Фактычна «курылкі» існуюць, хоць дэ-юрэ забароненыя. І кураць там часам і тыя, хто павінен сачыць за выкананьнем забароны.
На сайце Petitions.by пачаўся збор подпісаў за легалізацыю месцаў для курэньня на тэрыторыі беларускіх установаў адукацыі.
Як адзначаюць у пэтыцыі, цяпер на тэрыторыі беларускіх установаў адукацыі забаронена курыць, але там усё адно паляць. Курцамі могуць быць у тым ліку прадстаўнікі адміністрацыі ўстановаў, якія павінны б сачыць за выкананьнем забароны.
Аўтары звароту прапануюць выправіць правілы: курыць «забаронена, за выключэньнем спэцыяльна вызначаных месцаў». Яны адзначаюць, што калі парушаюцца дробныя забароны, то гэта падвышае імавернасьць парушэньня іншых забаронаў — як беспакараныя дробныя злачынствы падвышаюць імавернасьць больш цяжкіх (што завецца «тэорыяй разьбітых шыбаў»).
«Праз адсутнасьць даступных для тых, хто курыць, спэцыяльна адведзеных месцаў, курэньне на тэрыторыі ўстановаў адукацыі можа адбывацца дэзарганізавана і замінаць навакольным людзям, якія ня паляць», — сьцьвярджаюць у пэтыцыі.
У Беларусі кураць тытунь 8,8% жанчын і 43,9% мужчын, старэйшых за 16 гадоў. Супраць распаўсюду курэньня дзяржава прымае пэўныя захады, напрыклад папераджальныя надпісы і «страшныя карцінкі» на цыгарэтных пачках.
Разам з тым дзяржава выдае бізнэсоўцу Аляксею Алексіну месцы па ўсёй Беларусі пад амаль 2500 шапікаў «Табакерка» — толькі ў Менску мае зьявіцца каля 500 новых пунктаў продажу цыгарэтаў. Супраць гэтага на Petitions.by сабралі ўжо больш за чатыры сотні подпісаў.