Такое меркаваньне выказала ў інтэрвію Свабодзе расейскі навуковец Алена Белякова, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру гісторыі рэлігіі і царквы Інстытуту расейскай гісторыі РАН, дацэнт катэдры гісторыі царквы гістарычнага факультэту МДУ. Алена Белякова — адзін з самых вядомых расейскіх адмыслоўцаў у галіне гісторыі царкоўнага права.
Што азначае рашэньне Сыноду Канстантынопальскага патрыярхату для Ўкраіны і Беларусі? Ці існуюць правілы дараваньня аўтакефаліі? Як Беларуская праваслаўная царква можа атрымаць аўтакефалію? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Алены Беляковай.
— Некаторыя лічаць, што рашэньне, прынятае 11 кастрычніка Сынодам Канстантынопальскай царквы, азначае канстатацыю кананічнай прыналежнасьці Кіеўскай мітраполіі ў межах 1686 году толькі Сусьветнаму, а не Маскоўскаму патрыярху. Гэта насамрэч так?
У рашэньні Канстантынопальскага Сыноду слова «межы» не ўжываецца
— У рашэньні Канстантынопальскага Сыноду слова «межы» не ўжываецца. Само рашэньне 1686 году ўтрымлівала дазвол Маскоўскаму патрыярху пастаўляць Кіеўскага мітрапаліта. Аб межах Кіеўскай мітраполіі не было і не магло быць гаворкі. Расея і Польшча заключылі «Вечны мір» і вызначылі межы дзяржаваў. Кіеў і Левабярэжная Ўкраіна адышлі да Расеі.
Правабярэжная Ўкраіна адышла да Польшчы, і праваслаўныя эпархіі на гэтай тэрыторыі перайшлі ў вунію. Ва Ўкраіне была барацьба паміж уніятамі і праваслаўнымі. І праваслаўныя асьцерагаліся, што мітраполію зойме ўніят — Іосіф Шумлянскі, Львоўскі біскуп. Эпархіі правабярэжнай Украіны — Перамышльская, Львоўская, Луцкая — перайшлі ў вунію. Адмяняючы рашэньне 1686 году Канстантынопальскі патрыярх адмяняе толькі сам факт перадачы Канстантынопалем правоў Маскве пастаўляць Кіеўскіх мітрапалітаў. Тытул Кіеўскага мітрапаліта быў «Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі». Смаленская эпархія, пакуль Смаленск не адышоў канчаткова да Масквы, падпарадкоўвалася Кіеўскаму мітрапаліту.
— З пункту гледжаньня Сусьветнага патрыярхату, у дадзены момант, пасьля рашэньня Сыноду Сусьветнага патрыярхату, але да аб’яднальнага сабору ва Ўкраіне, да якой (да якіх) кананічных цэркваў належаць цяпер праваслаўныя ўкраінцы?
— Сусьветны патрыярх прызнаў праваслаўнымі Ўкраінскую Аўтакефальную Праваслаўную царкву і Ўкраінскую Праваслаўную царкву («Кіеўскага патрыярхату»), хоць і не прызнае тэрмін «патрыярхат» за гэтай структурай, што ўтварае пэўную складанасьць. Канстантынопальскі патрыярхат не адмаўляе кананічнасьці Ўкраінскай Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП). Гледзячы па ўсім, Канстантынопаль разьлічваў, што кіраўніцтва УПЦ МП пойдзе на перамовы зь яго экзархамі і іншымі цэрквамі і возьме ўдзел у абʼяднальным саборы. Але гэтага не адбылося. Гэта ня значыць, што ва УПЦ МП няма прыхільнікаў аўтакефаліі — але іх пасьля рашэньня Сыноду РПЦ 15 кастрычніка паставілі ў жорсткія ўмовы — іх забароняць у служэньні, калі яны прымуць удзел у Саборы.
— Ці існуюць правілы, паводле якіх можа быць прызнаная аўтакефалія той ці іншай праваслаўнай царквы?
У праваслаўнай царквы не выпрацаваныя ніякія пастановы аб аўтакефаліі
— Такіх правілаў не існуе. У праваслаўнай царквы не выпрацаваныя ніякія пастановы аб аўтакефаліі. Канонамі замацоўваецца існаваньне пяці патрыяршых прастолаў (Рымскага, Канстантынопальскага, Александрыйскага, Антыяхійскага, Ерусалімскага), якія традыцыя зьвязала з «тэорыяй пяці пачуцьцяў». Былі яшчэ ў гісторыі аўтакефальныя арцыбіскупствы, якія не падпарадкоўваліся дзяленьню на мітраполіі (Сынайская). Напрыклад, Ахрыдзкае арцыбіскупаства ўзводзіць сябе да імпэратара Юстыніяна і называецца «Першай Юстыніянай».
У сярэднявеччы мы бачым, як славянскія ўладары спрабавалі дамагчыся ад Канстантынопаля правы на аўтакефалію, гэта значная частка іх царкоўнай гісторыі. Сэрбы ў 1219 годзе атрымалі аўтакефальнага біскупа, але гэта не забясьпечыла ім статусу ў шэрагу праваслаўных цэркваў, як і прызнанай у 1235 годзе Тырнаскай патрыярхіі. Сытуацыя мяняецца з пачаткам новага часу і зьвязана непасрэдна з Маскоўскім патрыярхатам.
Пашырэньне Расейскай імпэрыі стала прычынай скасаваньня аўтакефаліі Грузінскай царквы.
