У сьвет выйшла кніга «Гісторыі Расеі: ад Сярэдневечча да сучаснасьці», напісаная беларускімі гісторыкамі па-беларуску, зь беларускага пункту гледжаньня. Кніга аспрэчвае шмат якія расейскія міты і дае альтэрнатыўную ацэнку іх героям.
«Гісторыя Расеі» — праца аб’ёмам у 536 старонак. Напісаў яе аўтарскі калектыў на чале зь вядомым філёлягам, перакладчыкам Лявонам Баршчэўскім. Разам зь ім працавалі гісторык Алег Трусаў, мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка, этноляг Павал Церашковіч.
Хто пра што пісаў
Гісторык Алег Трусаў калісьці ўдзельнічаў у раскопках у Пскове і Ноўгарадзе, быў вучнем знакамітага расейскага археоляга Барыса Рапапорта. Аляксей Хадыка скончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава. Ён пісаў пра культуру Расеі. Павал Церашковіч — пра народы Расеі.
Баршчэўскі выступіў як гісторык савецкага пэрыяду.
«Так атрымалася. Акрамя таго, уласны досьвед апошніх 40 гадоў жыцьця — я мог напісаць пра тое, што я бачыў, што я ведаю. Да таго ж я шмат кантактаваў з расейскімі палітыкамі, дысыдэнтамі, шмат літаратуры было прачытана», — кажа Лявон Баршчэўскі пра разьмеркаваньне роляў сярод аўтараў.
Баршчэўскі: Трэба ведаць гісторыі ўсіх суседзяў
Баршчэўскі перакананы, што беларусам вельмі патрэбна ведаць гісторыі суседніх дзяржаў.
«Нядаўна мы пераклалі гісторыю Латвіі латвійскіх гісторыкаў (у праекце і я ўдзельнічаў), крыху раней Вінцук Вячорка пераклаў гісторыю Літвы — таксама літоўскіх гісторыкаў. Гісторыю Польшчы склаў Мар’ян Сімаковіч, беларус, але працаваў ён у амбасадзе Польшчы.
І трэба, каб гісторыі прынамсі суседніх народаў былі па-беларуску, і да таго ж напісаныя з нашага гледзішча, з пункту погляду Беларусі — у якіх дачыненьнях мы знаходзімся з суседнімі народамі, з суседнімі краінамі. Таму такі праект мы пачалі рабіць. І, дасьць Бог, у хуткім часе зь іншым творчым калектывам зробім яшчэ і гісторыю Ўкраіны», — кажа Лявон Баршчэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краўцэвіч: Наша задача — напісаць гісторыю зь беларускага пункту гледжаньня, але ня выклікаць канфрантацыі з суседзямі«Прыводзім толькі факты, фактамі абвяргаем міты»
Нават на дылетанцкім, побытавым узроўні многія беларусы ведаюць, што, да прыкладу, Аляксандар Неўскі, князь Уладзімір, цар Іван Жахлівы, Аляксандар Сувораў для расейцаў — героі. Аднак для іншых народаў многія такія дзеячы былі захопнікамі, агрэсарамі. Таму аўтары новай «Гісторыі Расеі» стараліся паказваць рэальную гісторыю, прыводзіць факты, абвяргаць міты. Але не таму, што яны добра ці дрэнна да некага ставяцца, — кажа Лявон Баршчэўскі.
«Калі быў створаны міт пра Аляксандра Неўскага як абаронцу рускай зямлі, то мы пісалі, колькі праціўнікаў Неўскага рэальна ўдзельнічала ў Лядовым пабоішчы. І што Неўскі быў нават калябарантам — Алег Трусаў ужыў такое слова. Дарэчы, мы ўжываем слова „ардынскі“. Аляксандар Неўскі, па сутнасьці, душыў паўстаньне ўнутры краіны і ўвогуле паводзіў сябе як прыкладны вучань ардынскага хана.
Калі Іван Жахлівы нішчыў людзей, прычым сваіх людзей — ня толькі за межамі Маскоўскага царства, мы пра гэта пішам, прыводзім факты, мы фактамі абвяргаем міты. Пра Пятра Першага, які на касьцях пабудаваў Санкт-Пецярбург, сказана аб’ектыўна, і пра ягоную пазытыўную ролю і адмоўныя рысы мы прыводзім факты», — кажа Лявон Баршчэўскі.
«Слова „рэпрэсіі“ сьвядома не ўжываем, пішам: „тэрор“»
Ацэнкі ў кнізе даюцца толькі ў заключным разьдзеле «Куды ідзе Расея?». Ён носіць публіцыстычны характар, накіраваны на палеміку, на развагі, кажа Лявон Баршчэўскі.
«А ва ўсіх астатніх разьдзелах мы імкнуліся пералічваць толькі факты. Можна пісаць многія тамы пра сталінскі тэрор — мы слова „рэпрэсіі“ сьвядома не ўжываем. Але калі мы публікуем у якасьці ілюстрацыі копію шыфроўкі першага сакратара Іркуцкага абкаму ВКП(б) за 1937 год, у якой гэты першы сакратар просіць дазволу ў Сталіна і Палітбюро расстраляць яшчэ 4 тысячы чалавек звыш даведзенай квоты, гэты дакумэнт кажа больш, чым доўгія разважаньні на гэтую тэму.
Таму мы стараліся дзе ілюстрацыямі, дзе кароткімі рэплікамі пацьвярджаць факты, якія аб’ектыўна сьведчаць пра кірунак гісторыі», — кажа кіраўнік аўтарскага калектыву Лявон Баршчэўскі.
У кнізе больш за 240 ілюстрацый, многія зь іх каляровыя. На думку аўтараў, у гэтым вялікая каштоўнасьць выданьня.
Можа быць падручнік для гімназій, ліцэяў, ВНУ
На пытаньне, на якую аўдыторыю разьлічваюць аўтары, ці можа гэтая праца стаць падручнікам для ВНУ, гімназій, школ — ці гэта кніга для аматараў гісторыі, Лявон Баршчэўскі адказаў:
«Я думаю, што калі падручнікам — то хутчэй для ліцэяў і гімназій, таму што кніга напісаная даступнай мовай. Студэнтам таксама не зашкодзіць пачытаць, на мой погляд. Таму што супрацоўнікі катэдры гісторыі Расеі і сумежных краін у БДУ пісалі шмат падручнікаў па гісторыі Расеі на расейскай мове, там шмат фактуры, але ўсё ж там прысутнічае нябачная цэнзура ці самацэнзура. Некаторыя рэчы, тэмы нават вельмі паважаныя аўтары — прафэсар Яноўскі ці дацэнт Мінькоўскі — абміналі. Мы стараліся напісаць пра ўсё, што ведаем, пра што думаем».
Першы наклад кнігі — 300 асобнікаў. Мяркуецца, што будуць і дадатковыя. Вядуцца перамовы пра прэзэнтацыю «Гісторыі Расеі» ў сталічнай кнігарні «Акадэмкніга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краўцэвіч: Мы ўжо перамагаем у бітве за гісторыю