Пісьменьнік ужо чатыры разы атрымліваў другое месца на прэміі Гедройця, адзін раз трэцяе, ні разу — першае. Чытачы зьбіраюць яму ўласную прэмію.
На плятформе Talaka.org распачаўся збор грошай на «чытацкую прэмію» за кнігу «Сабакі Эўропы» беларускага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча.
Сабраць за месяц хочуць 3000 рублёў, за ўнёскі ад 5 рублёў абяцаюць запрашэньне на «бесцырымоннае ўручэньне» і «Дыплём Вялікага Аматара» або «Вялікай Аматаркі» кнігі, напісаны на бальбуце — мове, выдуманай Бахарэвічам для «Сабакаў Эўропы». Збор грошай вядзецца ад імя перакладчыцы і літаратурнага Ганны Янкуты.
Сам Бахарэвіч заявіў Свабодзе, што ня мае ніякага дачыненьня да кампаніі. Першай яго рэакцыяй былі словы «ня можа быць».
«Я думаю, пасьля ўручэньня сёлетняй прэміі Гедройця шмат хто з маіх чытачоў, ды й ня толькі маіх, пачуваецца незадаволеным, магчыма, падманутым у чаканьні, — разважае Альгерд Бахарэвіч. — Калі чытачы так вырашылі, я ня думаю, што мушу неяк ім замінаць. Гэта іхная ініцыятыва, я нікога не прасіў, не заклікаў гэтым займацца».
«Сабакі Эўропы» — гэта opus magnum Альгерда Бахарэвіча, яго «Уліс» і «Лісце травы», гаворыцца на старонцы прэміі. Ды й сам пісьменьнік кажа, гэта «не чарговая кніга Бахарэвіча, а нешта большае», лічыць кнігу сваёй найважнейшай і (прынамсі пакуль) найлепшай.
«Сабакі Эўропы» раней усё ж атрымалі першае месца, але не на прэміі Гедройця, а на прэміі «Кніга году» беларускага ПЭН-Цэнтру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію Гедройця атрымаў Уладзімер Арлоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Арлоў: Маё нараджэньне ў Полацку насупраць Сафійскага сабору запраграмавала мой лёсБахарэвіч — не адзіны, чые чытачы наракаюць на «несправядлівасьць» прэміі Гедройця.
Так, Віктар Марціновіч, які сёлета зноў ня трапіў у шорт-ліст, казаў, што да прэміі страціў усялякі інтарэс — маўляў, ня трапіў у «патрэбную групоўку». Тым часам па ягоную новую кнігу «Ноч» з аўтографам аўтара ў Менску ўтварылася немалая чарга.