Сьмерць у віне

Часам жыцьцё адбываецца ня толькі ў кампутары — варта толькі адвесьці вочы ад экрану і зірнуць у вакно.

У гэты пагодны дзень ў Празе Новыя габрэйскія могілкі за вокнамі Радыё Свабода зьзяюць апошнім восеньскім золатам. Паміж помнікаў па ўсланых лісьцём алеях ідзе бясконцы паток людзей. Яны мінаюць куток, дзе спачывае Кафка, праходзяць на частку могілак, на якой яшчэ ёсьць дзе хаваць. Такую колькасьць людзей на гэтых могілках я бачу упершыню. Сёньня адбываецца нешта надзвычайнае.

Хто ж памёр — галоўны рабін, сусьветна вядомы прафэсар, выбітны палітык, мільянэр?

Хаваюць Францішка Мошэ Ваню, галоўнага кашэрнага вінароба Чэхіі.

Ён адышоў у мінулую пятніцу, яму было 46, ён забясьпечваў віном усе традыцыйныя патрэбы чэскай габрэйскай грамады. Пра яго ведалі ўсе, яго любілі ўсе, «адзін з наймілейшых людзей, якіх я знаў у жыцьці» — пісалі пра яго шмат людзей у сацыяльных сетках.

Сьмерць у нашай цывілізацыі лічыцца падзеяй смутнай і трагічнай. Але сьмерць Мошэ Вані немагчыма не назваць прыгожай.

Здарылася гэта, калі ён у падвалах сваёй вінарні дэгуставаў плён сваёй працы. Схіліўшыся над адной з бочак, каб узяць пробу, ён удыхнуў густыя выпарэньні маладога віна, страціў прытомнасьць і ўпаў у бочку.

Там і забрала яго сьмерць у свае абдымкі. Чароўны пах і смак былі апошнім, што ён адчуў у гэтым жыцьці і ўзяў з сабой у вечнасьць.

Увечары, калі сядзе сонца, зайду ў маю ўлюбёную вінарню і вып’ю за прыгажосьць адыходу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.