Швайцарскія праваабаронцы зьвярнуліся да Лукашэнкі з просьбай памілаваць асуджаных на расстрэл беларусаў

Асуджаны да сьмяротнага пакараньня Вячаслаў Сухарка пасьля абвяшчэньня прысуду, архіўнае фота

Праваабарончая арганізацыя ACAT-Швайцарыя 30 кастрычніка накіравала пэтыцыю на адрас Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пэтыцыя, якую падпісалі 2640 сябраў арганізацыі, заклікае замяніць сьмяротнае пакараньне Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарку, а таксама прыслухацца да заклікаў міжнароднай супольнасьці аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Як паведаміў праваабаронцам «Вясны» каардынатар АСАТ Дамінік Ёрыс, копіі пэтыцыі паслалі таксама старшыні Камісіі па памілаваньні пры прэзыдэнце Беларусі Валерыю Міцкевічу і амбасадару Беларусі ў Швайцарыі Паўлу Мацкевічу.

Акцыя швайцарскіх праваабаронцаў была прымеркаваная да Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаўся 10 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 300 сьмяротных выракаў за часы незалежнасьці. 10 фактаў пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

На пачатку 2018 году з ініцыятывай дасылаць прэзыдэнту Лукашэнку лісты з заклікам спыніць выкананьні ўжо вынесеных сьмяротных прысудаў і замяніць меру пакараньня Сухарку і Жыльнікаву, а таксама неадкладна абвясьціць мараторый на пакараньні сьмерцю, каб у будучыні зусім яго адмяніць, выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

10 кастрычніка, з нагоды Эўрапейскага і Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня, Рада Эўропы і Эўразьвяз чарговы раз заклікалі Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе працягваюць выносіць сьмяротныя прысуды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вынесьлі сьмяротны прысуд двум мужчынам

20 студзеня 2018 году Менскі гарадзкі суд вынес прысуд фігурантам справы аб забойстве трох чалавек. Вячаслаў Сухарка і Аляксандар Жыльнікаў прысуджаныя да выключнай меры пакараньня — расстрэлу, Аліна Шульганава — да 12 гадоў пазбаўленьня волі. 29 траўня ў Вярхоўны суд пастанавіў пакінуць прысуд бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня.

«Дзеяньні хрысьціянаў за адмену катаваньняў» (ACAT) — міжнародная няўрадавая праваабарончая арганізацыя, мэта якой — ліквідацыя катаваньняў і сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце. ACAT таксама ўмешваецца ў адвольныя затрыманьні і несправядлівыя судовыя разьбіральніцтвы. ACAT у выглядзе нацыянальных арганізацый прадстаўленая ў 30 краінах сьвету.