У Беларусі справа супраць Вячаслава Кушнера, які абвінавачваецца ў перадачы хабару, была заведзеная ў 2017 годзе — праз год пасьля ягонага пераезду ва Ўкраіну, на падставе паказаньняў аднаго яго колішняга падначаленага.
Акружны адміністрацыйны суд Кіева абавязаў Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны надаць статус уцекача грамадзяніну Беларусі Вячаславу Кушнеру, экстрадыцыі якога патрабуе Беларусь на падставе крымінальнай справы ў дачыненьні беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча і шасьці іншых супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства.
Вячаслаў Кушнер паведаміў, што працаваў у кампаніі «Сармат-СТІ» на працягу амаль сямі гадоў і меў сяброўскія дачыненьні зь яе заснавальнікам Аляксандрам Кныровічам.
«Відавочна цесныя сяброўскія стасункі і факт супрацоўніцтва з Аляксандрам Кныровічам у ТАА „Сармат-Тэрма-Інжынірынг“ сталі падставай для абвінавачаньняў Вячаслава Кушнера, бо ніякіх іншых зафіксаваных доказаў і пацьверджаных фактаў няма ні ў пастанове аб адкрыцьці крымінальнай справы сьледчага КДБ Рэспублікі Беларусь, ні ў пастанове аб ягоным арышце, акрамя паказаньняў аднаго чалавека, да таго ж былога падначаленага», — адзначаецца ў рашэньні кіеўскага суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнігаве арыштаваны яшчэ адзін беларус. Гэтым разам на запыт БеларусіСуд мяркуе, што Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны мусіць пераправерыць факты, выкладзеныя ў матэрыялах беларускіх СМІ, якія пацьвярджаюць «жорсткае і нават тыранічнае стаўленьне дзейнай улады да бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча і ягоных аднадумцаў», а таксама факты фальсыфікацыі справы.
Апроч таго, суд спасылаецца на штогадовую справаздачу Рады замежных спраў Эўразьвязу аб правах чалавека і дэмакратыі ў сьвеце ў 2017 годзе — у ёй адзначаецца пагаршэньне становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з павелічэньнем колькасьці палітычна матываваных арыштаў, затрыманьняў і штрафаў у дачыненьні актывістаў апазыцыі, праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў прафсаюзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд забараніў Генпракуратуры Ўкраіны экстрадыцыю беларуса Вячаслава КушнераУ рашэньні суду таксама згадваецца справаздача USDOS (Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША), у якой Беларусь вызначана аўтарытарнай дзяржавай, бо грамадзяне не маглі выбіраць свой урад на свабодных і справядлівых выбарах.
Раней кіеўскі суд забараніў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны экстрадаваць Вячаслава Кушнера да канчатковага разгляду ягонай заявы аб атрыманьні статусу ўцекача.
Вячаслаў Кушнер быў затрыманы ўкраінскімі памежнікамі 24 лістапада 2017 году ў міжнародным пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» пры выезьдзе з Украіны на тэрыторыю Беларусі. У студзені Ўкраіна пагадзілася на ягоную экстрадыцыю ў Беларусь.