Беларусь чакае час павольных, але насычаных рэформаў, — эканаміст Чубрык

Аляксандар Лукашэнка і прэмʼер-міністар Сяргей Румас, архіўнае фота

Госьць «Інтэрвію тыдня» — адзін з арганізатараў Кастрычніцкага эканамічнага форуму, дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык. Ён лічыць, што цяперашні беларускі ўрад — гэта каманда, якая добра разумее праблемы краіны, распавядае, як беларусы сталі рыначнікамі, і заяўляе, што Беларусь вымушаная будзе рабіць структурныя рэформы.

Людзі, якія ўзначальваюць ключавыя міністэрствы, Нацыянальны банк, фактычна маюць аднолькавыя погляды

— Гэтымі днямі ў Менску прайшоў традыцыйны Кастрычніцкі эканамічны форум. Вы адзін зь яго арганізатараў. Што вы можаце сказаць пра зьмены ў стаўленьні беларускіх прадстаўнікоў улады да гэтай імпрэзы, пра тэмы і фон дыскусіяў?

— Зьмяніліся даволі істотныя рэчы. Першае — тое, які ўзровень падтрымкі Форуму з боку прадстаўнікоў беларускіх афіцыйных уладаў, а таксама з боку міжнародных фінансавых арганізатараў. Цяпер у нас ёсьць вельмі моцныя, вельмі высокага ўзроўню сьпікеры з абодвух бакоў. Калі мы толькі пачыналі, то гэтыя дзьве групы стасаваліся выключна ў кулюарах, на закрытых мерапрыемствах. Цяпер размова ідзе пра адкрытую публічную дыскусію.

Зьмяніўся і парадак дня. Самы першы форум — гэта было фактычна падсумаваньне вынікаў году. Але пачынаючы з 2014 году на парадак дня пачалі выносіцца такія даволі балючыя і актуальныя тэмы, як рэформа сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў, пазьней — увогуле «дарожная мапа» рэформаў у Беларусі. І цяпер мы ўшчыльную падыходзім да таго, што гэтая тэма пачынае разгортвацца ў афіцыйным парадку дня.

Аляксандар Чубрык

Летась мы ўздымалі тэматыку судовай рэформы, эфэктыўнасьці судовай сыстэмы, таго, што гэта бар’ер для разьвіцьця бізнэсу. І цяпер мы бачым, што пытаньне выносіцца на парадак дня. І некалькі найбольш складаных перашкодаў зьбіраюцца адмяняць. Зьбіраюцца думаць пра тое, як дэкрыміналізаваць эканамічныя парушэньні.

— У жніўні ў Беларусі фактычна зьмяніўся ўрад, асабліва эканамічны блёк. З гледзішча вашых камунікацый і кантактаў з прадстаўнікамі беларускага ўраду — ці можаце вы сказаць. што гэта сапраўды прадстаўнікі рынкавага эканамічнага мысьленьня?

— Я гляджу на эканамічны блёк ураду і разумею, што гэта людзі вельмі цэласныя. Людзі, якія ўзначальваюць ключавыя міністэрствы, Нацыянальны банк, фактычна маюць аднолькавыя погляды. У мінулым урадзе ў поглядах былі адрозьненьні. Цяпер, як мне падаецца, гэта тая каманда, якая добра бачыць праблемы, якія ёсьць. Але, канечне, ад агульнага бачаньня да рашэньня давядзецца рабіць вялікую працу.

Цяпер думка большасьці такая — трэба даць людзям магчымасьць зарабіць

— Вы ня так даўно на Tut.by апублікавалі свой артыкул пра зьмены, якія адбыліся ў масавай сьвядомасьці беларусаў наконт стаўленьня да прадпрымальніцтва і рынкавай эканомікі. Наколькі радыкальныя гэтыя зьмены і як яны могуць уплываць на эканамічную палітыку?

— Зьмены ў сьвядомасьці адбыліся ў тым ліку таму, што памянялася і структура эканомікі. Паводле разьлікаў нашых калегаў з BEROC, у прыватным сэктары ўжо працуе 47 працэнтаў занятых. А людзі, якія там працуюць, безумоўна, больш прарынкава арыентаваныя.

На сваім уласным досьведзе людзі бачаць, што на прыватных прадпрыемствах — калі ты працуеш, то зарабляеш. На дзяржаўных людзі не «зарабляюць», а «атрымліваюць». Людзі на свае вочы бачаць, наколькі неэфэктыўным можа быць дзяржаўны сэктар і наколькі эфэктыўным — недзяржаўны.

Гарадзенскі рынак «Цэнтральны» ў 2017 годзе. Некаторыя рашэньні ўладаў выклікалі пратэсты ў прадпрымальнікаў

Беларусы фактычна арганічна вырасьлі зь людзей, якія былі цалкам патэрналістамі — у людзей, якія разумеюць, што калі чалавек хоча, ён павінен мець магчымасьць зарабляць. І гэта даволі істотны зрух, бо калі ўлады сапраўды арыентуюцца на думку большасьці, то цяпер думка большасьці такая: трэба даць людзям магчымасьць зарабіць. Паважаць правы ўласнасьці, ствараць розныя ўмовы для ўсіх прадпрыемстваў.

