Беларускі праваслаўны тэоляг і блогер Натальля Васілевіч камэнтуе Свабодзе паседжаньне сыноду РПЦ у Менску, праблемы ўкраінскай ды беларускай царкоўнай аўтакефаліі.
— Ці можна казаць, што ва ўсясьветным праваслаўі адбыўся раскол?
— Пакуль мы ня можам казаць пра раскол, але, магчыма, сёньня мы станем сьведкамі яго. Трэба пачакаць вынікаў паседжаньня Сыноду.
Расколы могуць адбывацца на розных падставах: дагматычных, на падставе веравучэньня, нейкай літургічнай практыкі... Альбо палітычныя расколы.
У гэтым выпадку, калі раскол адбудзецца, ён будзе мець палітычны характар і ня будзе абгрунтаваны па-багаслоўску. Так што пакуль гэта не раскол, пакуль гэта пахаладаньне ў стасунках. Прынамсі на гэты момант, да вечара сытуацыя можа зьмяніцца. Магчыма, мэнтальны раскол, ён ёсьць. Гэта хутчэй мэтафара, а не ў кананічным сэнсе раскол.
У некаторым сэнсе пра раскол мы можам гаварыць з 2016 году, калі 4 памесныя царквы — Расейская, Антыяхійская, Грузінская, Баўгарская — не прыехалі на Сьвяты вялікі сабор на Крыце. У гэты момант Цэрквы засьведчылі гатоўнасьць да расколу, скажам так.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску сабраўся Сынод РПЦ, каб адказаць на рух Украіны да аўтакефаліі— Што тычыцца апошніх падзей ва Ўкраіне, ці можаце вы ацаніць, ці правільна, паводле кананічных правілаў там усё адбываецца?
— У кананічных пытаньнях ніхто не разьбіраецца дакладна. Корпус канонаў у Праваслаўнай царкве вельмі вялікі, і цяпер гаворка ідзе не пра самі правілы, а пра імплемэнтацыю канонаў. І гэта больш зьвязана з тым суб’ектам, які бярэ на сябе адказнасьць і можа гэтае рашэньне неяк рэалізаваць. Цяпер Канстанцінопальскі патрыярхат і асабіста Варфаламей як бы ўзялі на сябе гэту функцыю і спрабуюць праз тыя каноны, якія, у прынцыпе, даюць ім гэтае права, рашэньне рэалізаваць і неяк арганізаваць жыцьцё Праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.
Але любая норма — гэта пэўнае правіла, а калі правіла было прынята ў абсалютна іншых гістарычных рэаліях... Наконт таго, наколькі сёньня абгрунтаваныя паўнамоцтвы Канстанцінопальскага патрыярхату даваць аўтакефалію, няма еднасьці ў праваслаўным сьвеце. Тым больш што гэтая аўтакефалія яшчэ не нададзеная. Хоць ёсьць заявы, што рашэньне прынятае ў прынцыповым аспэкце, што Ўкраіна рухаецца да аўтакефаліі. Але ўсе канкрэтныя формы: хто будзе ўдзельнічаць, якім чынам гэты працэс будзе адбывацца, пакуль невядома. А гэта можа паўплываць вельмі істотна на канчатковы вынік — тое, што мы будзем мець ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У РПЦ паабяцалі разарваць адзінства з Канстантынопальскім патрыярхатам— Ці патрэбная Беларусі аўтакефалія? І ці магчыма ў нас такое разьвіцьцё падзей, як ва Ўкраіне?
— Вельмі часта аўтакефалія ўспрымаецца як атрыбут дзяржавы, народу. На мой погляд, аўтакефалія — гэта нармальны стан, нармальны спосаб кіраваньня мясцовай Царквой. Пытаньне ў тым, наколькі Царква ў сваёй сьвядомасьці, сваёй структуры сасьпела для таго, каб самастойна прымаць рашэньні. Але гэта цяжка вызначыць, бо няма ніякіх адназначных крытэраў. Таму гэтае пытаньне вельмі балючае для праваслаўя. Сёньня гэтае пытаньне больш палітычнае, чым царкоўнае.
У ХІХ—ХХ стагодзьдзях гэта было пытаньне нацыянальных рухаў. Цэрквам у Чэхіі і Славакіі Маскоўскі патрыярхат даў аўтакефалію яшчэ 60 гадоў таму, а Канстантынопаль пацьвердзіў толькі ў 1990-х гадах. Ясна, што Царква ў Чэхіі і Славакіі не зьяўляецца Царквой большасьці насельніцтва, там няма такой разгалінаванай структуры, як у Беларусі. Тым ня менш яны гэту аўтакефалію маюць.
Што да Беларусі, я ня ўпэўненая, што цяперашні Сынод, царкоўная супольнасьць, царкоўная грамадзкасьць, сьвятарскі корпус могуць прымаць адэкватныя рашэньні. І, магчыма, на сёньняшні момант аўтакефалія значыла б яшчэ большую залежнасьць Беларускай праваслаўнай царквы ад палітычнай улады, ад рэжыму Лукашэнкі. Таму я бачу і нэгатыўныя, і пазытыўныя моманты ў аўтакефаліі. Пытаньне аўтакефаліі для Беларускай праваслаўнай царквы неадназначнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім праваслаўным вернікам патрэбны свой томас, — прыхільнік аўтакефаліі Леанід Акаловіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскаму сьвятару забаранілі служыць, бо крытыкаваў паводзіны патрыярха Кірыла ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскі патрыярх назваў Беларусь «нашай зямлёй» і казаў пра «брамы пекла», узгадваючы Ўкраіну