Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас 31-га кастрычніка прадставіў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў праграму дзейнасьці ўраду на 2018–2020 гады.
Сяргей Румас заявіў, што ўрад паставіў сабе 10 топ-задач:
- Разьвіцьцё бізнэсу.
- Павелічэньне колькасьці і якасьці паслуг.
- Разьвіцьцё ІТ-тэхналёгій.
- Узважаная бюджэтна-фінансавая і падатковая палітыка.
- Зьніжэньне інфляцыі.
- Эфэктыўнае кіраваньне дзяржаўнай уласнасьцю.
- Паляпшэньне замежнаэканамічнай дзейнасьці.
- Павелічэньне інвэстыцый.
- Выраўноўваньне міжрэгіянальных магчымасьцяў.
- Добры ўзровень жыцьця грамадзян Беларусі.
Сяргей Румас адзначыў, што цяперашняя праграма мае дзьве карэнныя асаблівасьці параўнальна з папярэднімі.
- Першая: афіцыйна ўрад заяўляе пра роўнасьць усіх формаў уласнасьці ў краіне.
- Другая: галоўны арыентыр працы ўраду — павышэньне ўзроўню жыцьця беларускага народу: «Мы ствараем умовы для таго, каб кожны беларус мог добра зарабіць».
25 кастрычніка на сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным Аляксандар Лукашэнка абурыўся «некаторымі сыгналамі» аб тым, што ўрад сабраўся займацца выпрацоўкай стратэгіі, хоць стратэгія ўжо выпрацаваная — «яна вызначаецца прэзыдэнтам», казаў ён.
Паводле Лукашэнкі, стратэгія «ўносіцца на прэзыдэнцкіх выбарах і зацьвярджаецца Ўсебеларускім народным сходам». Ураду можна толькі ўносіць прапановы карэктаваньня, але «рашэньні прымае прэзыдэнт», заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Румас паскардзіўся на надвор’е і яшчэ 5 праблемаў беларускай эканомікі