Як кажа «Нашай Ніве» Андрэй Балабін, ён перадасьць гораду абноўлены дом-музэй на 90-годзьдзе пісьменьніка.
Сёлета ў ліпені дом у Воршы, дзе школьнікам, у 1956–58-м жыў пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, гаспадары выставілі на продаж. Моладзевае аб’яднаньне «Зьвяз» з Воршы абвясьціла, што гатовае выкупіць гістарычны будынак, каб зладзіць у ім грамадзка-культурніцкую пляцоўку для гараджан. Але гаспадыня тады адмовілася прадаваць, не захацеўшы «зьвязвацца з апазыцыяй».
Будынак у выніку купіў уласьнік сеткі крамаў «Пяты элемэнт» і салёнаў сувязі «Алло» Андрэй Балабін. Актывісты баяліся, што пакупнік зьнясе хату, каб збудаваць нешта іншае — участак практычна ў цэнтры гораду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аршанскую хату Караткевіча прадалі, але не мясцовым актывістамАле Балабін заявіў «Нашай Ніве», што хоча рэканструяваць дом, вярнуць яму гістарычнае аблічча і перадаць гораду ў якасьці музэю. Меркаваная дата перадачы, кажа ён, — гэта 26 лістапада 2020 году, на 90-годзьдзе Караткевіча.
Як адзначыў Балабін, ён сам нарадзіўся ў Воршы і правёў там дзяцінства, таму «рады паўдзельнічаць у праекце, які папулярызуе мой горад і выдатных, таленавітых землякоў».