Плян Лукашэнкі для Ўкраіны: імідж — усё

Аляксандар Лукашэнка выступае на пасяджэньні Асноўнай групы Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы, 31 кастрычніка 2018

Пасяджэньне Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы (МКБ) у Менску несумненны посьпех беларускай дыпляматыі. Праўда, ранг гэтага пасяджэньня ніжэй, чым сама канфэрэнцыя ў баварскай сталіцы, але раней афіцыйнаму Менску ня сьніўся і такі.

Цэнтральнай падзеяй пасяджэньня стаў выступ прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, а ў ім — прапановы па ўрэгуляваньні крызісу ва Ўкраіне. Пра гэта Лукашэнка казаў і на нядаўнім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, на пасяджэньні Асноўнай групы МКБ ён дэталізаваў свае прапановы.

Самыя важныя пункты мірнага пляну:

  • Ускласьці на Беларусь «адказнасьць за забесьпячэньне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы»;
  • Правесьці на Данбасе выбары пры «суправаджэньні» Беларусі, «зыходзячы з разуменьня таго, што гэтыя рэгіёны зьяўляюцца неадʼемнай часткай Украіны».


Аднак гэтыя самыя важныя пункты ўяўляюцца і самымі сумнеўным у сэнсе рэалізуемасьці.

Украіна дамагаецца ўласнага кантролю і над усім Данбасам, і над мяжой. Для яе беларускі кантроль мяжы — гэта амаль тое ж самае, што расейскі кантроль. Тое ж адносіцца і да «суправаджэньня» Беларусьсю выбараў у Данбасе. Гэта так, нават калі ня ўлічваць агульнавядомую «празрыстасьць» выбараў у самой Беларусі.

Тое, што Ўкраіну ня ўражваюць беларускія прапановы, было відавочна па рэакцыі ўкраінскага боку падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Украінскія прадстаўнікі зрабілі выгляд, што не пачулі прапановы гаспадара форуму.

Аднак прапановы Менску наўрад ці даспадобы і Расеі. Згодна з расейскай інтэрпрэтацыяй Менскіх пагадненьняў кантроль над мяжой павінен быць перададзены Кіеву (а не каму б там ні было), але толькі пасьля прымірэньня ў Данбасе, як яно бачыцца Маскве. Зь іншага боку, у Крамлі наўрад ці падзяляюць меркаваньне, што рэгіёны Данбасу, не кантраляваныя Кіевам, «зьяўляюцца неадʼемнай часткай Украіны».

Іншымі словамі, мірны плян Лукашэнкі для Ўкраіны — гэта нешта накшталт Васюкінскага шахматнага турніру Астапа Бэндэра з «12 крэслаў». Хутчэй за ўсё, гэта разумее і сам прэзыдэнт Беларусі. Зрэшты, як і ў Бэндэра, героя культавага савецкага рамана, мэта Лукашэнкі — зусім не практычная рэалізацыя яго амбіцыйных прапаноў.

Яго мэта — абнавіць свой імідж міратворцы, які істотна пабляк у выніку як рашэньняў Менскага пасяджэньня Сыноду РПЦ, так і заяваў як расейскіх чыноўнікаў, так і яго ўласных, наконт адказу на дзеяньні і пляны дзеяньняў NATO.

Ну а тут Беларусь зноў абвяшчае, што яна за мір, што яна гатовая яго дамагацца. А не атрымаецца – дык не атрымаецца. А ў каго атрымліваецца? А ўражаньне зрабіць можа і атрымаецца. Ну і перад расейцамі абгрунтаваць сваё нежаданьне ісьці цалкам у фарватэры іх палітыкі. Мір – гэта не сынонім перамогі Расеі.

Рэакцыя на мірны плян Лукашэнкі для Ўкраіны паказвае абмежаваньні, якія мае славутая «шматвэктарнасьць» зьнешняй палітыкі Беларусі. Вэктараў можа і шмат, але прырода іх — розная. Беларусь знаходзіцца ва ўсіх мажлівых саюзах з Расеяй, усе яны ў большай ці меншай ступені юрыдычна абавязваючыя іх удзельнікаў, і Беларусь у тым ліку. Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, але Беларусь — вайсковы, палітычны і ўсялякі іншы саюзьнік Расеі.

Зь іншага боку, ні ЭЗ, ні ЗША, ні Кітай — ніякія не саюзьнікі Беларусі. З аднымі зь іх адносіны лепей, зь іншымі — горш, але ўсе гэтыя адносіны, па сутнасьці, без абавязаньняў.

Таму ўся шматвэктарнасьць выяўляецца (калі выяўляецца) у паўтанах: Беларусь робіць выгляд, што яна як бы не зусім саюзьнік, не ва ўсім саюзьнік Расеі, і пры гэтым яна як бы саюзьнік іншых блізкіх і далёкіх суседзяў.

Дасягаецца гэтае ўражаньне разнастайнымі жэстамі — вось правялі Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі, а неўзабаве пасьля — такі ж форум з украінцамі. Вось прыехаў амэрыканскі дыплямат, памочнік дзяржсакратара ЗША Уэс Мітчэл — яму гаворыцца, што Беларусь гатовая стаць «самым надзейным, сумленным і шчырым партнэрам» ЗША.

Некаторы час таму Мітчэл заявіў, што «нацыянальны сувэрэнітэт такіх краін, як Украіна, Грузія, нават Беларусь — гэта заслон супраць расейскага нэаімпэрыялізму».

Краіна, якая знаходзіцца з Расеяй у АДКБ, ЭАЭС і саюзнай дзяржаве, у ролі заслоны супраць «расейскага нэаімпэрыялізму» — гэта, вядома, прыгожа. Але гэта азначае, што ў Вашынгтоне гатовыя гуляць у гульню, якую прапануе Менск. А ў Менску прымаюць пас. Заслона — дык заслона, не пытаньне. Для Расеі — яе фарпост. Чаму б паралельна ня пабыць і заслонай ад яе?

Усе гэтыя манэўры не азначаюць, што Беларусь разарве сувязі з Расеяй, зьменіць геапалітычны курс на процілеглы. На гэта наўрад ці разьлічваюць і ў Вашынгтоне. Рэальныя зьмены могуць тычыцца нюансаў: могуць быць адноўлены паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны, могуць быць зьнятыя, а не замарожаныя, як цяпер, санкцыі, ЗША могуць аказаць уплыў на МВФ у сэнсе больш добразычлівага стаўленьня фонду да Беларусі.

Адпаведна і Менск можа зрабіць некалькі крокаў насустрач Амэрыцы. Ня надта шырокіх, але прыкметных.

Геапалітыка пераважае над усімі астатнімі тэмамі і сюжэтамі. Сьвет калі не набліжаецца да прорвы, то, у любым выпадку, ня робіцца больш бясьпечным. У такой сытуацыі ўнутраная будова «фігур» на «вялікай шахматнай дошцы» — ня самы важны фактар.

Хітрыя саюзьнікі і партнэры — зусім не навіна ў сусьветнай палітыцы, вопыт адносін з падобнымі гульцамі ёсьць і ў Захаду, і ў Расеі, і ў Кітаю.

І зь Беларусьсю гульня будзе працягвацца.

Перадрук з парталу TUT.BY