Як у Беларусі адбываецца негалосная дэкамунізацыя.
Лічыцца, што Беларусь застаецца адзіным на постсавецкай прасторы запаведнікам камуністычнай спадчыны і што ўлады тут строга пільнуюць, каб сымбалі і героі сацыялізму заставаліся недатыкальнымі. Калі меркаваць па назвах вуліц і плошчаў беларускіх гарадоў і па помніках Леніну — гэта сапраўды так (хоць і зь некаторымі выключэньнямі). Але калі больш пільна прыгледзецца да іншых галінаў грамадзкага жыцьця, зь немалым зьдзіўленьнем можна выявіць, што ёсьць сфэры, дзе адбылася ня толькі поўная дэкамунізацыя і дэсаветызацыя, але і ў пэўным сэнсе дэрусыфікацыя тапанімікі. І сфэра гэтая, як ні дзіўна, — калгасна-саўгасная сыстэма.
Трыццаць год таму, у сярэдзіне 80-х, адразу пасьля ўнівэрсытэту, мне выпала на працягу году папрацаваць у шчучынскай раённай газэце, якая тады называлася «Савецкая вёска». З рэдакцыйнымі заданьнямі аб’езьдзіў усе калгасы, саўгасы і экспэрымэнтальныя базы (была ў той час і такая форма арганізацыі сельгасвытворчасьці). Днямі, перабіраючы старыя публікацыі, зьвярнуў увагу на тагачасныя назвы тых калгасаў. Балазе, поўны іхны сьпіс друкаваўся ледзь ня ў кожным нумары «раёнкі» — з вытворчымі зводкамі з палёў і фэрмаў.
Як на той час, нібыта нічога незвычайнага, стандартны ідэалягічны набор: «Зара камунізму», «Чырвоны сьцяг», «Сьцяг Саветаў», «Савецкая Беларусь» (а побач — калгас «Расія»: чамусьці проста «Расія», не «савецкая»).
З агульнага шэрагу выпадаў хіба што калгас імя Някрасава. Чаму Някрасава? Чаму не Дзям’яна Беднага ці хаця б Петруся Броўкі, — спрабаваў я неяк дапытацца ў мясцовых калгасьнікаў. — Бедны і Броўка хоць услаўлялі калгасную сыстэму. А Някрасаў тут пры чым?
Ніхто мне нічога ўцямнага не адказаў. Адзін настаўнік выказаў здагадку, што раённы ўпаўнаважаны, які ствараў калгас напрыканцы 40-х гадоў, быў вялікім прыхільнікам творчасьці гэтага выкрывальніка прыгоньніцтва і вясковага рабства. Хоць, улічваючы, якім было становішча савецкага калгасьніка ў 40–50-я гады, адсылка да Някрасава была досыць рызыкоўная...
Яшчэ настаўнік расказаў, як у калгасе вырашылі ўвекавечыць вобраз славутага паэта. Замовілі мясцоваму мастаку вялікі партрэт, каб паставіць на ўезьдзе ў калгас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ленін — у музэі, на плошчы — Скарына і Эўфрасіньня. Як Полацак дэкамунізавалі ў часы ЛукашэнкіМастак набіў руку на трафарэтных абліччах Леніна, а вось да адлюстраваньня нестандартнага вобразу стваральніка бесьсьмяротнай паэмы «Каму на Русі жыць добра» быў яўна не падрыхтаваны. У выніку на ажыўленай гарадзенскай трасе на ўезьдзе ў Кобраўцы зьявіўся пісаны алеем партрэт дзіўнаватага пэрсанажа, падобнага ці то да папа-расстрыгі, ці то да старога Хатабыча з савецкага фільму-казкі рэжысэра Генадзя Казанскага. Партыйнае начальства доўга не жадала прымаць сумнеўны твор, за які было заплачана нямала калгасных грошай. Урэшце знайшлі кампраміс: пад партрэтам напісалі вялікімі літарамі, хто канкрэтна тут адлюстраваны. Відаць, каб не было розначытаньняў.
