Беларускі прэм’ер-міністар Сяргей Румас 31 кастрычніка, прадстаўляючы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў праграму свайго ўраду на 2018–2020 гады, заявіў, што «дзяржава гатовая пайсьці на сур’ёзныя крокі, кшталту адмены крымінальнага перасьледу за парушэньні ў сфэры падатковага заканадаўства».
Такі намер старшыня ўраду патлумачыў тым, што «беларускай эканоміцы жыцьцёва неабходныя інвэстыцыі і праекты прыватнага бізнэсу».
Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук у камэнтары для Свабоды адзначыў, што меркаваньне прэм’ера — яшчэ не рашэньне:
«У нашай краіне рэальна існуюць тры ўрады. Першы — на чале са спадаром Румасам. Другі — прэзыдэнцкая Адміністрацыя. Трэці — сілавікі. Яны, на мой погляд, і маюць права апошняй пячаткі. А паколькі нідзе не чуваць, што сілавікі падтрымліваюць навацыю Румаса, то яе пэрспэктывы цьмяныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты задалі 11 пытаньняў прэм’еру Румасу. Самае цікаваеЯшчэ адна ідэя прэм’ера — зьменшыць адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва
«Да выпрацоўкі шляхоў зьніжэньня адлічэньняў у ФСАН пакуль не падышлі, хоць ёсьць разуменьне, што гэтую нагрузку трэба паступова перакладаць з прадпрыемстваў на работнікаў — паступова, можа па 1% на год... Зразумела, што ўсе хацелі б плаціць менш падаткаў, але ёсьць сацыяльныя абавязаньні, ёсьць амбітныя пляны павелічэньня заробкаў бюджэтнікаў», — сказаў Сяргей Румас.
Эканаміст Раманчук на гэта кажа, што ня бачыць розьніцы для падаткаплатніка, зь якой крыніцы плаціць падаткі.
«Хіба ня ўсё роўна, ці ён будзе плаціць сам, ці за яго гэта будзе рабіць прадпрыемства альбо нейкая іншая юрыдычная асоба? Гэта абсалютна не прынцыпова. Цяжар падатковай нагрузкі на фонд заработнай платы ня зьменшыцца.
Тут трэба прынцыпова мяняць мэханізм фінансаваньня пэнсійнай сыстэмы», — перакананы кіраўнік фонду Мізэса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румас агучыў 10 найважнейшых задач новага складу беларускага ўраду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ў праграме ўраду, якому Лукашэнка казаў «вазіць гной на палі, а не распрацоўваць стратэгіі»