У новы час аўтакефалія — вельмі хваравітае пытаньне. Баўгары змагаліся за аўтакефальную царкву ад 30-х гадоў XIX стагодзьдзя, атрымалі фірман ад султана ў 1870 годзе і стварылі баўгарскі экзархат Гэта прывяло да схізмы з Канстантынопалем, якая працягвалася да 1945 году.
Грузінская праваслаўная царква вярнула сабе аўтакефалію шляхам жорсткай барацьбы і разрыву з РПЦ у 1917 годзе, які быў пераадолены толькі ў 1943 годзе з удзелам Сталіна.
Вяртаньне Эстонскай царкве аўтакефаліі таксама адбывалася балюча і прывяло да існаваньня двух праваслаўных цэркваў. Для праваслаўя нявырашаным застаўся сам прынцып: што ляжыць у аснове аўтакефаліі — дзяржаўная незалежнасьць ці нацыянальны прынцып.
— Хто павінен прадэманстраваць жаданьне атрымаць аўтакефалію? Калі, скажам, ва Ўкраіне на абʼяднаўчы сабор зьбяруцца ўсе герархі УПЦ КП, УАПЦ і 10% герархаў УПЦ МП, то гэтага дастаткова, каб атрымаць аўтакефалію? А калі 20%, 50%, 60% ці ніводнага? Тут арытмэтычны падыход або нейкі іншы?
— Зразумела, павінен гэтую праблему вырашаць памесны Сабор. І адразу паўстане пытаньне: Сабор у якім складзе? РПЦ адмовілася ад правядзеньня Памесных Сабораў, замяніўшы іх Архіярэйскімі Саборамі.
Зараз УПЦ МП называецца «самастойнай». І ў гэтым праблема, таму што такога паняцьця каноны ня ведаюць. Усе цэрквы паводле канонаў самастойныя: павінны самі праводзіць саборы, абіраць біскупа, мець арганізаваны суд. РПЦ даўно магла даць УПЦ МП аўтакефалію. Пытаньне да герархіі — чаму гэта не адбылося.
— Хто можа прымаць рашэньне аб аўтакефаліі?
Рашэньне аб аўтакефаліі ў праваслаўных цэрквах павінен прымаць памесны Сабор
— Рашэньне аб аўтакефаліі ў праваслаўных цэрквах павінен прымаць памесны Сабор. Калі б УПЦ МП правяла Сабор і зьвярнулася з просьбай аб аўтакефаліі да Маскоўскай патрыярхіі, якая прызнаецца ёю царквой-маці, то Маскоўская патрыярхія магла б даць аўтакефалію. Адзіны раз аўтакефалія была падараваная — яе атрымала Праваслаўная царква ў Амэрыцы ў 1970 годзе. Канстантынопаль прызнае выключна за сабой права дараваньня аўтакефаліі. Канстантынопаль неаднаразова заяўляў і пра свае выключныя правы на праваслаўную дыяспару і прымаў пад амафор цэрквы, якія апынуліся па-за межамі Расеі. Несумненна, што пытаньне аб дыяспары павінна быць пытаньнем Сусьветнага сабору.
— Расейскі грамадзкі дзяяч і багаслоў, протадыякан а.Андрэй Кураеў заявіў: «Паколькі адмяняецца Патрыяршая грамата 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву, то адмена датычыцца і Беларусі». Вы згодныя з такім меркаваньнем? Калі так, то ці азначае гэта, што з пункту гледжаньня Сусьветнага патрыярхату Беларуская Праваслаўная Царква (БПЦ) ужо цяпер належыць Сусьветнаму патрыярхату, а не Маскоўскаму?
У Беларусі былі ў той час уніяцкія эпархіі і яны не перайшлі пад уладу Масквы
— Гэта памылка. У Беларусі былі ў той час уніяцкія эпархіі і яны не перайшлі пад уладу Масквы.
— Герархі Беларускай Праваслаўнай Царквы не выказваюць жаданьня атрымаць аўтакефалію. Але калі казаць тэарэтычна, калі б такое жаданьне ўзьнікла, то якой павінна была б быць працэдура яе атрыманьня, хоць ад Сусьветнага, хоць ад Маскоўскага патрыярхату?
Калі Сабор Беларускай царквы ўзьніме такое пытаньне і выкажацца за аўтакефалію, то ён павінен зьвярнуцца да Сабору РПЦ і прасіць яго вырашыць гэтае пытаньне
— Пытаньне аб аўтакефаліі павінна абмяркоўвацца адкрыта — на канфэрэнцыях, на Саборах. І прыхільнікі аўтакефаліі не павінны падвяргацца «прэшчэніям» (царкоўным пакараньням). Гэтае пытаньне зьвязанае з пытаньнем аб богаслужбавай мове, аб фармаваньні свайго, мясцовага духавенства і біскупаў, а ня тых, якіх дасылаюць з Масквы. І калі Сабор Беларускай царквы ўзьніме такое пытаньне і выкажацца за аўтакефалію, то ён павінен зьвярнуцца да Сабору РПЦ і прасіць яго вырашыць гэтае пытаньне.
Сабор РПЦ 1917-1918 гадоў абмяркоўваў пытаньне аб украінскай і грузінскай аўтакефаліі. Зразумела, знайшлося шмат праціўнікаў. Але гэта ня значыць, што гэтая тэма ня можа быць прадметам саборнага абмеркаваньня.