Мытная крымінальная служба Літвы паведаміла аб затрыманьні 19 кастрычніка ў Медніках грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў правезьці кантрабанду на Volvo з дыпляматычнымі нумарамі.
Літоўскія мытнікі заўважылі, што ў машыны адрозьніваецца гук пры прастукваньні пярэдніх і задніх дзьвярэй. Калі кіроўцу папрасілі адчыніць дзьверы, службоўцы прыкмецілі фрагмэнты цыгарэтных пачкаў.
Мытнікі зьвярнуліся ў беларускае Міністэрства замежных справаў — там адказалі, што грамадзянін Беларусі ня мае дыпляматычнага статусу, а дыпляматычныя нумары больш ня дзейнічаюць.
У выніку надгляду машыны было знойдзена 5705 пачак цыгарэтаў беларускай вытворчасьці. Цяпер ідзе папярэдняе сьледзтва, машына і цыгарэты затрыманыя, грамадзянін Беларусі вызвалены пад заклад.
Вядома, што гэты грамадзянін Беларусі ня быў датычны да беларускай дыпляматыі, працаваў у прадстаўніцтьве адной з міжнародных арганізацый у Менску, цяпер ён звольнены, а нумары ягонай машыны былі здадзеныя ў ДАІ ў 2014 годзе.