Facebook пабачыў порна ў карціне Марка Шагала

Музэй Пабла Пікаса ў нямецкім Мюнстэры сутыкнуўся з праблемай у рэклямаваньні новай выставы віцебскага мастака Марка Шагала, расказвае Deutche Welle.

У відэарэкляме выставы музэй скарыстаў сярод іншага карціну Шагала «Аголеная над Віцебскам», а альгарытмы Facebook выявілі ў відэа парнаграфію. Відэа даступнае на Youtube.

Куратары выставы не пагадзіліся зь дзеяньнямі Facebook і запрасілі заснавальніка сацсеткі Марка Цукербэрга паглядзець на карціны Шагала ў Мюнстэры, каб пераканацца, што яны прыстойныя. Пасьля выставы Цукербэрга паабяцалі пачаставаць глінтвайнам з каляднага кірмашу.

Заснавальнік Facebook не прыехаў на адкрыцьцё выставы, але супрацоўнікі сацсеткі папрасілі прабачэньня ў выставы па тэлефоне.

Спачатку Facebook вырашыў, што гэта — «Вэнэра Вілендорфская» — порна

Гэта ня першы раз, калі Facebook выяўляе парнаграфію ў мастацкіх творах. Напрыклад, пад цэнзуру трапіла фота статуэткі каменнага веку, вядомай як «Вэнэра Вілендорфская» — але сацсетка прызнала памылку.

Што сказаў бы беларускі Сьледчы камітэт

Штогод у Беларусі расьце колькасьць «порназлачынстваў» (арт.343 КК РБ). У 2017 годзе было выяўлена 774 злачынствы з распаўсюдам порна (зь іх 768 — праз інтэрнэт) і яшчэ 68 злачынстваў з распаўсюдам дзіцячага порна. Але праблемы з трактаваньнем таго, што такое порна, ёсьць і ў Беларусі.

Напрыклад, у пачатку 2017 году дзяўчыне з Горадні прысудзілі два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай і штраф у 690 рублёў за захаваньне ў альбоме «ЎКантакце» здымка, які яна палічыла проста эратычным: на ім была «канструкцыя з трох аголеных чалавечых целаў», але яна не палічыла гэта парнаграфіяй, бо «на сваім маленькім тэлефоне ня ўбачыла палавога органа ў мужчыны».

У распаўсюдзе порна прызналі вінаватым і блогера Эдуарда Пальчыса: у адным з артыкулаў пра «рускаміраўцаў» ён разьмясьціў карцінкі з антыбеларускіх суполак, каб прадэманстраваць іхную абразьлівасьць. Аўтараў карцінак пры гэтым не пакаралі.

Нават за рэпосты і лайкі порна ў сацсетках беларусы могуць атрымаць да 4 гадоў турмы (і распаўсюд порна міліцыя можа знайсьці нават на закрытым гей-сайце). Амаль год таму Міністэрства ўнутраных справаў прапанавала дэкрыміналізаваць распаўсюд порна ў інтэрнэце, але далей за прапанову справа пакуль не пайшла.

Паводле Сьледчага камітэту, эротыка (за якую не караюць) гэта «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду», а порна (за якое караюць) — «непрыстойная, вульгарная і амаральная выява полавага акту», «наўмыснае засяроджваньне ўвагі на полавых органах», «унушэньне стэрэатыпаў дэвіянтных паводзінаў» і «адсутнасьць паказу або апісаньня душэўных перажываньняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2016 год колькасьць «порназлачынстваў» у Беларусі вырасла на 38%. Што такое порна

Мастак і пісьменьнік Адам Глобус даваў Свабодзе іншае азначэньне таго, што такое порна, а што такое эротыка:

«Порна гэта сурагат, у порна няма каханьня, — казаў ён. — А гэта такі складнік, які павінен быць: любоў, каханьне. Калі яно прысутнічае праз колер, праз дынаміку, то гэта эротыка. А вось наша палітыка — гэта суцэльная парнаграфія».