Кулямётчыка з Уручча пакаралі «калёніяй-пасяленьнем» за стрэл, ад якога загінуў мэханік БМП

Суд над Сяргеем Крупой

Менскі раённы суд прызнаў вінаватым у парушэньні правілаў абыходжаньня са зброяй са сьмяротным зыходам сяржанта Сяргея Крупу. Прысуд яму — 2,5 года пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі-пасяленьні.

Крупа на судзе цалкам прызнаў сваю віну. Сяржант сказаў, што ня ведае, ці будзе абскарджваць прысуд.

Дзьмітры Ўдод, здымак 2017 году

​4 красавіка на палігоне непадалёк ад мікрараёну Ўручча пад Менскам падчас баявых заняткаў загінуў салдат Дзьмітры Ўдод.

Абвінавачаны, сяржант Сяргей Крупа, служыў апэратарам-наводчыкам на БПМ, якую вадзіў загінулы Дзьмітры Ўдод. Паводле Крупы, стрэльбы 4 красавіка меліся прайсьці ў тры этапы, падчас якіх адпрацоўвалася ня толькі трапнасьць стральбы з кулямёта, але і хуткасьць, зь якой экіпаж разьмяшчаўся ў БМП і пакідаў машыну.

«Адстраляўшы стужку, наводчык павінен праверыць, ці не засталося ў кулямёце патронаў, паставіць кулямёт на засьцерагальнік, падняць угару ствол, далажыць камандзіру БМП, што стральба скончана», — расказаў суду сяржант Сяргей Крупа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ў яго хвілінка, ён заўжды пазвоніць», — маці загінулага салдата

4 красавіка перад чарговай стральбой пры зарадцы кулямёта той раптам стрэліў. Куля прайшла скрозь плячо і трапіла ў галаву мэханіка-кіроўцы Ўдода, які ў той момант займаў сваё месца ў БМП. Адзіны стрэл стаў сьмяротным.

Удод праходзіў сьведкам па справе сьмерці салдата Аляксандра Коржыча. Яны служылі ў адной роце 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру.

БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА ІМЯ АЛЯКСАНДРА КОРЖЫЧА​