Патрыярх Варфаламей лічыць несправядлівым пазбаўляць Украіну права на аўтакефалію

Усяленскі патрыярх Варфаламей І

Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей заявіў, што ў пытаньні наданьня аўтакефаліі ён дзейнічае «ў інтарэсах ўкраінскага народа», паведамляе «Інтэрфакс», спасылаючыся на грэцкі інфармацыйны сайт.

«Украінцы маюць права на аўтакефалію, як і ўсе балканскія народы, якія некаторы час знаходзіліся ў прамой юрысдыкцыі Ўсяленскага патрыярхату, але прыйшоў час, калі яны сталі самастойнымі. Чаму ўсе астатнія маюць права на аўтакефалію, а 45–50 мільёнаў украінцаў не? Гэта несправядліва», — сказаў патрыярх у Стамбуле на сустрэчы з пілігрымамі з Грэцыі.

Пры гэтым ён адзначыў, што пытаньне набыцьця аўтакефаліі стала для Ўкраінскай царквы актуальным пасьля атрыманьня Ўкраінай незалежнасьці ў 1991 годзе.

У верасьні патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якім трэба будзе падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы, незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату. 11 кастрычніка Сынод у Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і прызнаў кананічны статус Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У адказ Сынод Маскоўскага патрыярхату абвясьціў аб разрыве эўхарыстычных адносін з Канстантынопальскай царквой.