Гістарычную частку кладоў узяліся аднаўляць на прыватныя ахвяраваньні, якія зьбірае юдэйская рэлігійная грамада «Хабат». Работы пачаліся, каб уратаваць старыя надмагільлі ад зьнішчэньня і дамагчыся для могілак статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
«Парадкуем могілкі і дамагаемся для іх ахоўнага статусу»
Суму сабраных сродкаў кіраўніцтва суполкі не агучвае.
«Наша задача — адрэстаўраваць надмагільныя збудаваньні і атрымаць для могілак статус гісторыка-мэмарыяльнай каштоўнасьці. Ён будзе гарантаваць іх недатыкальнасьць», — кажа старшыня юдэйскай рэлігійнай грамады «Хабат» Алег Каган.
«На могілках, — дадае ён, — пахавана нямала вядомых асобаў апошніх двухсот гадоў. Многія зь іх укладалі пры жыцьці няма высілкаў і сродкаў у разьвіцьцё гораду. Плён гэтага мы можам пабачыць, прыкладам, у помніках архітэктуры. Наш клопат, каб іхныя магілы таксама ацалелі і сталі часткай беларускай гісторыі».
Для атрыманьня ахоўнага статусу, запэўніваюць у габрэйскай грамадзе, пакет дакумэнтаў сабраны. Пытаньне разглядае Магілёўскі гарвыканкам.
Пад пагрозай зьнішчэньня старыя надмагільлі апынуліся пасьля ўступленьня ў сілу новай рэдакцыі закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятай у 2015 годзе. Цяперашнія нормы даюць мясцоваму дзяржаўнаму спэцыялізаванаму прадпрыемству права ўтылізаваць надмагільлі, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне». Такіх на магілках больш за сто.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскія могілкі чакае татальная зачыстка. Старыя надмагільлі пад пагрозайЗ гісторыі габрэйскіх могілак
- Афіцыйна могілкі існуюць з 1809 году. Пляцоўку пад іх тагачасная габрэйская грамада выкупіла ў гораду.
- З другой паловы 1970-х могілкі пачалі занепадаць. У той час значна скарацілася габрэйская грамада, якая прыглядала ня толькі за магіламі сваіх родзічаў, але і за пахаваньнямі сваякоў тых, што загінулі ў Галакосьце. — Фармальна могілкі лічацца закрытымі. Хаваць дазваляецца толькі пры наяўнасьці месца на агароджаных пляцоўках. Ад 1970-х гадоў на іх хаваюць асобаў розных веравызнаньняў.
- У 2014 годзе актывісты габрэйскай грамады апісалі больш за 600 тутэйшых старых магіл. Кожнай шостай пагражае зьнішчэньне адпаведна новай рэдакцыі закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе».
- У 2018 годзе сытуацыяй на могілках зацікавілася амбасада Ізраілю. Прадстаўнікі гарвыканкаму паабяцалі хадайнічаць перад Міністэрствам культуры, каб могілкам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Чыноўнікі, аднак, паставілі ўмову: на працягу двух гадоў на кладах мае быць наведзены парадак.
Рабочы: «Занядбаных могілак ня мусіць быць — гэта наша гісторыя»
Габрэйскія могілкі займаюць 6,6 гектара. Гістарычная частка ахоплівае траціну гэтай плошчы. Пакуль працай ахоплена невялікая пляцоўка 15×15 мэтраў. На ёй апрабоўваюцца захады для далейшай рэстаўрацыі ўсіх тутэйшых надмагільляў. Па ёй будзе вызначаны і аб’ём неабходнага фінансаваньня.
На гэтай пляцоўцы прыбранае сьмецьце, высечанае кустоўе. Ад урослых камлёў вызваляюцца агароджы. Пні вялікіх дрэваў апрацаваныя адмысловым рэчывам, каб за зіму яны спарахнелі. Падрыхтаваныя траншэі для ходнікаў з пліткі. Як запэўніваюць рабочыя, да зімы іх пракладуць.
«Працы тут шмат, — кажа рабочы Сяргей. — І ня дзіва, бо столькі гадоў могілкі былі без прыгляду. Месцамі ад надмагільляў застаўся толькі падмурак, а помнік зьнік».
На пляцоўцы нямала паваленых мармуровых помнікаў. Па словах Сяргея, гэта наступствы разрастаньня каранёў.
Рабочы кажа: упарадкаваная пляцоўка пакажа наведнікам, як будуць выглядаць адноўленыя могілкі.
Габрэйскія надмагільлі — помнікі гісторыі і культуры
Лідэр грамадзкай габрэйскай грамады гораду Аляксей Каплан адзначае: габрэйскія могілкі разбураюцца ва ўсёй Усходняй Эўропе. Нашчадкі пахаваных альбо загінулі ў Галакосьце, альбо зьехалі, і клады засталіся безгаспадарнымі.
Паводле яго, у Нямеччыне і часткова ў Польшчы адказнасьць за іх захаваньне бярэ дзяржава. Ва Ўкраіне гэтым займаюцца валянтэры, якіх падтрымліваюць мясцовыя спонсары ды фонды. Могілкі ў Магілёве, кажа ён, могуць стаць першымі ў Беларусі, якім надалі ахоўны статус і якія адноўленыя на прыватныя ахвяраваньні. Перашкод у гэтых пытаньнях з боку ўлады няма.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што на габрэйскіх могілках шмат помнікаў, зробленых прафэсійнымі рэзчыкамі з дарагога каменю ды аздобленых індывідуальнымі эпітафіямі і выявамі, характэрнымі для ХІХ стагодзьдзя. Выраблялі іх у Варшаве, Вільні, Санкт-Пецярбургу.
«Асаблівасьць габрэйскіх могілак у Магілёве ў тым, — даводзіць Аляксей, — што такія надмагільлі захаваліся толькі тут, бо старыя клады ў Менску, Гомлі, Горадні, Віцебску разбураныя. Магілёўскімі могілкамі цікавяцца звычайныя людзі і адмыслоўцы. Некаторыя зь іх ахвяруюць грошы і вераць у тое, што іхныя сродкі выратуюць могілкі».
Паводле Аляксея, тыя з іншаземцаў, якія ўбачылі на ўласныя вочы стан пахаваньняў, ня могуць застацца абыякавымі.
Адновяць і помнікі на магілах сваякоў прэзыдэнта Ізраілю
На пляцоўцы, якую ўзяліся аднаўляць, магілы сваякоў цяперашняга прэзыдэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна.
Мясцовыя дасьледнікі габрэйскай мінуўшчыны, абапіраючыся на кнігу «Генэалёгія сям’і Рыўліных», а таксама энцыкляпэдычныя зьвесткі, сьцьвярджаюць: пахаваныя на кладах купцы Арон-Эліэзэр і Хаім Сімховічы — родзічы кіраўніка ізраільскай дзяржавы. Як і Рэўвэн Рыўлін, яны паходзяць з старажытнага роду, карані якога сягаюць у XVI стагодзьдзе да сьвятога рабіна Ёсіфа.
Помнікі Сімховічаў, Рыўліных, як і многіх іншых, пашкоджаныя, альбо паваленыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейскія валянтэры вяртаюць памяць пра габрэяў у беларускіх Бешанковічах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінула 75 год ад зьнішчэньня Менскага гета. Чаму ў Беларусі няма музэю Галакосту?