Да 100-годзьдзя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая была абвешчаная 1 студзеня 1919 году ў Смаленску ў супрацьвагу БНР, улады распачалі юбілейную кампанію.
Першай імпрэзай дзеля ўшанаваньня савецкай спадчыны Беларусі стаў круглы стол «Стварэньне БССР і яго роля ў фармаваньні сучаснага ладу беларускай дзяржавы» з удзелам кіраўнікоў дзяржаўных СМІ і праўладных палітолягаў.
«Без БССР не было б і Рэспублікі Беларусь»
Гэтая тэза праходзіла праз усе выступы. Першым яе агучыў кандыдат гістарычных навук з Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Трацьцяк. Пра тое ж казалі запрошаныя экспэрты: Аляксей Бяляеў, Вадзім Гігін, Аляксандар Шпакоўскі, Аляксей Дзермант. На іх думку, менавіта БССР стала «падмуркам сучаснай Рэспублікі Беларусь». А народ пайшоў за бальшавікамі таму, што тыя пачалі будаваць сацыяльную дзяржаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму «першая БССР» была фэйкамВыступоўцы прызналі, што ў Беларусі аб’ектыўна застаецца ўсё менш людзей, якія памятаюць савецкія часы зь іх нібыта бясплатнымі кватэрамі, бясплатнай адукацыяй, бясплатнай аховай здароўя і г.д. Аналітыкі прызнавалі: моладзь ад гэтага зусім адарваная. Сяргей Трацьцяк, у прыватнасьці, канстатаваў: «Вялікая праблема, як дагрукацца да моладзі, якая не жыла ў СССР».
Аляксандар Шпілеўскі заклікаў актыўна працаваць у інтэрнэце. Паводле ягоных дадзеных, толькі 3% жыхароў Беларусі ва ўзросьце 16–24 гадоў ня маюць свайго профілю ў сацыяльных сетках, і гэта трэба абавязкова ўлічваць.
«БНР не стварыла ўласных структураў»
Згадалі праўладныя экспэрты і Беларускую Народную Рэспубліку (БНР), сто гадоў абвяшчэньня якой адзначалася сёлета.
Былі агучаныя дзьве прычыны, чаму, зь іх гледзішча, БНР ня стала жыцьцяздольнай. Па-першае, як казаў Аляксей Бяляеў, ідэя беларускага сувэрэнітэту ў насельніцтва была ў ліку апошніх прыярытэтаў. А ўсходнія вобласьці — Віцебская і Магілёўская — наагул выступалі толькі за ўваход у склад Расеі. Па-другое, працягнуў думку Вадзім Гігін, БНР не стварыла ніякіх уласных структураў, таму была асуджаная на гібель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ленінскі суботнік: не забыць дзяркач!»Паляваньне на моладзь і айцішнікаў
Палітоляг Аляксей Дзермант зьвярнуў увагу на тое, што ні ўлады, ні апазыцыя не працуюць з айцішнікамі.
«Яны пакуль палітычна нэўтральныя. Але іх робіцца ўсё болей. І той, хто прыцягне іх на свой бок, атрымае адразу дзьве найважнейшыя рэчы — вялікія грошы і разумныя мазгі», — канстатаваў ён.
Круглы стол «Стварэньне БССР і ягоная роля ў фармаваньні сучаснага вобразу беларускай дзяржавы» прайшоў у менскім Доме прэсы. Экспэртаў зь іншымі думкамі не запрасілі, таму дыскусіі не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бальшавіцкая рэвалюцыя і беларуская дзяржаўнасьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Богдан супраць Карбалевіча: што прынесла Беларусі Кастрычніцкая рэвалюцыя?