Газэта «Беларусь сёньня» пачала цыкль публікацыяў з дзіўнай назвай «Чвэрць стагодзьдзя дзяржаўнасьці Беларусі».
У свой час Зьбігнеў Бжезінскі назваў СССР «краінай зь непрадказальнай мінуўшчынай». Цяперашняя Рэспубліка Беларусь на старонках прэзыдэнцкай газэты аказваецца такой самай.
У першай публікацыі цыклю даводзіцца, што незалежнасьць, усталяваная ў 1991 годзе, была да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі хісткай і ўяўнай. А вось як прыйшоў першы прэзыдэнт, так незалежнасьць і стала рэальнасьцю, таму, паводле аўтара, і адлік яе трэба весьці ад 1994 году.
Такая гістарычная «склейка» – няхітры трук. Незалежнасьць пачалася з Лукашэнкі, Лукашэнка – стваральнік, «бацька-заснавальнік» незалежнай Беларусі, Лукашэнка – роўны Беларусі, Лукашэнка – гэта і ёсьць Беларусь. Ніякай Беларусі па-за Лукашэнкам, да Лукашэнкі, не было і няма. Хто за Беларусь – той мусіць быць і за Лукашэнку.
Дзіцё не нараджаецца дарослым
Такое бачаньне найноўшай гісторыі краіны супярэчыць як фактам, гэтак і лёгіцы. Тое, што ў першыя гады незалежнасьці (1991-1993) эканамічнае становішча было вельмі цяжкім – гэта так і ёсьць. Але якая краіна, атрымаўшы незалежнасьць, адразу расквітнела, хуценька стварыла новыя эфэктыўныя дзяржаўныя інстытуты, якая пазьбегла пэрыяду пэўнага хаосу і бязладзьдзя? Ніводная. І ніколі.
Новае – дзіця ці дзяржава – нараджаецца слабым і ўразьлівым. Чалавек нараджаецца, калі пакідае ўлоньне маці. І недарэчна лічыць, што «сапраўднае» нараджэньне адбываецца, калі яно, скажам, пачынае поўзаць ці гаварыць. Тое самае і з дзяржавамі.
Зь іншага боку, усе постсавецкія і посткамуністычныя дзяржавы, прайшоўшы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці «далінай сьлёз», больш менш стабілізаваліся, кансалідаваліся і нават пачалі расьці. Адбылося гэта і ў тых краінах, дзе, як у Беларусі, прыходзіў «моцны чалавек», і там, дзе аўтарытарных «бацькаў» не было.
Апошнія, дарэчы, у сярэднім стабілізаваліся на значна больш высокім узроўні, чым тыя, дзе правадыры вырашылі, што не павядуць свае краіны «цывілізаваным шляхам».
Але ў любым выпадку досьвед усяго рэгіёну, ды і сьвету ў цэлым, сьведчыць пра тое, што востры крызіс пачатку 90-х быў бы ў Беларусі ў любым выпадку пераадолены, з Лукашэнкам ці без Лукашэнкі. Раней ці пазьней, горш ці лепш. Мог бы і лепш, нават у эканамічным, матэрыяльным сэнсе, дастаткова паглядзець на суседнія Польшчу і Літву.
Так што і з гэтага гледзішча недарэчна адлічваць незалежнасьць ад увацарэньня Лукашэнкі.
Развагі афіцыёзу пра «сапраўдную незалежнасьць» гучаць асабліва недарэчна літаральна празь некалькі дзён пасьля заяваў кіраўніка пра «расейскія гарады Магілёў і Віцебск». Ясна, для чаго тое заяўлялася, але і такая пільная патрэба ў грашах ад замежнай дзяржавы, і неабходнасьць так «раскарачвацца», ну ўжо ніяк ня сьведчаць пра трываласьць незалежнасьці на 25-м годзе кіраваньня яе «стваральніка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежнасьць і адраджэньне: лідэры БНФ розных часоў падводзяць вынікіВялікая рэвалюцыя бязь імені
Але ёсьць яшчэ адзін важны аспэкт. Хаос пачатку 90-х быў насамрэч крэатыўным хаосам, хаосам станаўленьня і стварэньня. Аўтар «Беларусі сёньня» прызнае, што гэта былі гады станаўленьня грамадзянскай супольнасьці, а вось, маўляў, эканоміка была ў поўным развале. Але калі паўстаў беларускі бізнэс, калі зьявіліся свае – грошы, падатковая сыстэма, банкаўская сыстэма, войска, дыпляматыя, зьнешні гандаль?
