Міліцыя прайграла суд: аршанцы не «­махалі рукамі і нагамі»

Ілюстрацыйнае фота

Але кампэнсацыі за затрыманьне і хлусьню міліцыянтаў ім ня будзе.

Дзьве сям’і з Воршы выйгралі суд у міліцыянтаў і даказалі, што не аказвалі непадпарадкаваньня міліцыі ў час жорсткага затрыманьня, піша Naviny.by.

«Размахвала рукамі і нагамі», «спрабаваў зьдзейсьніць кідок супрацоўнікаў міліцыі на зямлю»

20 чэрвеня 2017 году Марыя і Іван Сухаваравы, Арцём Гатоўскі і Вольга Ваяводзкая разам сьвяткавалі заручыны Арцёма і Вольгі. Пры гэтым яны ўжывалі сьпіртныя напоі, але «не злоўжывалі», сьцьвярджалі яны на судзе. Калі сабраліся разьяжджацца па хатах, выклікалі таксі, а Вольга пайшла зьняць грошы ў банкамаце.

Каля банкамата да Ваяводзкай падышоў міліцыянт. Сухавараў і Гатоўскі прыйшлі спытаць, што здарылася, — да банкамата падышлі яшчэ тры міліцыянты і затрымалі Ваяводзкую, Гатоўскага ды Івана Сухаварава. Марыя Сухаварава засталася ў машыне зь дзецьмі.

«Было зьверскае затрыманьне, — казала Марыя Сухаварава Naviny.by. — Нашых мужчынаў залілі газам і закавалі ў кайданкі. Адвезьлі ў аддзел. Жаніх і нявеста, зьбітыя, ноч правялі на «мыйцы» [у выцьвярэзьніку], мужа і мяне адпусьцілі».

На судзе на наступны дзень па затрыманьні міліцыянты сьцьвярджалі, што Ваяводзкая была п’яная, мела неахайны выгляд, хісталася, таму яе хацелі даставіць у аддзяленьне для разбору, а яна адмовілася, «размахвала рукамі і нагамі», «драпалася пазногцямі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў

Мужчыны, якія заступіліся за яе, як сьцьвярджалі міліцыянты, таксама былі п’яныя: казалі, Сухавараў «прамаўляў абразьлівыя словы, размахваў рукамі, хапаўся за форменнае абмундзіраваньне, учыніў бойку з супрацоўнікамі міліцыі», а Гатоўскі «спрабаваў зьдзейсьніць кідок супрацоўнікаў міліцыі на зямлю, біў нагамі па службовым аўтамабілі». Таму, сьцьвярджалі міліцыянты, яны і ўжылі пры затрыманьні спэцсродкі.

Па выніках таго суду на наступны дзень па затрыманьні Гатоўскаму і Сухавараву прысудзілі 529 рублёў за абразу міліцыянтаў і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням (артыкулы 23.4 і 23.5 КаАП РБ), Ваяводзкай — 69 рублёў за непадпарадкаваньне. На Марыю Сухавараву пазьней склалі пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху, бо яна, сьцьвярджалі міліцыянты, хадзіла па дарозе.

Міліцыянты «не ўключылі» відэарэгістратары, але ўсё запісала камэра на доме

Аршанцы абскардзілі рашэньне ў абласным судзе, справу разгледзелі ў мінулым верасьні. Выявілася, што канфлікт быў запісаны на камэру відэаназіраньня банка, побач зь якім стаяў банкамат. І тое відэа не пацьвердзіла паказаньні міліцыянтаў — а на судзе выявілася, што відэарэгістратары саміх міліцыянтаў чамусьці былі адключаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч дапусьціў магчымасьць некампэтэнтнасьці міліцыянтаў

На відэа з камэры банка відаць, што Ваяводзкая ішла звычайнай хадой, хіба зрабіла адзін «незвычайны» крок убок, Гатоўскі не спрабаваў схапіць міліцыянта за форму, Сухавараў не ўчыняў бойкі. Судзьдзя спыніла адміністрацыйную справу празь «недаказанасьць віны» (пазьней прызналі недаказаным і парушэньне правілаў дарожнага руху Сухаваравай).

Пасьля аршанцы спрабавалі дамагчыся кампэнсацыі маральнай шкоды, але суд адмовіў — не прызнаў іх пацярпелымі.

Сьведкі-міліцыянты — звычайная справа ў Беларусі

Згодна зь беларускім заканадаўствам міліцыянты могуць выступаць сьведкамі на судзе, у тым ліку могуць быць адзінымі сьведкамі ў справе, у якой самі і праводзілі затрыманьне. Найчасьцей суды прымаюць паказаньні міліцыянтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьведкі-міліцыянты бачаць тых, каго няма, і чуюць крык тых, хто крычаць ня можа

Даволі распаўсюджаная фармулёўка пры «хуліганстве» — затрыманы «махаў рукамі, выкрыкваў нецэнзурныя словы». Часта затрыманыя абвяргаюць гэта. Ёсьць і відэадоказы таго, што за нецэнзурную лаянку на мітынгу прынялі словы «я журналіст» , і гісторыі пра затрыманых міліцыяй супэргерояў са «здольнасьцямі» да тэлепартацыі, бязгучнага крыку і авацыяў адной рукой. Аляксандра Лукашэнку ў 2013 годзе ўганаравалі «Шнобэлеўскай прэміяй» у тым ліку за штраф аднарукаму, які нібыта пляскаў у ладкі.

Пра выпадкі пакараньня міліцыянтаў за хлусьню на судзе або за адключаныя відэарэгістратары не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры беларускія супэргероі, якіх штрафуе міліцыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Рагачова, якому міліцыянты зламалі рэбры, суд аштрафаваў другі раз