— Але ёсьць і іншыя дадзеныя, паводле якіх адкрываць уласную справу беларусы ня вельмі схільныя. Працэнт ахвотных меншы, чым у Эўропе, і нават чым у суседніх краінах.

— Паводле нашага апошняга апытаньня, 42 працэнты сказалі, што хацелі б мець уласны бізнэс. Зразумела, што паміж хаценьнем і дзеяньнем можа быць прорва. Маюць свой уласны бізнэс у Беларусі толькі 3 працэнты. Але што ж вы хацелі — каб мы ў адзін момант усе сталі прадпрымальнікамі, калі з нас апошнія сто гадоў гэтае прадпрымальніцтва вытруцілі? Але добра, што ў нас была магчымасьць параўнаць гэтае апытаньне з аналягічным 10-гадовай даўнасьці — і зрухі відавочныя.

Актывы, якія былі прывабныя 10–15 гадоў таму, знаходзяцца не ў такім становішчы, каб іх некаму хацелася купіць за грошы

— Эканамісты сьведчаць, што менавіта дзяржаўныя прадпрыемствы цягнуць эканоміку краіны ўніз. Прыватныя даюць прыбытак у ВУП, а дзяржаўныя зьядаюць бюджэтныя датацыі. Але ж улады зь імі нічога ня робяць — няма прыватызацыі, рэструктурызацыі, санацыі.

— Вядома, хочацца больш хуткіх дзеяньняў. Але, па-першае, за апошні год дзяржаўныя прадпрыемствы трошкі падцягнуліся. Даўгі шмат якіх прадпрыемстваў проста пераклалі на бюджэт, каньюнктура на замежных рынках трошкі палепшылася — таму і стымулы для таго, каб штосьці рабіць зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, ва ўладаў трошкі зьменшыліся. Хаця за гэты час разуменьне таго, да якіх праблемаў дзяржпрадпрыемствы могуць прывесьці банкаўскі сэктар і бюджэт — гэтае разуменьне толькі ўмацоўвалася.

Вядома, хочацца, каб гэта мянялася хутчэй, але паўстае аргумэнт сацыяльнай абароны. Міністар фінансаў казаў у нас на форуме, што калі пачаць актыўна закрываць прадпрыемствы — то невядома, колькі людзей могуць страціць працу і крыніцу даходаў. Такая думка трохі стрымлівае і схіляе да больш спакойных дзеяньняў.

Што тычыцца прыватызацыі, то казаць пра тое, што зараз адразу прыйдуць замежныя ці ўнутраныя інвэстары — не выпадае. Бо тыя актывы, якія былі прывабныя 10–15 гадоў таму, шмат зь іх не ў такім становішчы, каб іх некаму хацелася купіць за грошы. Хіба атрымаць у падарунак, ці яшчэ з даплатай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад упершыню афіцыйна падтрымае ў Беларусі Ўсясьветны тыдзень прадпрымальніцтва

Нядаўна, напрыклад, прадалі прыватніку Бярозаўскі сыраробны камбінат. Мы настолькі адвыклі ад таго, што прыватнік атрымлівае дзяржаўнае прадпрыемства, што забываем, што гэта якраз і варта называць прыватызацыяй.

— Падчас нашай размовы вымалёўваецца такая вельмі аптымістычная карціна — і народ разумее рынкавыя каштоўнасьці, і чыноўнікі гатовыя да рэформаў. Але я нагадаю, што кіраўнік дзяржавы даволі канкрэтна паставіў урад у пэўныя рамкі, за якія няможна выходзіць. Вы лічыце, гэта толькі палітычная рыторыка ці гэта канкрэтная ўстаноўка, якая ўплывае на дзеяньні прадстаўнікоў ураду?

— Я думаю, гэта ня можа не ўплываць на прадстаўнікоў ураду. Пытаньне ў тым, што калі паглядзець на тыя рэформы, якія Беларусь зрабіла за апошнія гады — то гэта былі непазьбежныя крокі. Мы зрабілі тое, без чаго было немагчыма далей. Відаць, такі наш шлях — рабіць тыя рэформы, безь якіх проста немагчыма жыць далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для правядзеньня эканамічных рэформаў у Беларусі няма палітычнай волі»

І цяпер Беларусь вымушаная рабіць структурныя рэформы, бо інакш будзе горш і з пункту гледжаньня сацыяльнага. Калі не рэфармаваць дзяржаўныя прадпрыемствы — яны ж ня могуць вечна атрымліваць дапамогу зь бюджэту. Яны проста пачнуць звальняць людзей, і будзе толькі горш. Зараз нас чакае час павольных, але насычаных рэформаў.