Колькасьць беспрацоўных у Беларусі адрозьніваецца больш як у 10 разоў, калі яе вылічваць рознымі мэтодыкамі — міжнароднай і дзяржаўнай.
240 000 беспрацоўных супраць 20 000: адкуль такая розьніца
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі ўпершыню апублікаваў справаздачу, у якой колькасьць беспрацоўных у Беларусі падаецца ў адпаведнасьці са стандартамі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Паводле гэтых дадзеных, у трэцім квартале 2018 году ў Беларусі было 240,5 тысячы беспрацоўных (годам раней — 273 тысячы).
Гэта азначае, што ўзровень фактычнага беспрацоўя ў трэцім квартале склаў 4,7% ад колькаснага складу працоўнай сілы. У першым квартале гэты паказьнік быў яшчэ большы — 5,1%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пошукі працы займаюць 9 месяцаў. І яшчэ 9 фактаў пра беспрацоўе ў БеларусіАфіцыйныя дадзеныя, якімі традыцыйна апэруе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зусім іншыя. Як вынікае зь ведамаснай статыстыкі, колькасьць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, складае ўсяго 0,3%. Адпаведна, гэта ў 10 разоў менш, чым падае МАП.
Агульная лічба занятых у эканоміцы Беларусі, паводле дадзеных на жнівень 2018 году, складае 4 мільёны 338 тысяч чалавек.
Зьдзеклівыя 25 рублёў дапамогі па беспрацоўі
Чаму такія значныя розначытаньні ў ацэнцы беспрацоўя, Свабодзе патлумачыў лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Ён таксама сябра Адміністрацыйнай рады кіроўнага органа Міжнароднай арганізацыі працы, летась быў выбраны на трэці тэрмін.
![Аляксандар Ярашук](https://gdb.rferl.org/5E02EA68-474A-4DE3-9104-8908C9423A0C_w1080_h608_b_s.jpg)
Аляксандар Ярашук
«Мы, бадай, адзіныя, хто лічыць беспрацоўе па колькасьці тых, хто зьвярнуўся ў службу занятасьці. Іншымі словамі, на біржу працы. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце (зрэшты, у малацывілізаваным таксама) беспрацоўе вылічваюць паводле мэтодыкі МАП — праз дасьледаваньне хатніх гаспадарак. Гэта найбольш карэктны падлік, якія дае аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца на рынку працы, сьведчыць пра занятасьць у краіне. І вось гэтыя фантастычныя 0,3%, у якія ніхто ня верыць, доўгі час былі вынікам уласнай мэтадалёгіі беларускіх уладаў, якой апэруе Мінпрацы».
Аляксандар Ярашук удакладняе, чаму афіцыйную статыстыку па беспрацоўі нельга ўспрымаць сур’ёзна.
«Па-першае, проста зьдзеклівая дапамога па беспрацоўі — 25 рублёў. Па-другое, тых, хто зьвяртаецца ў службу занятасьці, прыцягваюць да „добраахвотна-прымусовых“ грамадзкіх работ. Толькі наіўныя людзі, вымушаныя паказаць сваю занятасьць (асабліва пасьля прыняцьця дэкрэтаў № 1 і № 3), туды ідуць, астатнія самі вырашаюць праблему працаўладкаваньня. Мы ведаем мноства прыкладаў, калі прапануюць адно, а на прадпрыемствах ці ў арганізацыях такіх вакансій няма і блізка. Таму вельмі добра, што нарэшце за аснову ўзялі іншыя мэтодыкі разьліку».
4,7% — больш рэальная лічба за дзяржаўныя 0,3%
Пры гэтым Аляксандар Ярашук дапускае, што лічбы, агучаныя Міжнароднай арганізацыяй працы, таксама могуць не адпавядаць рэальнаму стану з занятасьцю насельніцтва.
«4,7% — гэта больш рэальная лічба, хоць магу выказаць пэўны сумнеў, бо, мяркуючы па ўсім, яна таксама заніжаная. Усё ж размова пра аўтарытарную сыстэму: нават калі адбываюцца дасьледаваньні хатніх гаспадарак, людзі проста баяцца шчыра казаць, утойваюць рэальную сытуацыю. Вядома, гэта куды больш аб’ектыўна, чым дзяржаўныя 0,3%. Нават у самых пасьпяховых краінах рэальнасьць жыцьця такая, што менш за 3% беспрацоўных не бывае. Хтосьці звольніўся, хтосьці зьехаў, хтосьці яшчэ не працаўладкаваўся. Гэта ж жывы працэс! Таму цяжка лячыць хваробу, калі ня ведаць дыягназу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: узровень фактычнага беспрацоўя ў Беларусі — 4.7%Ці будуць далей беларускія ўлады кіравацца стандартамі МАП, Аляксандар Ярашук ставіць пад сумнеў. Мяркуючы па заявах з боку Аляксандра Лукашэнкі, падначаленых яму ўрадоўцаў, прызнаваць праблему ніхто не сьпяшаецца, кажа ён. Бо ў іншым выпадку трэба рабіць і адпаведныя крокі — абвясьціць рэальную эканамічную лібэралізацыю, стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. Пакуль жа сама дзяржава дэманструе, што ня ў стане ствараць працоўныя месцы, перакананы Ярашук.