А менавіта тады, у першыя гады незалежнасьці. Штосьці ў зародку, штосьці ўжо і ў даволі разьвітай форме. Калі казаць пра інстытуты, то менавіта іх стварыў Лукашэнка вельмі няшмат. За «вэртыкаль» улады адны яго ўслаўляюць, іншыя – ганяць. Але ўсе астатнія інстытуты нацыянальнай дзяржавы былі створаныя да яго. Ён іх істотна памяняў, многія – не да лепшага, але стварыў іх не ён.
Нарэшце, варта адзначыць яшчэ адну асаблівасьць. Зараз паняцьце «рэвалюцыя» вельмі дэвальваванае. Рэвалюцыяй называюць ледзь не любыя грамадзкія ўзрушэньні. Гэта тым больш крыўдна, што сапраўдная рэвалюцыя, сьведкамі і ўдзельнікамі якой сталі людзі майго пакаленьня, не атрымала такой назвы і свайго імені.
Як называюць эпоху канца 80-х-пачатку 90-х? Перабудова? Ну якая ўжо была перабудова падчас путчу 1991 году, абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі і Віскулёў. Змаганьне за незалежнасьць? Ну так, у пэўным сэнсе. Але прынамсі ня толькі за яе. За якую незалежнасьць змагалася Расея? А працэс-та ва ўсім СССР, ва ўсіх рэспубліках, стаўшых незалежнымі краінамі, быў да пэўнага часу супольны.
Вось і атрымалася эпоха без імені. А між тым, калі вызначаць рэвалюцыю, як кардынальную зьмену ўсяго ладу жыцьця, то тыя падзеі вартыя назвы рэвалюцыі, як мала якія іншыя ў гісторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адны сьвяткуюць 30-годзьдзе БНФ, другія — 100-годзьдзе камсамолуБеларуская рэвалюцыя: умацаваньне праз адмаўленьне
І Лукашэнка – даволі тыповы пэрсанаж у гісторыі рэвалюцый. Толькі дзякуючы рэвалюцыі чалавек зь сацыяльных нізоў мог так узьляцець на вяршыню ўладнай піраміды. Ён – дзіця і спараджэньне беларускай рэвалюцыі.
Але рэвалюцыі спараджаюць і сваіх магільшчыкаў. Тэрмідор, рэстаўрацыя, рэванш – гэта было шмат дзе і шмат калі ў рэвалюцыйных і пострэвалюцыйных грамадзтвах. У пэўным сэнсе Лукашэнка ў 1994 годзе - гэта такі Людовік XVIII, які вярнуўся ў свой верны Парыж.
Але атрымалася шмат у чым, як з тым Людовікам. Бо што абяцаў беларускі «Людовік», пераможца рэвалюцыі? Вярнуць савецкі лад, скасаваць «белавескае злачынства», вярнуць СССР. Ну і як атрымалася? Да прыкладна гэтак жа, як і ў францускага папярэдніка атрымалася вярнуць краіну ў 1788 год.
Зубную пасту запхнуць назад у цюбік немагчыма. Рэстаўрацыя, рэванш адкідаюць вынікі рэвалюцыі, але насамрэч і замацоўваюць іх, робяць незваротнымі. Ці дакладней, адны адкідаюць, а іншыя – замацоўваюць.
Казаць, што сучасная Беларусь – «савок», гэта кепска нават як мэтафара. У мільёне рэчаў яна ніякі не «савок». Яна не «савок» нават у тым, што лічыцца яго тыповай прыкметай. СССР быў унікальным палітычным, эканамічным і грамадзкім утварэньнем, у той час як аўтарытарных «бацькоў нацыяў» поўна ў сьвеце, у тым ліку і ў тых яго частках, якія ніколі ніякага камунізму ня ведалі.
Так што вярнуцца ў мінулае не атрымалася, нават калі напачатку і хацелася. І эпоха Лукашэнкі зусім не была і ня ёсьць нейкай новай эрай у параўнаньні з папярэднімі гадамі незалежнасьці, яна была іх працягам і разьвіцьём. Не адзіна магчымым, наўрад ці лепшым, але і небеспадстаўным.
