Кіеў працягвае эўраінтэграцыю, цяпер і ў электраэнэргетыцы.
Улады Ўкраіны вырашылі адмовіцца ад паралельнай працы з энэргасыстэмамі Беларусі і Расеі.
Паралельная праца энэргасыстэм Беларусі, Расеі і Ўкраіны была створаная яшчэ ў савецкія часы, гэта павялічвала магчымасьці рэзэрваваньня магутнасьцяў на выпадак аварый і адключэньняў у пэўных рэгіёнах.
У 2010 годзе Беларусь, Расея і Ўкраіна падпісалі трохбаковае тэхнічнае пагадненьне аб забесьпячэньні паралельнай працы энэргасыстэм трох краін. Яно прадугледжвала ўзгадненьне дзеяньняў па ператоку электрычнай энэргіі і эксплюатацыі міждзяржаўных ліній электраперадач.
«Поўная сынхранізацыя ўкраінскай энэргетычнай сыстэмы з эўрапейскай і яе аддзяленьне ад паралельнай працы з энэргетычнымі сыстэмамі Расеі і Беларусі зьяўляецца ключавым стратэгічным прыярытэтам для Ўкраіны», — заявіла намесьніца міністра энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Натальля Бойка.
Паводле яе, Украіна «крок за крокам» ажыцьцяўляе ўсе неабходныя захады па выкананьні сваіх міжнародных абавязаньняў на эўраінтэграцыйным шляху, прытрымліваецца курсу на правядзеньне глыбокіх і сыстэмных рэформаў, накіраваных на павышэньне ўзроўню энэргетычнай бясьпекі, разьвіцьцё канкурэнцыі, абарону правоў спажыўцоў і рынкавую інтэграцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паднялася на адну пазыцыю ў рэйтынгу Doing Business. Але адстае ад усіх суседзяў, акрамя ЎкраіныГэтую заяву Натальля Бойка зрабіла ў Кіеве на сэмінары па ацэнцы інфраструктуры і праектаў сумеснай цікавасьці Ўсходняга партнэрства, які адбыўся пад эгідай Энэргетычнай Супольнасьці ў рамках праекту EU4Energy. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі рэгулятараў Украіны, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі і Беларусі.
Летась у ліпені, сустракаючыся ў Кіеве з Аляксандрам Лукашэнкам, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Ўкраіна гатовая аднавіць пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь, спыненыя ў 2014 годзе. Аднак пастаўкі так і не аднавіліся.
У межах паралельнай працы беларускай і ўкраінскай энэргасыстэм Украіна ў 2017 годзе імпартавала зь Беларусі 1,1 мільёна кіляват-гадзін электраэнэргіі. Гэты аб’ём быў закантрактаваны дзяржаўным украінскім прадпрыемствам «Энэргарынак» як «тэхналягічнае перамяшчэньне». За пяць месяцаў 2018 году паводле аналягічных кантрактаў зь Беларусі ва Ўкраіну было пастаўлена 0,596 мільёна кіляват-гадзінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БелАЭС пачалі зьбіраць першы рэактар