У Вялікабрытаніі пачалі прадаваць марыхуану як лекавы сродак — пацыенты змогуць атрымліваць лячэбны канабіс на рэцэпт, паведаміла брытанскае Міністэрства ўнутраных справаў.
Там адзначылі, што паступленьне ў афіцыйны продаж мэдыкамэнтаў на аснове канабісу не прывядзе да легалізацыі марыхуаны.
Да зьмены правілаў урад падштурхнула кампанія, якую праводзіла сям’я Кэлдуэл, у якой двое дзяцей цярпяць на эпілепсію. Яны сьцьвярджалі, што стан іх сына палепшыўся пасьля паездкі ў Нідэрлянды, дзе яго лекавалі алеем канопляў. Раней марыхуана лічылася наркотыкам клясы «Б», які было забаронена захоўваць. Паўторнае парушэньне пагражала турэмным тэрмінам да пяці гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 3 17 кастрычніка ў Канадзе можна цалкам легальна курыць марыхуану- З 17 кастрычніка ў Канадзе ўступіў у сілу закон, які цалкам легалізуе канабіс для выкарыстаньня ў рэкрэацыйных мэтах. Канада стала другой у сьвеце (пасьля Уругваю) і першай сярод краін «вялікай сямёркі», дзе легалізаваная марыхуана.
- Цягам апошніх гадоў продаж марыхуаны ўраздроб быў дазволены ў дзевяці штатах у ЗША, аднак, згодна з фэдэральным законам, такі продаж зьяўляецца незаконным.
- Выкарыстаньне марыхуаны ў асабістых мэтах цалкам легальнае ва Ўругваі.
- Ужываньне марыхуаны дзеля асалоды некалькі разоў прызнаваў законным Вярхоўны суд Мэксікі. Бліжэйшым часам пытаньне аб легалізацыі рэкрэацыйнай марыхуаны паступіць на разгляд у парлямэнт краіны.
- У Грузіі рыхтуюць законапраект, які дазволіць вырошчваць і экспартаваць каноплі. Ва ўрадзе заяўляюць, што толькі ў мэдычных і касмэтычных мэтах. Прыхільнікі і праціўнікі легалізацыі лічаць гэтае рашэньне яшчэ адным крокам да поўнага ўзаконьваньня марыхуаны.
У Беларусі марыхуана лічыцца наркатычным сродкам і яе ўжываньне забароненае, а за продаж жорстка караюць.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.