«Мы заўсёды ваявалі з Акеаніяй»
Задума праекту «Беларусь сёньня» – ня толькі ў тым, каб банальна пахваліць начальства.
У выніку той рэвалюцыі без імені вызвалілася ад камунізму ўсе рэспублікі СССР – ад Эстоніі да Туркмэністану.
Адрозьненьні пачаліся потым і ў іх адлюстравалася сьпеласьць грамадзтваў да зьменаў. Балтыйскія краіны пайшлі, не зварочваючы, па дэмакратычным шляху. Туркмэністан ці Казахстан ня ведалі нічога, акрамя аўтарытарызму, ад пачатку іх незалежнасьці. А ў Беларусі была 4-гадовая дэмакратычная інтэрлюдыя. І гэта не спадзевы, не абстракцыя, гэта частка рэальнай гісторыі краіны. Беларусы, аказваюцца, бываюць, могуць быць і такімі.
І адсюль натуральнае жаданьне – ня тое нават, што спляжыць гэты пэрыяд, а выкрасьліць яго. Зусім па Орвэлу: Мы заўсёды ваявалі з Акеаніяй (хаця яшчэ ўчора быў зь ёй мір). А ў сучаснай Беларусі – намі заўсёды кіраваў Лукашэнка. А да яго што было? Ну нешта нейкае, дагістарычная эпоха, «зямля была бязьвідная і пустая». А гісторыя пачалася зь яго.
Ня хочацца ўладам, каб беларусы прыгадвалі, што гэта ня так.
Ці будуць стаяць у будучай Беларусі помнікі Лукашэнку?
Ну а наагул, як той казаў, гісторыя – іранічная дама. На досьведзе таго ж Туркмэністану ці сьвежым – Узбэкістану, мы бачым, як хутка схлопваецца, сьціраецца культ папярэдняга правадыра. Быў вялікі Ніязаў, бацька нацыі Карымаў, помнікі стаялі паўсюль, гарады называлі іх імёнамі, нават месяцы году. Вялікі, найвялікшы, нас стварыў, краіну стварыў. І дзе яны цяпер?
Варта адзначыць, што такога шалёнага культу ў Беларусі ўсё ж няма. Ну вісяць партрэты ў кабінэтах чыноўнікаў. Але не сказаць, каб з кожнага слупу глядзеў твар прэзыдэнта.
Але што будуць думаць, як памятаць пра Лукашэнку будуць наступныя пакаленьні беларусаў – гэта невядома. І гэта нават не наўпрост залежыць ад дзяржаўнага ладу і стану справаў у будучай Беларусі. Вось у аўтарытарных Туркмэністане і Узбэкістане памяць аб «вялікіх і любімых» сьціраюць, як анучкай.
Зь іншага боку, у дэмакратычнай Беларусі неабавязкова будуць праклінаць Лукашэнку. Шмат у якіх краінах Эўропы стаяць помнікі аўтарытарным уладарам мінулага, у тым ліку і нядаўняга, ХХ стагодзьдзя. Гэта не азначае, што цяперашнія пакаленьні паўтараюць ці ўхваляюць палітычныя практыкі часоў кіраваньня гэтых уладароў. Практыкі адкідаюць. Але і палітычныя жарсьці часоў кіраваньня тых аўтарытарыяў адыходзяць у гісторыю. А самі яны ў ёй застаюцца.
А вось Гітлер, а вось Мусаліні – запярэчыць чытач. Але на іх прыпадае безьліч іншых – Антанэску, Франка, Ціта. Таксама былі зусім не палітычныя вегетарыянцы.
Так што пакінем усё ж гэтае пытаньне нашчадкам. Спадзяюся, што яно будзе для іх не галоўным, што яны, у адрозьненьні ад нас, ня будуць настолькі закладнікамі гісторыі.
Сам Лукашэнка ў адным інтэрвію на пытаньне, кім, якім ён застанецца ў беларускай гісторыі, адказаў – першым прэзыдэнтам незалежнай Беларусі.
Ня менш – гэта пэўна. Але магчыма і ня больш.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.