Расейскі прадпрымальнік Яўген Прыгожын, якога лічаць датычным да стварэньня «фабрыкі троляў» і «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра», прысутнічаў на афіцыйных перамовах паміж лібійскімі і расейскімі вайскоўцамі. Апублікаванае на афіцыйным канале відэа заўважыла «Новая газэта».
Перамовы паміж міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу і камандуючым аднаго з бакоў ва ўнутрылібійскім канфлікце Халіфом Хафтарам адбыліся ў Маскве 7 лістапада.
На відэа паказана, як лібійская дэлегацыя знаёміцца з расейскімі афіцэрамі і праходзіць у канфэрэнц-залю. У гэты момант Яўген Прыгожын стаіць крыху ў баку.
Але пасьля пачатку канфэрэнцыі Прыгожын сядзіць за адным сталом з расейскімі і лібійскімі вайскоўцамі, ад Шайгу яго аддзяляюць два афіцэры.
Інфармацыя аб удзеле расейскіх узброеных сіл у лібійскім канфлікце зьявілася яшчэ вясной 2017 году. Тады гаварылася аб перакідцы «элітных дэсантных падразьдзяленьняў». Пазьней паведамлялася, што расейскія вайсковыя базы Лібіі разгортваюцца пад прыкрыцьцём «ПВК Вагнэра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ ёсьць сьведка дастаўкі наймітаў «ЧВК Вагнера» ў СырыюПра сустрэчу Шайгу і Хафтара паведамлялася 7 лістапада, у заяве гаварылася, што бакі абмеркавалі «шляхі ўрэгуляваньня канфлікту ў Лібіі і пытаньні барацьбы з тэрарызмам». Генэрал Хафтар раней неаднаразова бываў у Маскве і сустракаўся з расейскімі вайскоўцамі.
Цяпер Лібію кантралююць два ўрады: адзін зь іх прызнае міжнародная супольнасьць, а другі, які падтрымліваюць узброеныя сілы генэрала Хафтара, кантралюе асноўныя нафтавыя радовішчы краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ: у складзе расейскай групы «Вагнэр», што ваюе ў Сырыі і Ўкраіне, — 6 беларусаў