Парлямэнцкія камісіі Палаты прадстаўнікоў 29 кастрычніка разгледзелі і ўхвалілі праграму дзеяньня ўраду Беларусі да 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румас агучыў 10 найважнейшых задач новага складу беларускага ўраду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Вазіць гной на палі — таксама праца ўрадуУ канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка абурыўся «некаторымі сыгналамі» аб тым, што ўрад сабраўся займацца выпрацоўкай стратэгіі, хоць стратэгія ўжо выпрацаваная — «яна вызначаецца прэзыдэнтам», казаў ён. Ураду, дадаў Лукашэнка, «давядзецца рабіць усё: і гной вывозіць на палі, і сеяць, і ўбіраць...». Ягоная прэс-служба не перадала словы пра вываз гною, але відэа з гэтымі словамі зьявілася на дзяржаўнай тэлевізіі.
Выпрацоўваньнем якой стратэгіі абураўся Лукашэнка, невядома. Але магчыма, гаворка ішла менавіта аб праграме ўраду.
Па-першае, супадзеньне па часе: яму прадставілі праграму 16-га (ён казаў, што «калі ласка, любыя дзеяньні, але трэба памятаць, што асноўную праграму, нашыя абяцаньні народу мы павінны выканаць), абурыўся ён 26-га, дэпутаты разглядалі праграму 29-га.
Па-другое, Лукашэнка казаў, што стратэгія выпрацаваная, спасылаючыся на праграму на «пятую пяцігодку», а ў праграме ўраду шмат што супадае зь ёй.
Урэшце, праграма ўраду сапраўды прадугледжвае распрацоўку некаторых стратэгіяў і «дарожных мапаў».
Праграму на «пятую пяцігодку» можна пачытаць тут, праграму ўраду — тут (другі дакумэнт выклала ў сеціва дэпутатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая).
Ці сьпісаў урад у Лукашэнкі?
Абедзьве праграмы збольшага прысьвечаныя эканоміцы, але ахопліваюць і іншыя галіны: дэмаграфію, культуру,і ахову здароўя. Шмат якія фармулёўкі супадаюць даслоўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 22 абяцаньні ў праграме разьвіцьця Беларусі на «пятую пяцігодку» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кабякоў застаўся задаволеным правалам плянаў пяцігодкіНекаторыя мэты ў праграме ўраду даволі канкрэтныя, зь лічбавымі паказьнікамі, некаторыя апісаныя даволі абстрактна — так, што дазваляюць неадназначныя трактоўкі. Напрыклад, «Беларускі партызан» расцаніў пункт аб «недапушчэньні зьніжэньня колькасьці занятых у эканоміцы раёнаў зь цяжкім эканамічным становішчам» як задачу прыцягненьня працоўных мігрантаў з-за мяжы (колькасьць занятых у эканоміцы ў Беларусі зьніжаецца з 1990-х) і прымусовым «замацаваньні» работнікаў на працоўных месцах.
У праграме ўраду нярэдка спасылаюцца на ўжо прынятыя праграмы, але часам ставяць сабе задачай прыняць новыя праграмы і распрацаваць праекты ўказаў для Лукашэнкі. У тым ліку ўрад ставіць задачу за два гады перапрацаваць Падатковы кодэкс, распрацаваць стратэгію прыцягненьня прамых замежных інвэстыцыяў да 2025 году або стратэгію разьвіцьця мэблевай вытворчасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пашкадаваў, што будучыня Беларусі ня толькі ў «рэальным сэктары эканомікі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты задалі 11 пытаньняў прэм’еру Румасу. Самае цікаваеПраграма Лукашэнкі наогул не заходзіць за 2020 год (тады ўжо будзе «шостая пяцігодка»), праграма ўраду ж нярэдка згадвае 2025-ы: напрыклад, ставіць задачу сфармаваць такую эканоміку, каб да 2025 году валавы ўнутраны прадукт дасягнуў 100 млрд даляраў (у 2017-м было ўдвая меней, але задачу падваеньня ВУП ставіў сам Лукашэнка, праўда, толькі вусна і яшчэ папярэдняму ўраду).
