Свабода апублікавала відэа, дзе адміністрацыя школы і настаўнікі прымушаюць дзяцей уступаць у БРСМ. Як бацькам абараніць сваё дзіця, тлумачаць сузаснавальніца Human Constanta Наста Лойка і сябра рады РГА «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усьцінаў.
Сяргей Усьцінаў зьвяртае ўвагу, што настаўнікі, каб дамагчыся ўступленьня ў БРСМ, псыхалягічна ціснуць на непаўналетніх, запужваюць, пагражаюць.
Што рабіць?
- Зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі з просьбай патлумачыць, чаму на вашых дзяцей псыхалягічна ціснуць.
- Зьвярнуцца ў пракуратуру і Сьледчы камітэт з патрабаваньнем правесьці праверку па факце магчымага злачынства паводле арт. 185 КК «Прымус». Такое злачынства можа карацца арыштам, грамадзкімі працамі, штрафам ці абмежаваньнем волі да двух гадоў.
- Не баяцца паведаміць у СМІ нумар школы і прозьвішчы настаўнікаў, якія псыхалягічна ціснуць на дзяцей.
У БРСМ «загналі» — ці варта плаціць унёскі?
Cяброўскі ўнёсак БРСМ складае 2,5 рубля на момант публікацыі.
Калі чалавек уступае ў БРСМ, ён абавязаны плаціць унёскі, кажа Наста Лойка. Каб не плаціць сяброўскія ўнёскі, трэба выйсьці з арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе лёгка раззлаваць, часам зрываецца». Вучні гімназіі з запісу пра #загонбрсм пазналі свайго завуча