...Даўно ўжо няма ля Кобраўцаў таго вясёлага Някрасава. А якія назвы калгасаў і саўгасаў увогуле захаваліся? Знайшоў я ў інтэрнэце «Сьпіс сельскагаспадарчых арганізацый Шчучынскага раёну». Ні Някрасава там не засталося, ні «Расіі», ні Дзяржынскага, ні Фрунзэ, ні Леніна, ні «Зары камунізму». Увогуле ніводнай савецкай, камуністычнай ці зьвязанай з Расеяй назвы. Ва ўсім сьпісе нязьменным застаўся толькі саўгас «Вялікае Мажэйкава». Усе астатнія назвы — ідэалягічна і палітычна нэўтральныя, нават нейкія тэхналягічныя — кшталту ТАА «АграГЖС» ці ТАА «Шчучынаграпрадукт».
Як адбывалася зьмена назваў? Падчас рэарганізацыі, зьмены формы ўласнасьці альбо ўзбуйненьня калгаса раённыя альбо абласныя выканкамаўскія чыноўнікі рыхтавалі адпаведныя пастановы — і ў іх ужо былі новыя, «дэкамунізаваныя» назвы фармальна новых суб’ектаў гаспадараньня. Ніякага грамадзкага абмеркаваньня нідзе не было. І ні за Леніна, ні за «Зару камунізму» ніхто не заступаўся — ні ідэолягі, ні нават мясцовыя камуністы.
Вядома, калі б намэнклятура хацела захаваць савецкія назвы, альбо калі б на тое былі адпаведныя дырэктывы ідэалягічнага начальства зь Менску — няма сумневу, што ўсё засталося б на сваіх месцах. Атрымліваецца, ня надта яны і даражылі сваёй савецка-камуністычнай спадчынай? Альбо проста цьвяроза ацэньвалі сапраўдную вартасьць гэтых штучна насаджаных камуністычным рэжымам тапонімаў, якія не пусьцілі тут карані, ня сталі каштоўнасьцю? Не было за імі і тых вытворчых і камэрцыйных посьпехаў, якімі выпадала б ганарыцца і якія маглі б уяўляць хаця б камэрцыйную вартасьць, як гандлёвы знак, як лягатып.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за год зьнесьлі 1320 помнікаў Леніну. У Беларусі за 25 гадоў зьнікла траціна ўсіх ЛенінаўПры гэтым варта мець на ўвазе, што паступовае выцісканьне камуністычнай тапанімікі зь беларускай вёскі адбывалася ня толькі на пачатку 90-х, але і пазьней — ужо пры Лукашэнку, нават на пачатку новага стагодзьдзя.
Адметна, што, за рэдкім выключэньнем, не былі захаваныя нават назвы вельмі пасьпяховых калгасаў, якія ў свой час мелі высокія дзяржаўныя ўзнагароды і ў пэўным сэнсе маглі б быць выкарыстаныя як пасьпяховыя гандлёвыя маркі. Да прыкладу, так, як працягваюць выкарыстоўваць «раскручаныя» савецкія брэнды некаторыя прамысловыя прадпрыемствы — згадаць хоць бы кандытарскія фабрыкі «Камунарка» альбо «Чырвоны харчавік».
Нешта падобнае адбылося ня толькі з калгасамі, але і з раённымі газэтамі. Перагледзеў сучасны сьпіс «раёнак» Гарадзенскай вобласьці — ніводнай камуністычнай назвы. Было «Ленинское знамя» — стала «Воранаўская газета»; было «Знамя Октября» — стаў «Наш час»; была «За камунізм» — стала «Бераставіцкая газета». А мая родная «Савецкая вёска» на пачатку 90-х увогуле стала «Дзянніцай»: празрыстыя паралелі з нацыянальным адраджэньнем пачатку 20-га стагодзьдзя.
Чаму чыноўнікі так лёгка і нязмушана скасавалі тысячы камуністычных назваў калгасаў і газэт і так зацята і ўпарта абараняюць камуністычныя назвы вуліц і плошчаў, а таксама манумэнты камуністычным правадырам? Загадка, на якую цяжка знайсьці лягічны адказ.
Хоць, калі ў свой час дойдзе чарга да назваў вуліц, не сумняюся, што ўсё адбудзецца дакладна гэтак жа, як і з калгасамі ці газэтамі — ціха, непрыкметна, пры маўклівай згодзе альбо абыякавым маўчаньні тых, хто на гэтых вуліцах жыве.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.