Ленінскі суд Берасьця аштрафаваў Сяргея Пятрухіна на 1225 рублёў (50 базавых велічыняў) за відэаролік, зьмешчаны на Youtube і ў сацсетках.
Судзьдзя Аляксандар Семянчук прызнаў яго вінаватым у закліку да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў Берасьці 14 кастрычніка.
Сяргей Пятрухін заявіў, што віны не прызнае, бо гэты ролік ён запісаў, але не выкладаў.
«Я прапанаваў судзьдзі праверыць, гэта можна лёгка зрабіць, што відэа было апублікаванае з-за мяжы, але ня мною. Судзьдзя маё хадайніцтва адхіліў», — кажа Сяргей Пятрухін.
Пятрухін сказаў, што абураны другім прысудам за адну і тую ж акцыю. За ўдзел у ёй ён ужо адбыў 5 сутак арышту.
Сяргей Пятрухін падлічыў, што за час пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу яму агулам прысудзілі больш як 3500 эўра штрафаў. Значную іх частку дапамаглі выплаціць берасьцейцы.
На сёньняшні суд Сяргей Пятрухін прыйшоў з падрыхтаванай на выпадак арышту торбай.
«Склаў туды кавалак сала, шахматы ўзяў, каб бавіць час, сродкі гігіены».
Блогер кажа, што атрымаў «запрашэньне» зьявіцца ў міліцыю ў нядзелю 4 лістапада на час, калі звычайна на плошчы зьбіраюцца пратэстоўцы. Падчас мінулых дзьвюх акцый ён адбываў адміністрацыйныя арышты.
Акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу штонядзелі адбываюцца на галоўнай плошчы Берасьця ўжо некалькі месяцаў.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.