Больш як 100 чалавек асуджаныя за арганізацыю і правядзеньне незаконных «рэфэрэндумаў» і «выбараў» на Данбасе ў 2014 годзе, паведаміў 9 лістапада ў Кіеве старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак.
Паводле яго, за правядзеньне незаконнага галасаваньня СБУ пачала 391 крымінальных справаў супраць 363 чалавек, зь якіх у суд з абвінаваўчымі актамі накіравалі 267 справаў.
Грыцак адзначыў, што за ўдзел у арганізацыі і правядзеньні незаконных «выбараў» 11 лістапада ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласьцяў, прадугледжаная крымінальная адказнасьць за «дзеяньні, скіраваныя на гвалтоўную зьмену або зрынаньне канстытуцыйнага ладу ці на захоп дзяржаўнай улады», «замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны» і «стварэньне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ: Расея вярбуе жонак украінскіх вайскоўцаў7 верасьня ў «ДНР» абвясьцілі пра намер абраць сабе новага лідара 11 лістапада. Гэта адбылося пасьля таго, як папярэдні кіраўнік Аляксандр Захарчанка 31 жніўня загінуў у выніку выбуху ў Данецку.
Рашэньне аб правядзеньні 11 лістапада выбараў кіраўніка і дэпутатаў прынялі і ў «ЛНР».
Гэта супярэчыць Менскім пагадненьням, згодна зь якімі мясцовыя выбары на непадкантрольных Украіне тэрыторыях магчымыя толькі пасьля палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту, у адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам і паводле стандартаў АБСЭ.