Абаронцу Курапат Валера Рабцава аштрафавалі за ўсталяваньне ля Курапатаў крыжоў, патрабуюць іх зьнесьці.
Супрацоўнікі прадпрыемства «Менскаблдарбуд» склалі пратакол на Валера Рабцава, якога палічылі вінаватым у парушэньні закону «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасьці».
Паводле дарожнікаў, у верасьні Валер Рабцаў разам са Зьмітром Дашкевічам ды яшчэ 4 актывістамі парушыў гэты закон, бо не ўзгадніў усталяваньне 13 крыжоў уздоўж аўтадарогі «Заслаўе — Калодзішчы», на 15-м яе кілямэтры. Гэта той кавалак дарогі, які мяжуе з урочышчам Курапаты на поўначы.
Рабцаву са згоды генэральнага дырэктара «Менскаблдарбуду» Дзяніса Сьцяпанава выпісалі штраф памерам 2 базавыя велічыні.
Дарожнікі таксама патрабуюць ад актывіста да 31 кастрычніка дэмантаваць крыжы і прыбраць прыдарожную тэрыторыю. Таксама Валера Рабцава папярэдзілі, што ў выпадку адмовы крыжы будуць дэмантаваныя дарожнай службай, а гэта будзе каштаваць актывісту больш за 730 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дашкевіч з паплечнікамі паставіў яшчэ 9 крыжоў у КурапатахАпоўдні 31 кастрычніка карэспандэнт Свабоды абышоў па пэрымэтры Курапацкі лес. 13 крыжоў, пра якія ідзе гаворка ў пастанове, складзенай супрацоўнікамі «Менскаблдарбуду», стаяць па-ранейшаму. Ніякіх прац вакол іх карэспандэнт не заўважыў.
Прыбіраць крыжы ня будзем, — Дашкевіч
Абаронца Курапатаў Зьміцер Дашкевіч, які ўдзельнічаў у іх усталяваньні, кажа, што крыжы, пастаўленыя ўздоўж дарогі «Заслаўе — Калодзішчы» каля Курапатаў, — частка народнага мэмарыялу.
«Мы іх прыбіраць ня будзем. І вось зь якой прычыны. Гэтыя крыжы — частка народнага мэмарыялу, а не прыдарожныя аб’екты. А Курапаты — гістарычная каштоўнасьць і ахоўваюцца адмысловым законам. Дарожнікі хай паглядзяць уважлівей: на месцы, дзе ўсталяваныя гэтыя 13 крыжоў, і раней стаялі крыжы, якія ўжо спарахнелі, ад іх засталіся яміны і дзе-нідзе рэшткі ў лесе далей ад дарогі. То бок мы нічога не парушылі, а супрацоўнікі „Менскаблдарбуду“ перавышаюць свае паўнамоцтвы».
Паводле Зьмітра Дашкевіча, яго таксама выклікалі на разгляд падобнага пратаколу, але ён не пайшоў. «Валер пайшоў, вось яго і вырашылі пакараць».
Валер Рабцаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што не зьбіраецца плаціць штраф і самаручна зносіць крыжы.
«Ня дзеля таго іх ставілі. А гэтую пастанову дарожнікаў буду абскарджваць. Ужо сёньня сустракаюся з праваабаронцамі, каб падаць скаргу», — сказаў абаронца Курапатаў.
Другі пратакол за крыжы
Паводле Валера Рабцава, раніцай 31 кастрычніка ён атрымаў па пошце яшчэ адзін пратакол за тыя самыя 13 крыжоў — гэтым разам з ідэалягічнага аддзелу Менскага райвыканкаму.
«Даслалі пратакол, у якім пішуць, што я нібыта парушыў пастанову ўраду, якой зацьверджаны парадак усталяваньня архітэктурных аб’ектаў. Паперу падпісаў чыноўнік С. Шаблыка. За гэта таксама можа быць штраф. Калі выпішуць, таксама буду аспрэчваць. А яшчэ зьвярнуся ў пракуратуру, каб праверылі, наколькі законныя дзеяньні чыноўнікаў».
Вакол урочышча Курапаты цягам ліпеня-верасьня Зьміцер Дашкевіч зь іншымі актывістамі ўсталявалі дадаткова 70 крыжоў вышынёй больш за 3 мэтры. Гэтыя крыжы добра відаць зь менскай кальцавой аўтадарогі і дарогі «Заслаўе — Калодзішчы». Грошы на ўсталяваньне гэтых крыжоў зьбіралі добраахвотна, было сабрана звыш 5 тысяч даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах. ФОТА, ВІДЭА