Украінцы кажуць, зь імі разьлічыліся за 60% акцыяў заводу, і цяпер яны «вольныя птушкі».
ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» афіцыйна перайшло пад кантроль беларускай дзяржавы, а ўкраінская «Мотор Січ» выйшла са складу акцыянэраў, піша БелаПАН. Гэта выданьню пацьвердзілі ў Дзяржаўным камітэце маёмасьці.
Прэзыдэнт «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў заявіў журналістам, што зь ім разьлічыліся тыдзень таму. Цяпер, кажа ён пра сябе, «мы вольныя птушкі». Украінская кампанія валодала 60% акцыяў беларускага заводу, яшчэ 40% мела кампанія беларускага бізнэсоўца Аляксандра Садоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь праігнаравала выставу вайсковай тэхнікі ў КіевеГенэральная пракуратура Беларусі ў красавіку распачала праверку прадпрыемства празь нібыта невыкананьне інвэстыцыйнай дамовы і крымінальную справу ў дачыненьні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна). Інвэстары меліся ўкласьці ў мадэрнізацыю заводу 12 млн даляраў, але не рэалізавалі гэтыя пляны з прычыны расейска-ўкраінскага канфлікту: расейцы адмовіліся пастаўляць патрэбныя запчасткі на завод, а колькасьць замоваў зьнізілася.
«Мотор Січ» сьцьвярджае, што ўклала ў завод 20 млн даляраў і «падняла з руінаў» кампанію.
У ліпені Аляксандар Лукашэнка пабываў на заводзе, расказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і фактычна заявіў аб нацыяналізацыі прадпрыемства: маўляў, «якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі, гэта нашая задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».