Праграма ўраду ня цалкам капіюе праграму на «пятую пяцігодку», але сходзіцца зь ёй, напрыклад, у задачах таргетаваньня інфляцыі і падвышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага сэктару эканомікі, патрэбе ў разьвіцьці прадпрымальніцтва і замежных інвэстыцыях, працы над роўнасьцю ўсіх формаў уласнасьці, паляпшэньні дэмаграфічнага патэнцыялу краіны і нават у канкрэтных лічбах, напрыклад у падвышэньні бюджэтных выдаткаў на навуку і навукова-інавацыйную дзейнасьць да 1% ВУП.
Але ёсьць шматлікія «ідэалягічныя» адрозьненьні. Напрыклад, такія:
- Ранейшая праграма на «пятую пяцігодку» сярод мэтаў мела «фармаваньне спрыяльнага бізнэс-асяродзьдзя». Новая праграма ўраду таксама гэта прадугледжвае, але з дадаткам: «...як нацыянальнага брэнду».
- У дадатак да ранейшай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» цяпер заплянавалі падрыхтоўку новага ўказу аб «удасканаленьні падтрымкі» такога прадпрымальніцтва.
- Раней плянаваліся «інвэстыцыі ў фармаваньне цэнтраў апераджальнага разьвіцьця». Цяпер — ці не адваротнае: «зьніжэньне міжрэгіянальнай дыфэрэнцыяцыі».
- Быў «курс на паскораную інфарматызацыю», але з «захаваньнем функцыянаваньня спэцыяльнага прававога рэжыму Парку высокіх тэхналёгіяў». Цяпер, калі прававы рэжым для ПВТ моцна мадыфікаваны, а ўлады абвяшчаюць курс на пабудову «IT-краіны», і ўрад карыстаецца гэтым азначэньнем. У праграме ўраду «лічбавай трансфармацыі эканоміцы» ўдзяляецца шмат увагі, згадваюцца лічбавыя тэхналёгіі ў адукацыі, электронны ўрад, сучасныя аплатныя сыстэмы, 5G-сувязь і іншае.
- Раней прадугледжвалася «ўкараненьне новых тэхналёгіяў, падвышэньне прадукцыйнасьці працы, тэхналягічнага ўзроўню і вытворчай дысцыпліны». Цяпер зьявіўся пункт аб «стварэньні новых высокапрадукцыйных арганізацыяў і прынцыпова новых прадуктаў».
- Абедзьве праграмы прадугледжваюць «апераджальнае разьвіцьцё сфэры паслуг». Але праграма на «пятую пяцігодку» робіць стаўку на экспарт паслуг, транзытныя магчымасьці краіны і навукаёмістыя віды паслуг. А праграма ўраду ставіць у прыярытэты транспарт і лягістыку, будаўніцтва і турызм.
- Дзе раней быў заплянаваны «рост і дывэрсыфікацыя экспарту тавараў і паслуг», цяпер плянуецца перадусім «прасоўваньне на новыя рынкі» (гэта Азія, Афрыка, Лацінская Амэрыка) і асобныя дэталёвыя пляны ў працы з рынкамі Эўразійскага эканамічнага саюзу.
- І раней плянавалася «разьвіцьцё арганізацыяў зь дзяржаўным удзелам найперш праз беспазыковыя крыніцы фінансаваньня», але цяпер задачай ставіцца «скарачэньне пазыковай нагрузкі, прыцягненьне беспазыковых крыніц фінансаваньня, забесьпячэньне эканамічна бясьпечнага ўзроўню дзяржаўнай запазычанасьці і золатавалютных рэзэрваў». Бясьпечным прызнаны ўзровень запазычанасьці ў 45% ВУП (цяпер больш за 50%).
- Цяпер плянуецца ня проста «істотнае падвышэньне фінансавай устойлівасьці і тэхналягічнага ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасьці», як раней. У праграме ўраду пра сельскую гаспадарку ёсьць агаворка: «вытворчасьць прадукцыі ў эканамічна абгрунтаваных аб’ёмах».
- Урад абвяшчае сваёй задачай «служэньне інтарэсам народу, які захоўвае свой сувэрэнітэт і гісторыка-культурную спадчыну». Падобных фармулёвак у праграме на «пятую пяцігодку» не было.