтва адтуль было эвакуяванае і адселенае, доступ людзей туды абмежавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная арганізацыя заклікала Беларусь спыніць будаўніцтва дарогі праз Альманскія балоты

Па-ранейшаму ўсе віды дзейнасьці на тэрыторыі запаведніку мусяць выконвацца з улікам правілаў радыяцыйнай бясьпекі. Як і раней, разам з запаведнай зонай існуе экспэрымэнтальна-гаспадарчая.

Але цяпер раку Прыпяць аднесьлі да фонду рыбалоўных угодзьдзяў для вядзеньня рыбалоўнай гаспадаркі. Гэта тычыцца ня толькі гаспадарчай, але і запаведнай зоны.

На тэрыторыі ўсяго запаведніка нельга:

  • наведваць бе дазволу зоны, у якіх усталяваны кантрольна-прапускны рэжым;
  • зьбіраць дзікія расьліны, у тым ліку ягады, грыбы, шышкі і нават кветкі (акрамя навукова-дасьледчых мэтаў);
  • праводзіць мэліярацыю, зьмяняць натуральны ляндшафт і гідралягічны рэжым (калі толькі не дзеля пажарнай бясьпекі);
  • езьдзіць на машынах па-за дарогамі (акрамя як на машынах установы і шэрагу экалягічных ведамстваў) і плаваць на лодках па рэках (акрамя транспарту тых жа ўстановаў);
  • праводзіць любую дзейнасьць, акрамя асобна дазволенай.

Але ў запаведнай зоне можна праводзіць мерапрыемствы, зьвязаныя з:

  • радыяцыйнай бясьпекай і кантролем, аховай бясьпекі;
  • навуковымі работамі і маніторынгам;
  • барацьбе з інвазійнымі і чужароднымі жывёламі і расьлінамі;
  • захаваньнем зуброў;
  • правядзеньнем экскурсіяў, у тым ліку навучальных і навукова-пазнавальных, і абсталяваньні «інфармацыйна-экалягічных маршрутаў»;
  • даглядам могілак
  • і іншым, зьвязаным з абслугоўваньнем, абаронай і захаваньнем запаведніку.

У экспэрымэнтальна-гаспадарчай зоне можна:

  • высякаць дрэвы для «прамежкавага карыстаньня і іншага» пры ўмове дапушчальнага ўтрыманьня радыенуклідаў у драўніне, разводзіць і аднаўляць лес;
  • будаваць капітальныя пабудовы, у тым ліку для гаспадарчай дзейнасьці;
  • разводзіць пчолаў;
  • разводзіць каней;
  • разводзіць пладовыя і ягадныя расьліны;
  • прывозіць турыстаў, займацца турыстычнай дзейнасьцю;
  • ладзіць паляваньні і адстрэл жывёлаў дзеля рэгуляваньня іх колькасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарнобыль, баптысты, аграсядзібы. Чым прывабліваюць галяндзкіх турыстаў у Беларусь