«Вельмі абразьлівая» прапанова, казаў Трамп. Ён таксама нагадаў пра фінансавыя абавязальніцтвы эўрапейскіх дзяржаваў перад NATO.
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп раскрытыкаваў у Twitter ідэю прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона аб аб’яднанай эўрапейскай арміі «для абароны ад Расеі, Кітаю і нават ЗША», піша «Голас Амэрыкі».
Трамп пісаў, такія словы Макрона «вельмі крыўдныя», і спытаў: «Мо Эўропе трэба спачатку заплаціць сваю справядлівую долю ў NATO, якую фінансуе пераважна ЗША?»
Раней Трамп неаднаразова заклікаў іншыя краіны NATO павялічыць вайсковыя выдаткі – умову аб тым, што такія выдаткі маюць складаць прынамсі 2% валавага ўнутранага прадукту выконвае толькі малая частка дзяржаваў альянсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон: Эўропе трэба свая армія «для абароны ад Расеі, Кітаю і нават ЗША»Макрон жа казаў, што неабходнасьць у эўрапейскай арміі ўзьнікла праз тое, што ў прымежных раёнах Эўропы ўсё больш аўтарытарных дзяржаў, якія пагражаюць Эўропе ў кібэрпрасторы і ўмешваюцца ў дэмакратыю. І гэтая неабходнасьць, дадаў ён, вырасла пасьля заявы Трампа аб плянах выйсьці з дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці.